У Мазырскім дзяржаўным медыцынскім каледжы адбыўся фестываль, тэмай-дэвізам якога сталі словы «Любі, даследуй, вывучай сваю зямлю, свой родны край».
Усе мы марым, каб у каледжы навучэнцам было цікава вучыцца, педагогам хацелася творча і з натхненнем выкладаць, а адміністрацыі – мудра кіраваць адукацыйным працэсам. Да дасягнення мары вядуць розныя шляхі. Іх мноства, але галоўнае – знайсці агульную справу. Такой справай для калектыву нашага каледжа стала правядзенне фальклорнага фестывалю «Ад вытокаў да сучаснасці».
Трэба сказаць, што гэта мерапрыемства стала лагічным працягам справы, пачатай у мінулым навучальным годзе. Навучэнцамі разам з выкладчыкам факультатыўнага курса «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» Верай Іванаўнай Марцынкевіч была падрыхтавана літаратурна-музычная гасцёўня «Роднага слова гукі чароўныя». У бягучым навучальным годзе быў абраны іншы фармат – фестываль.
Навучэнцы 17 вучэбных груп аб’ядналіся ў 8 каманд-удзельніц. Яны пад кіраўніцтвам куратараў зрабілі падарожжа па народных святах і абрадах, якія адзначаюць беларусы на працягу каляндарнага года. Юнакі і дзяўчаты паспрабавалі аднавіць абрады, выканаць тыя магічныя дзеянні, якія на працягу многіх стагоддзяў выконвалі нашы продкі, прадставілі сваё бачанне пэўных свят. Са сцэны гучала беларуская мова, выконваліся народныя песні і танцы, радавалі вока яркія нацыянальныя касцюмы. А галоўнае – гарэлі ў захапленні вочы саміх удзельнікаў.
На фестываль былі запрошаны паважаныя госці: дацэнты кафедры беларускай і рускай філалогіі, вы-кладчыкі ўстановы адукацыі «Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Пятровіча Шамякіна» Тамара Сяргееўна Нуждзіна і Алена Уладзіміраўна Сузько, а таксама загадчык аддзела рамёстваў дзяржаўнай установы культуры «Мазырскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Наталля Адамаўна Харашкевіч.
Яны адзначылі, што, нягледзячы на спецыфіку ўстановы адукацыі, навучэнцы медыцынскага каледжа добра валодаюць беларускай мовай, творчая моладзь дэманструе даволі высокі ўзровень тэатральнага выканання і сцэнічнай культуры.
З дапамогай незалежных экспертаў былі вызначаны пераможцы ў адпаведных намінацыях. У намінацыі «Лепшая тэатральная пастаноўка» ўзнагароду атрымала каманда «Каляды», якую прадстаўлялі навучэнцы-першакурснікі вучэбных груп М-11, М-12, М-13 пад кіраўніцтвам куратараў Вітоўскай Галіны Мікалаеўны, Голуб Галіны Уладзіміраўны, Мельнік Тамары Міхайлаўны.
У намінацыі «Лепшае вакальна-харэаграфічнае суправаджэнне» была адзначана каманда «Грамніцы» (вучэбныя групы М-31, М-32) пад кіраўніцтвам куратараў Ларысы Антонаўны Шуканавай і Юліі Уладзіміраўны Дзяцел-Каперзавай.
Прадстаўнікі каманды «Купалле» былі прызнаны лепшымі ў намінацыі «Лепшае сцэнічнае афармленне», імі сталі навучэнцы груп МДд-21, МДд-31 пад кіраўніцтвам куратараў Наталлі Ігараўны Бойка, Алены Аляксееўны Бараўнёвай.
У індывідуальных намінацыях на «Лепшае выкананне жаночай і мужчынскай роляў» перамогу атрымалі адпаведна Наталля Рэпінава (роля Казы) і Артур Ганчарык (роля Свата), прадстаўнікі каманд «Каляды» і «Вяселле».
Нікога не абышлі ўвагаю арганізатары фестывалю: дыпламанты атрымалі салодкія прызы, а астатнія ўдзельнікі – запрашальныя білеты на канцэрт.
Хочацца шчыра падзякаваць нашых навучэнцаў за сапраўднае свята душы, якое яны падаравалі ўсім прысутным. Без сумненняў, такія яскравыя мерапрыемствы на справе далучаюць моладзь да родных беларускіх вытокаў, не дазваляюць забываць, што «мы – беларусы, мы – народ такі».
Існуе мудрае выказванне: «Не саромейцеся недасканалай гаворкі. Мова – жывая тканка, якая прарастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Магчыма, учора вы яшчэ не размаўлялі па-беларуску, сёння размаўляеце на так званай трасянцы, але заўтра вы загаворыце на чыстай беларускай мове, і людзі будуць вучыцца ад вас».
Вера Марцынкевіч, метадыст каледжа.