Ірына Мандрык, мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву «Жывіца»: з песняй у душы, з песняй па жыццi

331

Калі пад таткаву музыку і матуліны песні засынала дачушка, любоў да роднага краю і народнай творчасці пасялілася ў яе душы з маленства. Сёння наш госць – мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь «Жывіца» Ірына МАНДРЫК.

– Нарадзілася я ў сям’і музыкі, – расказвае Ірына. – Тата – баяніст, без якога не абыходзілася ні адно свята ці вяселле, маці – прадавец у мясцовай краме, але з добрым голасам, які, мусіць, перадаўся ёй на генетычным узроўні ад бабулі. Усё жыццё побач з імі была песня, якая настрой уздымала і працаваць дапамагала…

Ці ж магла дзяўчынка зацікавіцца нечым іншым? Назіраючы, як па-майстэрску валодае інструментам бацька, Ірына марыла аб тым, каб некалі і ў яе таксама нарадзілася дзівосная музыка. Сёння ўспамінае, што першы раз узяла ў рукі электрабаян у 6-гадовым узросце і не магла ад яго адарвацца. У хуткім часе ўжо іграла дзвюма рукамі маленькую полечку. Такой радасці не было канца. З вялікім задавальненнем дзяўчынка паступіла ў музычную школу, дзе на працягу 5 гадоў вучылася музычнаму майстэрству. Нездарма ж кажуць, калі сваю сцежку знаходзіш, то ісці па ёй будзеш без перашкод. Менавіта так атрымалася і ў Ірыны. Бо наступным прыступкам для яе стала вучоба ў музычным каледжы. Тут яна не толькі яшчэ больш прыкіпела душой і сэрцам да музыкі і песні, але і сустрэла сваё вялікае і адзінае на ўсё жыццё каханне. Віктар Мандрык стаў для яе надзейным сябрам, любячым мужам і цудоўным бацькам для дзяцей. Спачатку Гасподзь паслаў ім дачушку, а праз 5 гадоў – сыночка. Такім чынам ужо для сваіх дзяцей спявала Ірына калыханкі адначасова з рэпетыцыямі для новых канцэртаў. Сям’я, дзеці, клопаты, але ж гэтыя цяжкасці былі не для іх з Віктарам. Муж заўсёды падстаўляў жонцы сваё моцнае мужчынскае плячо, каб яна адчувала сябе «за мужам». Не быў супраць і яе далейшай адукацыі: Ірына не заўважыла, як скончыла аддзяленне «народныя спевы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. А пасля разам з мужам вырашылі стварыць свой творчы калектыў.

– На той час, – расказвае Ірына, – муж з’яўляўся акампаніятарам у народным ансамблі «Стрэчанне», а я была салісткай у гэтым калектыве аж на працягу 10 гадоў. А ў сэрцы паволі нараджалася мара аб стварэнні свайго калектыву. Доўга думалі над назвай, якая б адлюстроўвала не проста творчасць, а душу, перажыванні, імкненні, задумкі… Назва павінна была ўвасабляць і радасць, і жвавасць, і чысціню народнай песні. Так нарадзілася » Жыві-ца». Па-першае, малася на ўвазе смала хвойных дрэў, а па-другое – вадзіца, якая ажыўляе, ачышчае, дае сілы і жыццё. Менавіта ж для мяне гэта песня, якая аб’ядноўвае артыстаў, у якіх у душы, як і ў мяне, жывуць народныя матывы, традыцыі…

– Адкуль жа пачынаецца той жыватворны выток?

– Сваю творчую дзейнасць ансамбль «Жывіца» пачаў з 2001 года. У яго складзе сёння 8 чалавек. Маладыя, энергічныя і таленавітыя людзі з моцным вакалам аддаюць народнай песні ўвесь вольны час. Кожны нумар дапаўняецца ідэйнай харэаграфічнай пастаноўкай Алены Сокаравай. Песні гучаць у стылізаванай апрацоўцы, з сучаснымі напевамі. Калектыў імкнецца ісці ў нагу з часам. У рэпертуары «Жывіцы», акрамя беларускіх народных песень, займаюць належнае месца і песні славянскіх народаў. Гучаць таксама і аўтарскія песні, музыку да якіх піша Віктар Мандрык. За 16 гадоў на ліку ансамбля безліч вы-ступленняў. Безумоўна, такое бязмежжа радасці і пазітыву ад выступлення артыстаў атрымалі і слухачы. Прычым не толькі ў Беларусі. На ліку «Жывіцы» шмат творчых перамог і на розных конкурсах і фестывалях. Самыя значныя ў гэтым ліку – лаўрэат I ступені Усебеларускага фестывалю «Беларусь – мая песня» (2005 год), дыпламант і лаўрэат IV Міжнароднага фестывалю «Песня без межаў» (г. Данецк, Украіна, 2006 і 2008 гады). Самае яркае ўражанне засталося ад удзелу ў міжнародным конкурсе-фэсце маладзёжнай творчасці «Праабражэнне»(г. Санкт-Пецярбург, 2009 г.), дзе былі сабраны ўсе вышэйшыя ўзнагароды. Вынікам бліскучага выступлення стала ўзнагарода – лаўрэат I ступені з пры-сваеннем звання дыпламанта міжнароднага конкурсу «Сусветная мастацкая культура і мастацтва» (ЮНЭСКА). Самыя запамінальныя і дарагія сэрцу – гэта неаднаразовыя запрашэнні на фэст беларускай культуры таварыствам «Спадчына», латвійскага горада Вентспілса. У г. Рызе «Жывіца» шпацыравала па вуліцы Скарно (тут знахо-дзіцца царква святога Пятра), гэта самае выдатнае месца, дзе беларусы выступілі «акапэла» перад турыстамі ўсяго свету (дэлегацыямі з Турцыі, Японіі, Кітая). Традыцыйнае мерапрыемства, папулярнае ў Латвіі, гэта фестываль —                       аналаг беларускага Купалля, таксама стала адметным для «Жывіцы», якая прадаманстравала не толькі свой творчы патэнцыял, але і менталітэт беларусаў: артысты спусціліся ў залу да гледачоў з караваем і беларускімі сувенірамі. Зал сустракаў «Жывіцу» шквалам апладысментаў, а мэр горада Вентспілса нават таньчыў з мазыранамі беларускую польку. Ён атрымаў тады асабісты падарунак – саламяны капялюш. Вялікай марай для калектыву было паказаць сваю творчую праграму ў далёкім замежжы. І гэтая мара здзейснілася. У адпаведнасці з канцэпцыяй ўдзелу Рэспублікі Беларусь у сусветнай выставе ЭКСПА-2015 у                         г. Мілане (Італія) былі запланаваны выступленні творчых калектываў 6 абласцей на канцэртнай пляцоўцы беларускага павільёна. Жывіцу зацвердзілі ў якасці ўдзель-ніка ад Гомельскай вобласці. У праграме Міністэрства культуры прад’яўляліся досыць сур’ёзныя патрабаванні, у яе рамках з дапамогай народнай песні калектыў павінен быў паказаць нацыянальныя абрады. У выніку праведзенай работы наведвальнікі з усяго свету атрымалі магчымасць убачыць два беларускія абрады – «Дажынкі» і «Вяселле». У дадатак да народных песень «Жывіца» прапанавала гледачам «Крупiцкую польку», якая дазволіла ўсім жадаючым павесяліцца на славу. За месяц пры 36 градусах спякоты калектыў даў 81 канцэрт у вельмі складаных касцюмах. Вялікай удзячнасці заслугоўваюць як усе былыя артысты за іх працу і асабісты ўклад у развіццё калектыву, за цярпенне і высокае сцэнічнае майстэрства, так і сучасныя, якія працягваюць традыцыі сёння. Па-сапраўднаму зразумець і адчуць, што значыць для чалавека слова «Радзіма», можна толькі далёка за яе межамі. «Жывіца» змагла на сусветным форуме ў Італіі данесці да замежнага гледача каларыт нацыянальнай культуры Беларусі.

– Якімі думкамі зараз жыве калектыў?

– Хачу сказаць адно: мы служым вялікай справе – мастацтву. І няхай артыст не атрымлівае ніякіх асабістых выгодаў, але ж калі ты бачыш на сцэне вынік сваёй працы, то сэрца напаўняецца гонарам за справу, за людзей, за краіну, за малую радзіму…

– А як жа ўжываюцца пад адным дахам дзве творчыя асобы?

– Скажу проста і шчыра: добра. Нядаўна мы адзначылі 30-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Гэта дома, як кажуць людзі, «муж – галава, а жонка – шыя». А на працы, вядома, роля лідэрства належыць мне. Але ж ва ўсіх справах я адчуваю надзейную падтрымку мужа. Толькі так і не інакш.

– А ў калектыва ёсць нейкі дэвіз?

– «Няхай бруіцца нашай песні крыніца!» Цешыць і жывіць нашых слухачоў песнямі роднага краю, песнямі продкаў.

Наталля ГАНЧАРОВА,

фотаздымак з архіву

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: