У гэтым годзе спаўняецца 100 гадоў падзеям, што адбыліся ў Расійскай дзяржаве ў 1917 г.
У выніку Лютаўскай рэвалюцыі перастала існаваць самадзяржаўе. 2 сакавіка ад трону адмовіўся апошні з дынастыі Раманавых – Мікалай ІІ. А Кастрычніцкая рэвалюцыя завяршылася перамогай бальшавікоў і ўсталяваннем савецкай улады. Першыя дэкрэты новай улады – «Аб міры», «Аб зямлі» – грамадства доўга чакала, і дзякуючы ім большасць насельніцтва Расійскай дзяржавы прызнала савецкую ўладу.
Героi грамадзянскай вайны
Але падзеі кастрычніка 1917 г. на доўгі час падзялілі грамадства былой Расійскай імперыі на два супрацьлеглых лагеры – «белых» і «чырвоных», што па-рознаму бачылі будучыню краіны, паміж якімі ішла безлітасная барацьба. У яе ўмяшаліся і замежныя дзяржавы, і перш за ўсё – краіны Антанты, што былі незадаволены выхадам Расіі з Першай сусветнай вайны. Дзеля барацьбы з савецкімі рэспублікамі апошнія выкарысталі і Польшчу, якая напрыканцы 1918 г. аднавіла сваю дзяржаўнасць.
Польшча пачала інтэрвенцыю ў канцы лютага 1919 г. Пад націскам пераважаючых сіл савецкія войскі вымушаны былі адступіць. На захопленай тэрыторыі польскія інтэрвенты ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым, аднавілі ўладу памешчыкаў і капіталістаў. На акупіраванай тэрыторыі разгортвалася ўзброеная барацьба супраць захопнікаў. Партызаны разбуралі камунікацыі, рабілі налёты на польскія гарнізоны, праводзілі разведку па заданню камандавання Чырвонай Арміі.
Гэтыя падзеі закранулі і Мазыр, які на працягу некалькіх месяцаў быў прыфрантавым горадам. Савецкае кіраўніцтва надавала яму значную ролю па разгортванню партызанскага і падпольнага руху на тых беларускіх землях, што ўжо былі захоплены палякамі. Уявіць падзеі 1919 г. на Мазыршчыне дапамагаюць успаміны бальшавіка Андрэева, што захоўваюцца ў занальным дзяржаўным архіве г. Мазыра. Ён пісаў, што заходняя частка Мазырскага павета была захоплена войскамі Пілсудскага, а потым на працяглы час на фронце ўсталявалася «зацішша», якое парушалася «только частыми набегами передовых белопольских частей и разведывательной деятельностью… Однако в бой белополяки не вступали и не пытались захватить сам Мозырь».
У ліпені 1919 г. Цэнтральным камітэтам камуністычнай партыі Літвы і Беларусі ў Мазыры была створана падпольная арганізацыя. У горад «было завезено и спрятано в надежное место полное оборудование подпольной типографии с большим количеством шрифта; на нелегальный склад организации были завезены десятки пудов коммунистической литературы (воззвания, листовки, плакаты, брошюры) на русском, белорусском, польском, литовском и еврейском языках».
Эдуар Кавальскі, адзін з кіраўнікоў абароны горада, паведамляў у Маскву: «Много помогаем партизанам. Через прифронтовых крестьян пересылаем в тыл поляков литературу… Агитаторы из крестьян действуют более удачно, чем присылающиеся из частей комиссары. Они умело используют крестьянских мальчишек и с их помощью расклеивают листовки на польском языке за линией фронта…»
У жніўні 1919 г. Цэнтральным камітэтам Літбел у Мазыры быў сфарміраваны камітэт падпольнай арганізацыі, старшынёй якога быў Іосіф Казі-міравіч Апанскі (1897-1927), які пад псеўданімам Міхайлаў уладкаваўся працаваць настаўнікам рускай мовы і арыфметыкі ў сярэднюю школу горада (былую гімназію).
Прайшло некалькі месяцаў, «зацішша» зацягнулася. І тады па рашэнню ЦК КП Літбел Іосіф Казіміравіч быў легалізаваны. З настаўніка Міхайлава ён стаў ужо як Апанскі старшынёй Мазырскага павятовага рэўкама. Аднак яшчэ да прыходу польскіх войскаў Іосіф Казіміравіч і быў адазваны з Мазыра на іншую работу. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ён працаваў на кіруючых пасадах у Петраградзе, Маскве, Беларусі, у тым ліку быў намеснікам паўнамоцнага прадстаўніка Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення па Беларускай ваеннай акрузе і адначасова з’яўляўся начальнікам Беларускага аддзялення Галоўнага таможнага ўпраўлення СССР.
У 1958 г. адной з мазырскіх вуліц было прысвоена імя І.К. Апанскага. Вуліца знаходзіцца ў мікрараёне Пралетарскі і мае складаную канфігурацыю, што ўзгадвае сабой лацінскую літару S.
Мазыр быў захоплены польскімі войскамі напачатку сакавіка 1920 г. З падзеямі, што адбываліся тады ў горадзе, звязана назва і вуліцы Данілеўскага, якая месціцца на ўскраіне «старога города», паміж вуліцамі Фрунзэ і 17 Верасня.
Вуліца атрымала сваё імя ва ўшанаванне памяці ўдзельніка грамадзянскай вайны Мікалая Сцяпанавіча Данілеўскага (1892-1920), які ў пачатку сакавіка 1920 г. быў камісарам 139-й брыгады 47-й стралковай дывізіі, што вяла жорсткія баі супраць буржуазнай Польшчы на Мазыршчыне. Сілы былі няроўнымі, польскія войскі прарвалі абарону горада і захапілі яго.

М.С.Данілеўскі з невялікай групай чырвонаармейцаў за-стаўся ў будынку, дзе месціўся штаб дзеля таго, каб знішчыць дакументы. На працягу 10 гадзін яны трымалі абарону, знішчылі больш за 40 салдат праціўніка. Чырвонаармейцам абяцалі захаваць жыццё, калі яны здадуцца, але Данілеўскі з паплечнікамі на гэта не згадзіліся. Вечарам , калі аніводнага з абаронцаў не засталося ў жывых, акупанты ўварваліся ў штаб.
Польскі генерал, аддаючы дань павагі да іх мужнасці, загадаў пахаваць іх з воінскімі ўшанаваннямі. Напачатку яны былі пахаваны ў раёне вул. Данілеўскага, у больш позні час – у раёне стадыёна «Спартак». У 1957 г. на будынку дома па вул. Ленінскай, дзе знаходзіўся штаб брыгады, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якая да нашых дзён, на жаль, не захавалася.
Ёсць месца подзвiгу
Напачатку 1920-х гадоў на Мазыршчыне пачалася і рэвалюцыйная дзейнасць Веры Захараўны Харужай (1903-1942).
Яна нарадзілася ў Бабруйску, але, калі дзяўчынцы было 6 гадоў, яна разам з бацькамі пераехала ў Мазыр, дзе прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады. Сям’я Харужых жыла ў доме недалёка ад ракі, і аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка па вул. Савецкай, 180: «Здесь стоял дом, в котором с 1909 по 1921 гг. жила Герой Советского Союза Вера Захаровна Хоружая». Яна вучылася ў Мазырскай жаночай гімназіі, якую скончыла ў 1919 г. ужо як адзіную працоўную школу другой ступені, пасля чаго пачала настаўнічаць на Палессі.
У 1920 г. удзельнічала ў барацьбе супраць антысавецкіх фарміраванняў Булак-Булаховіча. Вера Харужая была цудоўным прапагандыстам і агітатарам. Сведкі тагачасных падзей узгадвалі, што, калі гэтая дзяўчына ў чырвонай хустачцы выступала перад людзьмі, яна заўсёды магла пераканаць прысутных у пра-вільнасці сваіх ідэй. Працавала ў Мазырскім і Бабруйскім павятовых камітэтах камсамола, маладзёжных газетах.
В.З.Харужая ў 1924 г. была накіравана на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь, якая пасля Рыжскага дагавору была ўключана ў склад Польскай дзяржавы. Тут Вера Харужая арганізоўвала кансператыўныя нарады і сходы па згуртаванні моладзі вакол КСМЗБ, выступала на мітынгах, пісала адозвы, артыкулы для падпольнага друку. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць неаднаразова арыштоў-валася польскімі ўладамі. У 1932 г. у ліку 40 абмененых палітвязняў прыехала ў Мінск.
У 1935 г. Харужая была арыштавана АДПУ БССР і выслана на «Балхашбуд» (Сярэдняя Азія). Калі восенню 1939 г. адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, тады Вера Захараўна як чалавек, які ведаў спецыфіку гэтага беларускага краю, была накіравана ўладнымі структурамі на работу спачатку ў Целяханы, потым у Пінск.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны разам з Васілём Захаравічам Каржом удзель-нічала ў стварэнні аднаго з першых партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі. У жніўні 1941 г. па загаду В.Каржа як звязная была паслана за лінію фронта. Вяртацца ў атрад В.Харужай было забаронена, таму што яна чакала дзіця.
5 кастрычніка В.Харужая нарадзіла сына, а ужо ў снежні 1941 г. звяртаецца ў ЦК КП(б)Б з просьбай аб накіраванні яе на падпольную работу на захопленную ворагам тэрыторыю. Яна пісала, што «в такие грозные дни, когда фашист-ские изверги терзают и топчут мою родную Белоруссию… Я должна вернуться. Я буду полезной. У меня большой опыт работы. Я знаю белорусский, польский, еврейский и немецкий языки. Я готова выполнять любую работу на фронте или в тылу… Сынок мой подрос немножко, и скоро я смогу его оставить с сестрой и бабушкой».
У верасні 1942 г. Вера Захараўна на чале групы была накіравана ў Віцебск для арганізацыі і ўмацавання патрыятычнага падполля. Збірала і перадавала камандаванню Чырвонай Арміі і партызанам каштоўныя звесткі пра ворага. 13 лістапада 1942 г. была арыштавана фашыстамі і пасля жорсткіх катаванняў расстраляна. У 1960 г. ёй было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Ва ўшанаванне памяці В.З. Харужай у 1962 г. ў Мазыры пастаўлены помнік, аўтарам якого з’яўляецца выдатны беларускі скульптар Заір Азгур. Помнік спачатку быў усталяваны ў гарадскім парку, потым месціўся ў раёне сённяшняга кінатэатра «Мір», а цяпер знаходзіцца ў мікрараёне Зарэчны, дзе знаходзіцца і сама вуліца, якая носіць імя гэтай мужнай жанчыны.

Вуліца Прытыцкага з’яўляецца адной з галоўных магістралей Мазыра, яна цягнецца ад вуліцы Міра амаль да чыгуначнай станцыі Козенкі. На ёй знаходзіцца шмат гандлёвых прадпрыемстваў, некалькі аптэк і аддзяленняў банкаў… Вуліца носіць імя Сяргея Восіпавіча Прытыцкага (1913-1971), савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.
Пад уплывам старэйшага брата Аляксандра, які знаёміў яго з камуністычнай літаратурай, даваў яму розныя даручэнні, Сяргей яшчэ ў маладосці далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці, за што польскімі ўладамі быў арыштаваны першы раз ужо ў 20-гадовым узросце. Калі выйшаў на волю, то працягваў займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю. У сту-дзені 1936 г. у Віленскім акружным судзе адбываўся працэс над 17 рэвалюцыянерамі, дзе асноўным сведкам абвінавачвання выступаў правакатар Стральчук, што быў завербаваны дзефензівай. Ад яго паказанняў залежыў лёс падсудных, і тады было прынята рашэнне ліквідаваць здрадніка.
Выканаць прысуд узяўся С.Прытыцкі, які страляў у правакатара ў зале суда. Пры гэтым сам быў паранены, у яго трапіла 4 кулі. Па ўказанні пракуратуры яму была зроблена складаная аперацыя. Як пісаў Сяргей Восіпавіч у сваіх успамінах, «рабілася гэтая аперацыя не таму, што польскія ўлады мяне шкадавалі і хацелі захаваць мне жыццё. Мэта ў іх была зусім іншая. Яны спадзяваліся праз мяне знайсці шлях да партыі. Ім таксама вельмі важна было вылечыць мяне з тым, каб затым павесіць на ўстрашэнне другім…»
30 чэрвеня 1936 г. Віленскі акруговы суд прысудзіў Сяргея Прытыцкага за прыналежнасць да КПЗБ да 15 гадоў турэмнага заняволення, а за замах на правакатара Стральчука – да павешання. Але ў абарону жыцця Прытыцкага падняўся магутны пратэст грамадскасці ў Польшчы. Да гэтага змагання далучыліся працоўныя Савецкага Саюза, Францыі, Чэхаславакіі, ЗША і іншых краін. У выніку гэтага ў лютым 1937 г. смяротны прысуд быў заменены пажыццёвым турэмным зняволеннем. Пра гэтыя падзеі распавядае мастацкі фільм «Чырвонае лісце» (Беларусьфільм, 1958).
С.В.Прытыцкі ў Вялікую Айчынную вайну быў адным з арганізатараў патрыятычнага падполля і партызанскага руху на Беларусі. Са жніўня 1941 г. на фронце удзельнічаў у стварэнні абарончых збудаванняў вакол Магілёва і фарміраванні народнага апалчэння ў Гомелі, у 1942-1944 гг. быў другім сакратаром ЦК ЛКСМБ. У пасляваенны час займаў адказныя дзяржаўныя пасады, з 1968 г. з’яўляўся старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Вулiца падпольшчыкау
Вуліца, якая носіць імя Калініна (ранейшая назва Калінік), з’яўляецца адной са старэйшых па ўзросту. Яна атрымала сваё сучаснае імя ў гонар Калі-ніна Міхаіла Іванавіча (1875-1946) – дзеяча камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы.
Вуліца месціцца ў нізіне паміж вуліцамі Інтэрнацыянальнай і Фрунзэ, што знахо-дзяцца на даволі высокіх узгорках, і з-за гэтага, асабліва ў ранейшыя часы, моцна цярпела падчас дажджоў. Так, ад ліўня ў 1924 г., які працягваўся каля 2 гадзін, на вуліцы быў размыты раўчаг глыбінёю 6-8 сажняў. Адбываліся выпадкі, калі патокі вады падмывалі фундаменты дамоў. Камунальным службам горада прыхо-дзілася прыкладаць шмат намаганняў, каб ліквідаваць вынікі дажджоў. На пачатку ХХ стагоддзя два бакі вуліцы, якая тады называлася Жытомір-скай, звязваў мосцік.
Мемарыяльныя дошкі па вуліцы і завулку Калініна ўзгадваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Адна з іх (вул. Калініна, 16) паведамляе, што ў гэтым доме з мая 1939 г. па жнівень 1941 г. жыў М.І.Макаранка, сакратар Мазырскага райкама КП(б)Б, камандзір першага Мазырскага партызанскага атрада, які загінуў у 1942 г.
Мемарыяльная дошка па завулаку Калініна, 6 распавядае, што ў гэтым будынку ў 1941-1942 гг. пад выглядам шаўца жыў удзельнік Мазырскага падполля, былы інструктар Палескага абкама КП(б)Б М.С.Казарэз. На кватэры падпольшчыкі абмяркоўвалі пытанні барацьбы з акупантамі, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро і размнажалі іх, пісалі лістоўкі. У сакавіку 1942 г. Казарэз быў арыштаваны і закатаваны нацыстамі. У 1964 г. на будынку была ўсталявана мемарыяльная дошка.
Таццяна Нікіціна, Аляксандр Бобр.
(Працяг будзе).