МОЗЫРЬ NEWS

Свiдоўская, Пакроўская, Ленiнская

Вуліца Ленінская можа па праву лічыцца цэнтральнай вуліцай Мазыра.

Праз стагоддзi

Геаграфічным цэнтрам горада, сваеасаблівым «нулевым кіламетрам», з’яўляецца будынак пошты (Ленінская, 34). Гістарычна склалася так, што ў большасці выпадкаў адлегласць паміж гарадамі вымяраецца ад цэнтральных паштамтаў. Шыльда на будынку цэнтральнай пошты паведамляе, што ад Мазыра да Гомеля адлегласць 133 км, да Мінску — 289 км.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя вуліца была культурным цэнтрам Мазыра. Тут працаваў народны тэатр, амаль адзін насуперак другога знаходзіліся два кінатэатры: «Родина» і дзіцячы (у першым сёння працуе дзіцячая мастацкая школа, будынак другога не захаваўся), мясціўся краязнаўчы музей з багатай экспазіцыяй, якая перадавала «дух» старога Мазыра і пра якую старэйшае пакаленне ўзгадвае сёння з удзячнасцю.

Кінатэатр «Радзіма», 1961 год.
Дзіцячы кінатэатр насупраць кінатэатра «Радзіма», 1960 год.

У сённяшнія дні вуліцу можна лічыць цэнтрам фінансавага жыцця. Тут на блізкай адлегласці адзін ад аднаго працуюць 4 аддзяленні розных банкаў: БПС-банк, «Беларусбанк»,  «Белаграпрамбанк», ВТБ.

Вуліца Ленінская ў былыя часы мела розныя назвы. Як вуліца Свідоўская ўзгадваецца яшчэ ў інвентары 1724 г., паводле карты Мазыра 1848 г. яна цягнулася ад гарадской гандлёвай плошчы да будынку астрога, на месцы якога ў 1904 г. была пабудавана каменная турма. Гэта было добра ўмацаванае збудаванне, што бачна і на фотаздымку 1975 г., а на супрацьлеглым баку вуліцы мясціўся краязнаўчы музей (апошні будынак да нашых дзён не захаваўся).

У другой палове ХІХ-пачатку ХХ ст. вуліца вядома ўжо як Пакроўская, а ранейшая назва — ужо як Свідоўка — перамясцілася ў раён сучаснай вуліцы 17 Верасня. Адрэзак вуліцы паміж двума сучаснымі помнікамі Пушкіну на пачатку ХХ ст. меў назву Новыя забудовы, у сярэдзіне ХХ ст. гэта была вуліца Чкалава.

За вуліцай Пакроўскай у пачатку ХХ ст. на гары Жучка знаходзіліся могілкі праваслаўныя, каталіцкія, яўрэйскія, будынак капліцы.

Вул.Пакроўская, пачатак ХХ стагоддзя.

Вуліца Пакроўская знаходзілася ў нізіне паміж узвышшамі — гарой Жучкай і Ксяндзоўкай, і таму яна моцна цярпела падчас ліўняў. Тут у ХІХ-пачатку ХХ ст. можна было сустрэць чалавека рэдкай прафесіі — пераносчыка, які пасля моцнага дажджу на галоўнай вуліцы горада пераносіў за 1/4 капейкі цераз вадзяны паток людзей з аднаго боку вуліцы на другi.

Выгляд з боку вуліцы Ленінскай на плошчу Свабоды падчас ліўня 20 мая 1928 г.

Дух гiмназii ў дух свабоды

Гісторыю вуліцы пачнем з самага старога будынка так званага дома Кеневічаў, дзе сёння працуе Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Ён знаходзiцца па вул. Ленінскай, хаця і мае адрас: плошча Леніна, 15.

Дом Кеневічаў: з 1859 г. пачала працаваць мужчынская гімназія

Кеневічы належалі да старажытнага шляхецкага роду. Падчас паўстання 1830-1831 гг. Фелікс Кеневіч (1802-1863) кіраваў атрадамі паўстанцаў на тэрыторыі Мазырскага, Пінскага і Рэчыцкага паветаў. Мэтай паўстання было адра-джэнне Рэчы Паспалітай. Гэта звязана з тым, што не ўсе слаі грамадства прызналі сваёй царскую ўладу, якая прыйшла на беларускія землі ў канцы ХVІІІ ст. Частка насельніцтва, пераважна шляхта, марыла аб аднаўленні былой дзяржаўнасці. Паўстанне было ўрадавымі войскамі падаўлена, але царызм з-за гэтага паўстання не здолеў накіраваць свае войскі ў Бельгію, дзе ў той час адбывалася рэвалюцыя, за што паўстанцы ў гэтай краіне карысталіся павагай і пэўнымі прывілеямі. Пасля падаўлення паўстання Ф.Кеневіч вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну і з 1833 г. жыў у Францыі, дзе ў 1834 г. нарадзіўся яго сын Іеранім. У 1857 г. Кеневічы — бацька і сын — вярнуліся ў Расійскую імперыю.

Іеранім Кеневіч прымаў удзел у дзейнасці расійскай арганізацыі «Земля и воля», якая падчас паўстання 1863-1864 гг. пісала: «… пусть знают поляки, что русское общество не имеет ничего общего со своим жестоким государем и его кровожадным правительством, что честные русские люди желают свободы и освобождения Польши от ига, которое гнетет и нас». Удзельнікі гэтай арганізацыі ўсталявалі сувязі з паўстанцамі і рыхтавалі сумеснае выступленне — «Казанский заговор». Планавалася падняць узброенае паўстанне сялян ў Паволжжы, каб адцягнуць значныя сілы ўрадавых войск і тым самым дапамагчы паўстанцам. Кіраўніком «Казанского заговора» быў прызнаны Іеранім Кеневіч. У хуткім часе кіраўнікі змовы былі арыштаваны, І.Кеневіч і 4 яго паплечнікі, нягледзячы на тое, што па асноўнаму пункту абвінавачвання прыйшлося «оставить в сильном подозрении», былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны 6 чэрвеня 1864 г. на беразе р. Казанкі.

У доме Кеневічаў у 1859 г. пачала працаваць мужчынская гімназія, вучні якой у час паўстання 1863-1864 гг. прынялі ўдзел у антыўрадавых выступленнях, з-за чаго на працягу 1863 г. з навучальнай установы быў адлічан 51 гімназіст. Дырэктар гімназіі адзначаў, што «движение среди учеников было подавлено, ученики были удержаны от ухода в лес… и ныне воспитанники ведут себя чинно, хотя, быть может, по наружности, так как вопрос о партиях русской и польской поставлен в Мозырской гимназии чрезвычайно резко».

Гімназія была цэнтрам культурнага жыцця горада. Сярод тых, хто ў розныя гады вучыўся ў Мазырскай гімназіі (прагімназіі), былі Фёдар Стравінскі (1843-1902) — оперны спявак, які ў час вучобы ў Мазырскай гімназіі ўдзельнічаў у дабрачынных спектаклях, сродкі ад якіх ішлі на ўтрыманне незабяспечаных вучняў. Пасля заканчэння Пецярбургскай кансерваторыі быў салістам Кіеўскага опернага тэатра, але найбольшую вядомасць Ф.Стравінскі атрымаў падчас сваёй службы ў Марыінскім оперным тэатры, дзе выканаў больш за 60 рознахарактарных партый замежных і рускіх кампазітараў. Эдуард Пякарскі (1858-1934) — сусветна вядомы навуковец, ганаровы член Акадэміі навук СССР, аўтар артыкулаў па геаграфіі, этнаграфіі, лінгвістыцы і фальклору тунгусаў і якутаў, стваральнік «Словаря якутского языка». За сваю навуковую працу даследчык быў узнагарожданы залатымі медалямі Акадэміі навукi і Рускага геаграфічнага таварыства. У другой палове 60-х-пачатку 70-х гадоў ХІХ ст. Эдуард Пякарскі, у той час мазырскі гiмназіст, наведваў у Барбарове свайго стрыечнага дзеда Рамуальда, дзе слухаў расказы, як было пры прыгоне, як надрываліся сяляне, узводзячы для пана Горвата палац, славуты сваёй раскошай на ўсю губерню. Аляксандр (Аўраам) Кугель (1864-1928) — расійскі тэатральны крытык, стваральнік тэатра «Кривое зеркало». Скончыў Мазырскую гімназію ў 1880 г., а потым — юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Аднак сваё жыццё А.Кугель звязаў не з юрыспрудэнцыяй, а з мастацтвам. У газетах пачалі друкавацца яго тэатральныя рэцэнзіі і фельетоны, частка артыкулаў увайшла ў кнігі «Без заглавия» (1890), «Под сенью конституции» (1907), «Театральные портреты» (1923).

Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867-1934) — вучоны, якога называюць «бацькай беларускай гістарычнай навукі», этнограф, археолаг і фалькларыст. У 1880-1885 гг. яго жыццё было звязана з Мазыром, дзе ён у час вучобы ў гімназіі зрабіў першыя крокі ў даследчай дзейнасці. У кіеўскім альманаху «Заря»  (1883 г.) былi надрукаваны яго нататкі «Из Мозыря», у 1884-1885 гг. з’явіліся публікацыі ў санкт-пецярбургскім «Еженедельном обозрении», якія мелі ў асноўным этнаграфічны характар, у тым ліку «Из Мозыря», «С берегов Припяти», «Книги для народа».

Сяргей Палуян (1890-1910) — беларускі публіцыст, празаік, літаратуразнавец. Падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з Я.Купалам, Я.Коласам, Ц.Гартным і інш. Так, Максім Багдановіч прысвяціў яму свой зборнік вершаў «Вянок».

Наш горад — радзіма Ізраіля Рухамоўскага (1860-1936) — ювеліра і гравёра, вядомага ў свеце. 32 гады з 76 гадоў жыцця І.Рухамоўскага былі звязаны з Мазыршчынай (дом Рухамоўскіх знаходзіўся на Пакроўскай вуліцы). Потым майстар жыў у Адэсе і Парыжы. Атрымалася так, што адну з яго работ, якую І.Рухамоўскі зрабіў на заказ, браты-аферысты Гохманы ў 1896 г. прадалі ў Луўр, дзе спецыялісты палічылі яе «цудам грэчаскага ювелірнага мастацтва». Газета «Фігаро» пісала, што музей Луўр купіў тыяру скіфскага цара Сайтаферна, якую знашлі ў крымскай зямлі, і яе ўзрост больш 2000 гадоў. Толькі ў 1903 г. было прызнана, што аўтарам гэтага шэдэўра быў Ізраіль Рухамоўскі. На паштоўцы пачатку ХХ ст. бачна, з якой цікавасцю наведвальнікі музея вывучалі тыяру Сайтаферна.

Сучаснікі высока ацэньвалі дзейнасць І.Рухамоўскага, называлі яго «величайшим ювелиром всех времен». Работы І.Рухамоўскага знаходзяцца ў экспазіцыях Луўра, Кіева-Пячэрскай Лаўры, музеі Фабержэ і прыватных калекцыях.

У пошуках страчанага

Сярод пабудоў, што адносяцца да першай паловы ХХ ст. і захаваліся на вуліцы Ленінскай, трэба звярнуць увагу на будынак былога Дома піянераў, дзе на пачатку ХХ ст. працавала 4-гадовае рэальнае вучылішча; гарадскі тэатр — помнік канструктывізму, які быў пабудаваны ў 1929-1932 гг. з цэглы як клуб-тэатр па праекту архітэктара Мікалая Сапрыноўскага. Рэканструкцыя яго, распачатая пасля пажару 2013 г., зацягнулася, і мазыране з нецярпеннем чакаюць таго моманту, калі калектыў Мазырскага драматычнага тэатра імя І.Мележа вернецца ў свае родныя сцены; жылы дом, які знаходзіцца побач з поштай, быў пабудаваны ў 1930-я гады як гасцініца Палескага абласнога камітэта КП(б)Б.

Пра так званы дом Данілеўскага — помнік архітэктуры мадэрна — мы пісалі раней, побач з ім знаходзіўся жылы дом ў стылi канструктывізму (быў знесены ўжо ў ХХІ ст.). На жаль, з кожным страчаным будынкам мы страчваем і частку гарадской гісторыі. Так, на месцы, дзе сёння знаходзіцца будынак адного з аддзяленняў «Белаграпрамбанка», у ранейшыя часы дзейнічала пажарнае дэпо, якое займала двухпавярховы будынак: на першым паверсе размяшчалася тэхніка, на другім — жылі пажарнікі, побач з будынкам знаходзілася 25-мятровая пажарная каланча.

Сярод даваенных пабудоў, што захаваліся да сённяшняга дня, трэба звярнуць увагу на суседні з «домам Кеневічаў» будынак, дзе ў даваенны час працавала сярэдняя школа. Сярод яе вучняў быў і Яўген Талкачоў, адзін з удзельнікаў мазырскага подполля. У 18-гадовым узросце ён загінуў у барацьбе з ворагам, аб чым распавядае мемарыяльная дошка на гэтым будынку.

Студэнты ў горадзе

Пасля вызвалення Мазыра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тут пачаў працаваць Мазырскі дзяржаўны настаўніцкі інстытут, рашэнне аб адкрыцці якога было прынята 23 лютага 1944 г. Саветам Народных Камісараў БССР. У інстытуце былі аддзяленні: гісторыка-філалагічнае, фізіка-матэматычнае, прырода-геаграфічнае.

Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова, адкрытая ў рэспублiцы пасля вызвалення Беларусi ад нямецкiх акупантаў. Аб умовах вучобы ў інстытуце ўзгадвалі першыя выпускнікі: «Условия материальные и бытовые были тяжелые… Аудитории не отапливались, чернила замерзали в стеклянных чернильницах, приходилось держать их в одной руке, другой писать конспект. Бумаги достаточно не было. Сшивали из газет общие тетради и писали крупными буквами. Записывали буквально все, особенно историю, ибо почитать было негде, а преподаватели были хорошие и обширно читали лекции. В общежитии были бытовые условия очень тяжелые. Не было отопления, света и воды. Придя с занятий после шести лекций и работы, уставшие и голодные, искали дрова и колонку с водой. В 12 часов в буфете получали по списку 450 г хлеба. На день, конечно, не хватало, мы не выдерживали и половину съедали прямо на лекциях. Обед был в 14 часов по карточкам СП-2. Это была тарелка супа (вода и 2 кусочка картофеля), 2 ложки каши пшена и стакан воды, кипяченной с сахарином».

Народная гаспадарка Беларусі моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўляць яе дапамагалі прадстаўнікі ўсіх савецкіх рэспублік. Падчас ваенных падзей быў разбураны і Мазыр. Яго жыхары прымалі актыўны ўдзел у яго адраджэнні. Са студзеня 1944 г. па студзень 1945 г. мазыране з кіркамі, лапатамі, тачкамі выходзілі на нядзельнікі. Яны адпрацавалі 128 тысяч чалавека-гадзін, адбудавалі 52 разбураных дамы плошчай 7538 квадратных метраў, ачысцілі і склалі 250 тыс. штук цаглін, 25 кубаметраў бутавага камяню, сабралі 17 тон металалому.

Як удзельнічалі ў гэтым студэнты і выкладчыкі інстытута, распавядала Хамяк А.П.: «Во время учебы в институте два последних урока, а уроки были спаренные, мы работали на разных работах: на восстановлении разрушенных домов во время бомбежек, разгружали баржи с овощами, разным продовольствием для города и фронта, которые часто плыли к нам по реке Припять. В летнее время работали в лесу, где вели заготовку дров для паровозов, которые везли составы на Западный Фронт». За гэта студэнтам выдаваліся працоўныя лісткі.

Нягледзячы на ўсе складанасці пасляваеннага часу, Мазыр аднаўляўся, разам з гэтым мянялася аблічча і вуліцы Ленінскай. Шэраг будынкаў з’явіўся тут у 1950-я гады, у адным з іх (каля кінатэатра «Родина») працаваў самы вялікі для таго часу прадуктовы магазін №1, дзе было 5 аддзелаў, у другім 3-павярховым жылым доме (каля тэатра) знаходзілася цэнтральная аптэка. Добра, што ў наш час знаходзяцца людзі, што шануюць гісторыю краіны, па ініцыятыве якіх у маі 2016 г. на будынку дома №9 па вуліцы Ленінскай была адкрыта мемарыяльная дошка ва ўшанаванне памяці Героя Савецкага Саюза Пятра Сяргеевіча Жукава (1921-1967), жыццё якога на працягу 1953-1967 гг. было звязана з Мазыром.

Увогуле, акрамя вуліц, найменні якіх з’явіліся ў савецкі час і пра якія ішла гаворка раней ў нашых публікацыях, у Мазыры ёсць яшчэ шэраг вуліц, назвы якіх звязаны з імёнамі рэвалюцыянераў, партыйных і дзяржаўных дзеячаў савецкага перыяду. Так, у мікрараёне Цэнтральны гэта вуліцы С.М.Кірава, Г.І.Катоўскага, Н.К.Крупскай, В.У.Куйбышава, В.М.Чапаева, у раёне Баброў — вуліца К.Я.Варашылава, у мікрараёне Кастрычніцкі вуліцы носяць імёны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны С.Г.Лазо і М.А.Шчорса…

У адзначаны пярыяд з’явіліся ў горадзе такія найменні вуліц, як Савецкая і Інтэрнацыянальная, Камуністычная і Камсамольская, Пралетарская і Кастрычніцкая, Сацыя-лістычная і ншыя. У 1945 г. адной з вуліц горада (былой Свідоўцы) ва ўшанаванне 6-й гадавіны ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР было дадзена імя 17 Верасня.

Таццяна Нікіціна, Аляксандр Бобр.

(Працяг будзе).

 

Exit mobile version