З гісторыі Мазыра: у студзені 1938 г. Мазыр стаў цэнтрам Палескай вобласці

1094

Героi не памiраюць

У студзені 1938 г. Мазыр стаў цэнтрам Палескай вобласці, якая была ўтворана пастановай ЦВК БССР.

Калі б не было вайны…

Горад напрыканцы 1930-х гадоў з’яўляўся буйным прамысловым і культурным цэнтрам БССР. У ім працавалі лесазавод «Пралетарый», фанерны завод «Чырвоны Кастрычнік», мэблевая фабрыка «Профінтэрн» і інш. У абласным цэнтры дзейнічалі педвучылішча, медыцынская школа, 11 сярэдніх і няпоўных сярэдніх школ, тэатр, 15 клубаў, 12 дзіцячых садкоў, 8 дзіцячых ясляў, 4 бальніцы і амбулаторыі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Мазыры налічвалася 17,5 тыс. жыхароў, з якіх 7584 працавалі на сямі прадпрыемствах і ва ўстановах горада. Мазыране, як і ўсе савецкія людзі, марылі аб мірным жыцці, будавалі планы на будучыню.

Аднак падзеі 22 чэрвеня 1941 г. карэнным чынам змянілі жыццё савецкай краіны. Нападам фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз пачалася Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг., вызваленчая барацьба савецкіх народаў супраць фашысцкай Германіі, яе саюзнікаў і памагатых; частка Другой сусветнай вайны 1939-1945 гг.

Савецкі Саюз за гады вайны страціў 27 млн. сваіх грамадзян, Беларусь — 3 млн. чалавек, кожнага трэцяга. Таму невыпадкова, што народ Беларусі з павагай ставіцца да памяці ваенных падзей і людей, што перамаглі фашызм. Гэта знайшло адлюстраванне і ў назвах вуліц беларускіх гарадоў, у тым ліку Мазыра. Частка з іх носіць імёны тых удзельнікаў вайны, прозвішчы якіх сталі добра вядомы ўсяму насельніцтву СССР яшчэ ў ваенны перыяд.

Цэнтральная частка Мазыра. 1938 г.

Iмёны-легенды

26 чэрвеня 1941 г., на пяты дзень вайны, на старым Віленскім шляху каля Радашковічаў здзейснілі подзвіг камандзір эскадрыллі 207-га авіяцыйнага палка капітан Мікалай Францавіч Гастэла (1907-1941) і яго экіпаж у складзе другога пілота лейтэнанта Г.Н.Скарабагатава, штурмана лейтэнанта А.А.Бурдзенюка, стралка-радзіста малодшага сяржанта А.А.Калініна.

Пасля бамбёжкі, калі самалёт адыходзіў ужо ад цэлі, варожы снарад прабіў яго бензабак. Агонь у адно імгненне ахапіў самалёт, і тады ка-пітан Гастэла разам з іншымі членамі экіпажу прынялі рашэнне накіраваць ахоплены полымем самалёт у скапленне варожых танкаў, аўтамашын, бензацыстэрнаў, якiя ўзарвалiся разам з самалётам. Дзясяткі фашысцкіх машын з немцамі паляцелі ў паветра. За гэты подзвiг Мiкалаю Гастэла пасмяротна 26 ліпеня 1941 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ён стаў першым ваеннаслужачым Чырвонай Армii, узнагароджаным Залатой Зоркай Героя ў час Вялiкай Айчыннай вайны. Подзвiг Гастэлы ў гады вайны паўтарылi 104 лётчыкі.

Леў Міхайлавіч Даватар (1903-1941) — савецкі ваенны дзеяч, генерал-маёр. У жніўні-верасні 1941 г. на чале кавалерыйскай групы здзейсніў рэйд па захопленай ворагам Смаленскай вобласці, падчас чаго было знішчана некалькі гарнізонаў і звыш 2500 варожых салдат і афіцэраў. У перыяд контрнаступлення пад Масквой корпус пад кіраўніцтвам Л.Даватара правёў шэраг рэйдаў па тылам праціўніка, што дэзарганізавала яго абарону. Леў Даватар быў смяротна паранены кулямётнай чаргой і памёр 19 снежня 1941 г. 21 снежня 1941 г. яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Алег Васільевіч Кашавы (1926-1943) — адзін з арганізатараў падпольнай камсамольскай арганізацыі «Молодой гвардии», што дзейнічала ў г. Краснадоне Украінскай ССР. Дзейнасць маладагвардзейцаў прыносіла шмат непрыемнасцей ворагу, іх адпаведныя структуры здолелі знайсці і арыштаваць кіраўнікоў арганізацыі за некалькі дзён да вызвалення горада. 9 лютага 1943 г. Алег Кашавы разам са сваімі паплечнікамі былі закатаваны немцамі.

Кіраўнікам «Молодой гвардии» 13 верасня 1943 г. А.Кашавому, В.Громавай, І.Земнухаву, С.Цюленіну, Л.Шаўцовай пасмяротна было пры-своена званне Героя Савецкага Саюза. Ужо пасля вайны ў 1946 г. з’явіўся раман А.Фадзеева «Маладая гвардыя», а на аснове гэтай кнігі выйшаў у 1948 г. і аднайменны мастацкі фільм.

Аляксандр Матвеевіч Матросаў (1924-1943) здзейсніў свой подзвіг 17 лютага 1943 г. падчас атакі ў раёне в. Чарнушкі Пскоўскай вобласці. Ён сваім целам закрыў амбразуру дзота, што дазволіла чырвонаармейцам паспяхова завяршыць аперацыю. Дзякуючы СМІ і кіно аб яго подзвігу даведалася ўся савецкая краіна. 19 чэрвеня 1943 г. А.Матросаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У гады Вялікай Айчыннай вайны аналагічныя ўчынкі здзейснілі звыш 400 савецкіх воінаў.

Рашэннем пасяджэнняў Мазырскага гарвыканкама ў 1959 г. былі створаны вуліцы М.Гастэла, А.Матросава, у 1960 г. з’явілася вул. А.Кашавога (мікрараён Кастрычнiцкi), а вул. Нова-Фрунзэ была перайменавана ў вул. Л.Даватара (мікрараён Цэнт-ральны).

Канстанціна Сяргеевіча Заслонава (1910-1942) у перыяд акупацыі ўладкавалі на працу ў Аршанскае дэпо начальнікам рускіх паравозных брыгад. Тут ён стварыў і ўзначаліў некалькі падпольных дыверсійных груп. Заслонаўцы здабывалі ўзрыўчатку і выраблялі вугальныя міны для правядзення дыверсій на камуні-кацыях ворага. За тры месяцы падпольшчыкі-заслонаўцы арганізавалі каля 100 крушэнняў паяздоў, вывелі са строю, знішчылі больш як 200 паравозаў, тысячы вагонаў і цыстэрнаў, звыш 200 аўтамашын і іншай тэхнікі ворага. Пад пагрозай правалу Заслонаў з групай падпольшчыкаў пакінуў Оршу і пайшоў у партызаны. К.С.Заслонаў загінуў 14 лістапада 1942 г. у баі супраць карнікаў у
в. Купаваць Сенненскага раёна. Па-смяротна Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 сакавіка 1943 г. К.С.Заслонаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У лістападзе 1959 г. была ўтворана вул. Заслонава (мікрараён Кастрычніцкі).

«У лясах ворагам ратунку няма…»

Партызанскі рух не з’яўляецца толькі нацыянальнай беларускай з’явай. Аднак дзейнасць партызанскіх атрадаў і злучэнняў на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны набыла асабліва значныя памеры, і таму Беларусь увайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як партызанская рэспубліка. У радах антыфашысцкага руху на тэрыторыі рэспублікі налічвалася каля 444 тыс. партызан і падпольшчыкаў, якія сваёй дзейнасцю ў гады вайны нанеслі нямецкім акупантам значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, дэмаралізавалі дзейнасць варожага тылу, чым істотна паспрыялі поспеху Чырвонай Арміі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. За гераізм і адвагу каля 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Адзін з першых партызанскіх атрадаў на Беларусі быў створаны ў Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці. Яго кіраўнікамі сталі першы сакратар Кастрычнiцкага РК КП(б)Б Ціхан Піменавіч Бумажкоў (1910-1941), камандзір атрада, і ўпаўнаважаны Наркамата нарыхтовак па гэтаму раёну Фёдар Іларыёнавіч Паўлоўскі, камісар. Іх партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік» правёў шэраг удалых аперацый, у выніку якіх было знішчына 30 нямецкіх танкаў, узарвана некалькі мастоў. Падчас адной з аперацый, што была праведзена 16-18 ліпеня 1941 г. ва ўзаемадзеянні з часцю падпалкоўніка Л.Курмышава, быў разгромлены штаб нямецкай дывізіі ў в.Воземля. Было забіта 78 гітлераўцаў, спалена бронемашына, захоплены дзве радыёстанцыі, 55 аўтамашын, 12 матацыклаў і iншыя трафеі. Савецкаму камандаванню былі перададзены карысныя дакументы.

6 жніўня 1941 г. краіна даведалася пра першых Герояў Савецкага Саюза — партызанаў. Імі сталі Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі.

Вул. Ц.Бумажкова была ўтворана ў Мазыры пастановай гарвыканкама ў сакавіку 1962 г. (мікрараён Кастрычніцкі).

З вясны 1943 г. партызанскі рух на акупіраванай тэрыторыі БССР стаў пашырацца. З мэтай далейшага яго развіцця і кіраўніцтва работай падпольных партыйных арганізацый у якасці ўпаўнаважанага ЦК КП(б)Б па Палескай вобласці быў накіраваны Фёдар Міхайлавіч Языковіч (1903-1943). У сакавіку 1943 г. Ф.М.Языковіч узначаліў штаб партызанскіх атрадаў Палескай вобласці, 2 красавіка ЦК КП(б)Б быў зацверджаны першым сакратаром Палескага абкама КП(б)Б. У даваенны час працаваў другім сакратаром Палескага абкама партыі. Ён добра ведаў вобласць і яе людзей. Ф.М.Языковіч загінуў 7 красавіка 1943 г., калі кіраваў аперацыяй па захопу варожага эшалона са зброяй. Пахаваны ў Мазыры на Кургане Славы.

У жніўні 1943 г. для кіравання Палескай абласной партыйнай арганізацыяй быў накіраваны Іван Дзмітрыевіч Ветраў. Ён як першы сакратар абкама КП(б)Б кіраваў падпольнай партыйнай сеткай, работай сакратароў райкамаў КП(б)Б, баявой, аператыўнай і разведвальнай работай атрадаў і брыгад, работай абкама ЛКСМБ і абласной групай НКДБ, арганізоўваў баявую і палітычную інфармацыю ЦК КП(б)Б і ЦШПР. Адначасова з гэтым у верасні 1943-сакавіку 1944 г. з’яўляўся камандзірам Палескага партызан-скага злучэння.

Другім сакратаром падпольнага Палескага абкама партыі з 4 жніўня 1943 па люты 1944 г. быў Мікалай Іванавіч Малінін (1893-1977). Ён адказваў за работу з партызанскімі рэзервамі, стварэнне новых атрадаў і падбор камандна-палітычнага складу ў іх, кіраваў работай з кадрамі, прапагандай і агітацыяй, работай абласной і раённых газет, «работой партийных организаций и партизанских отрядов по разложению полицейских гарнизонов и военных формирований противника».

Партыйнае і савецкае кіраўніцтва разумела, што палітычная прапаганда і агітацыя ва ўмовах акупацыі з’яўляюцца «вастрэйшай зброяй барацьбы з ворагам». Падпольшчыкі і партызаны імкнуліся расказаць насель- ніцтву праўду аб падзеях на фронце, заклікалі людзей да барацьбы з ворагам. За верасень-кастрычнік 1943 г. Палескай абласной падпольнай партыйнай арганізацыяй было выдадзена 15 нумароў абласной газеты «Бальшавік Палесся» агульным тыражом 9 тыс. асобнікаў, 51 нумар раённых газет тыражом 11,2 экз., 14 назваў лістовак — 9 тыс. экз.

Рыхтуецца чарговы нумар газеты «Бальшавік Палесся». 1943 г.

У пасляваенны час М.І.Малінін знаходзіўся на партыйнай рабоце.

Вуліцы, якія носяць імёны арганізатараў і краўнікоў падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Палескай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у Мазыры былі ўтвораны ў розныя гады.

У 1958 г. I пасёлак «Чырвоны Каст-рычнік» быў перайменаваны ў вул. Ф.Языковіча (мікрараён Кастрычніцкі), у 2007 г. была ўтворана вул. І.Ветрава (раён сядзібнага будаўніцтва «Дразды»). Вул.М.Малініна з’явілася на мяжы 70-80-х гадоў ХХ стагоддзя. Гэты раён будаваўся пераважна для ваеннаслужачых.

Мазыр: руіны страляюць

Людзям, якія змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе падпольных арганізацый, па нашым меркаванні, было значна складаней, чым тым, хто здзейсніў свой ратны подзвіг у Чырвонай Арміі або ў партызанскіх атрадах. Частка асоб, што была пакінута ў тыле ворага, не разумела важнасці гэтай работы і пайшла на Вялікую зямлю, каб змагацца з ворагам на фронце; некаторыя людзі не мелі вопыту работы ў падполлі, у асобных выпадках паруша-ліся правілы канспірацыі, з-за гэтага некаторыя з тых, хто быў астаўлены для работы ў тыле ворага, былі арыштаваны ў першыя дні акупацыі.

Дзейнічаць падпольшчыкам у Мазыры прыходзілася ў складаных умовах. Тут дзейнічалі абласныя органы акупацыйнай улады, органы разведкі і контрразведкі, знаходзіўся буйны гарнізон. Нацысты прымалі ўсе меры для таго, каб выйсці на след падпольшчыкаў.

Для таго, каб змагацца з ворагам, падпольшчыкам нельга было адрознівацца ад іншых. Абставінамі яны былі пастаўлены ва ўмовы, калі былі «сваімі» сярод чужых і «чужымі» сярод сваіх. І таму падпольшчыкі, як і іншыя мазыране, каб пазбегнуць арышту, адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію і мець нейкія сродкі для існавання, вымушаны былі недзе працаваць. І «тем самым показать свою мнимую лояльность к оккупантам», як пісаў ва ўспамінах адзін з падпольшчыкаў А.Мураўёў.

Доўгі час пра дзейнасць мазырскіх падпольшчыкаў было вядома ня-шмат. Існавала ўвогуле пытанне: «А ці было падполле ў Мазыры?» Толькі ў ліпені 1965 г. выйшла Пастанова Прэзідыума ЦК, у якой адзначалася: «Считать установленным деятельность подпольных антифашистских организаций и групп, действовавших в городах Калинковичи и Мозыре в годы Великой Отечественной войны.» Было прызнана, што ў гады вайны ў Мазыры дзейнічала тры падпольныя групы, кіраўнікамі якіх былі Васіль Іванавіч Крыцкі, Дзмітрый Афанасьевіч Казлоўскі, Авяр’ян Сцяпанавіч Мураўёў.

Удзельнікамі Мазырскага падполля былі прызнаны 27 челавек і 18 чалавек — сувязнымі. 12 чалавек з 27 загінулі ў барацьбе з ворагам на працягу 1942-1943 гг. У спіс Мазырскага падполля, зацверджаны Пастановай ЦК КПБ, увайшлі не ўсе падпольшчыкі. Сярод неўлічаных
удзельнікаў подполля ў Мазыры быў і Цімафей Яўсеевіч Абрамаў. Ён нарадзіўся ў 1915 г. на Браншчыне. На Мазыршчыне праходзіў вайсковую службу. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Сафіяй, з якой узяў шлюб у 1939 г.

Абрамаў напярэдадні вайны з’яўляўся супрацоўнікам Палескага абласнога ўпраўлення НКУС. У кастрычніку 1941 г. пасля кароткачасовай падрыхтоўкі ў савецкім тыле па рашэнні ЦК КП(б) ён быў накіраваны ў Мазыр. Пэўны час Ц.Абрамаў з даведкай на імя Малінава разам з жонкай і двума маленькімі дзецьмі жылі ў кватэры, якую займалі ў даваенны час у цэнтры Мазыра, і толькі потым, калі стала «небяспечна», як узгадвала яго жонка, яны перасялі-ліся жыць на вул. Калініна.

Абрамаў з дапамогай Крыцкага, які быў назначаны немцамі на пасаду бургамістра Мазыра, уладкаваўся экспедытарам у нямецкую сталовую. Гэта дазваляла Цімафею Яўсеевічу, які меў пропуск, ездзіць па горадзе і днём, і ноччу, збіраць патрэбныя звесткі. Частка прадуктаў да нямецкай сталовай не даходзіла, яе падпольшчыкі накіроўвалі ў лес партызанам.

У пачатку 1942 г. пачаліся першыя арышты сярод падпольшчыкаў. Цімафею прапанавалі пайсці ў партызанскі атрад, але ён вырашыў, што яго дзейнасць будзе больш карыснай у горадзе.

Цімафея Абрамава арыштавалі ліпеньскай ноччу 1942 г. На наступны дзень была арыштавана і яго жонка разам з дачкой і сынам, апошняму было толькі тры месяцы. У турме дзецяй забралі, Сафію Абрамаву катавалі, паказалі знявечанага мужчыну, хацелі даведацца аб дзейнасці мужа. Але яна ўвесь час паўтарала, што муж яе працаваў у сталовай, і больш яна нічого не ведае. Пасля допыту С.Абрамай вярнулі дзяцей і адпусцілі дадому. Толькі потым стала вядома аб лёсе Цімафея Абрамава, які пасля арышту і васьмі дзён катаванняў захопнікамі быў закапаны ў зямлю жывым.

Вул. Цімафея Абрамава знаходзіц-ца ў мікрараёне Нараўчызна, дзе сёння хуткімі тэмпамі ідзе будаў-ніцтва.

Таццяна НIКIЦIНА, Аляксандр БОБР.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: