Мазырскі фіналіст конкурсу «Настаўнік года-2017» Яўген Есic: «Трэба захаваць сваю прафесiйную iндывiдуальнасць»

713

Настаўнiк СШ №16, мазырскі фіналіст конкурсу «Настаўнік года-2017» Яўген ЕСІС распавядае аб сваім поглядзе на прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Малады, эксцэнтрычны, пазітыўны… Яўген Валер’евіч Есіс – той настаўнік, які добра вядомы ў прафесійным асяроддзі Мазыршчыны. Сёлета ён увайшоў у склад каманды Гомельскай вобласці на чацвёрты, заключны, этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2017». Пераможцам, на жаль, стаў не ён, але зараз мы можам з упэўненасцю казаць: Яўген Есіс – адзін з тых людзей, якімі ганарыцца Мазыршчына.

У інтэрв’ю журналісту газеты «Жыццё Палесся» Яўген расказаў пра свой настаўніцкі шлях, пра творчасць у прафесіі, а таксама падзяліўся поглядамі на праблемы выкладання і ўспрымання беларускай мовы і літаратуры ў сучаснай школе.

– Яўген, чаму вы вырашылі стаць настаўнікам?

– Мой прафесійны шлях – мэтанакіраваны: у школе мне вельмі пашчасціла з настаўнікамі. Гэта з настаўніцай пачатковых класаў Надзеяй Рыгораўнай Кісловай. Затым вучыўся ў таленавітых настаў- нікаў беларускай мовы і літаратуры Галіны Уладзіміраўны Жураўлёвай, Людмілы Паўлаўны Мірановіч, Люд-мілы Пятроўны Машкоўскай, якія выхоўвалі пачуцці любові і павагі да роднай беларускай мовы, адкрывалі свет айчыннага слоўнага мастацтва і паказвалі скарбніцу народнай культуры і этнаграфіі.

Калі паўстаў выбар, кім стаць, то вырашыў адразу – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Дзякуй Богу, у 2004 годзе я стаў студэнтам нашага педагагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Айчынная і сусветная культура».

– Якімі былі гады навучання ва ўніверсітэце?

– Студэнцкія гады – гэта час адкрыцця і пошуку. Вялікую ўвагу надаваў спасціжэнню глыбіні беларускай літаратуры. Гэта працэс спазнання: хто такі чалавек, дзеля чаго ён жыве на гэтым белым свеце. Для асэнсавання гэтага трэба паглыбiцца ў айчынную літаратуру, вылучыць агульнанацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці.

З вялікай павагай успамінаю выкладчыцкі наказ Лідзіі Іванаўны Прашковіч, Тамары Сяргееўны Нуждзіной, Алены Уладзіміраўны Сузько, Людмілы Васільеўны Мельнікавай, Паўла Рыгоравіча Кошмана, Галіны Мікалаеўны Дашкевіч, Любові Васільеўны Жураўскай, Анатоля Казіміравіча Малюка, Люд-мілы Мікалаеўны Мазуркевіч, Людмілы Валер’еўны Прахарэнка, Валянціны Паўлаўны і Міхаіла Мікалаевіча Шаўчэнка.

– Як вам працуецца ў школе?

– Настаўніцтва – цікавы працэс. За сем гадоў сваёй працы я ні разу не паскардзіў-ся на тое, што я настаўнік. Гэта вельмі пачэсна, вельмі важна. Галоўнае не тое, які прадмет ты выкладаеш, а тое, з якім пачуццём ты гэта робіш. Быць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры – адказная справа-місія: трэба зацікавіць вучняў, паказаць адметнасці і асаблівасці роднага слова, каб кожны меў магчымасць адчуць яго смак і атрымаць асалоду.

– Ці ахвотна вучні размаўляюць на мове або саромеюцца?

– Сораму гаварыць па-беларуску я ў дзяцей не заўважаю. Калі вучняў бярэш з пятага класа і вядзеш да адзінаццатага, то і вынікі адпаведныя. Радуюся, калі вучні гавораць па-беларуску, не баяцца зрабіць моўны хіб. Усё гэта «шліфуецца», адпрацоўваецца праз прагляд мастацкіх фільмаў, знятых па творах беларускіх пісьменнікаў, чытанне, гутарку, удзел у шматлікіх конкурсах, алімпіядах, сустрэчах і інш. Вядома, гэта лікаванне, калі твае вучні прыносяць дыпломы і граматы.

– У вас ужо ёсць першыя дасягненні?

– Безумоўна. Ёсць такія. Імі я ганаруся. У першую чаргу, гэта вучаніца адзінаццатага класа Анастасія Бакуновіч, якая, пачынаючы з восьмага класа поруч са мной напісала пяць навукова-даследчых работ, тры з якіх прынеслі нам перамогу на рэспубліканскім узроўні. Настасся даследвала творчасць Раісы Баравіковай, Леаніда Дранько-Майсюка. Зараз мы з ёй выставілі на абласны конкурс работу па вывучэнню беларускага менталітэту ў творчасці Васіля Быкава.

Ганаруся яшчэ адным сваім вучням Юрыем Браткоўскім, які ў мінулым годзе стаў пераможцам у рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў вершаў Францішкi Багушэвіча, арганізаваным Музеем гісторыі беларускай літаратуры. У снежні браў удзел у конкурсе эсэ «Маладыя гады, маладыя жаданні…», прымеркаваным да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Юра мусіў разгадаць феномен Максіма Багдановіча. За гэта быў узнагароджаны дыпломамі.

– Закранулі пытанне беларускага менталітэту… Якім ён бачыцца ў сучаснай школьнай праграме па беларускай літаратуры? На крытычны погляд, тыповы беларус згодна з вывучаемымі ў школе творамі – гэта «гаротны селянін», які ў мірны час моўчкі пакутуе, у ваенны час – партызаніць. Не больш, чым стэрэатып?..

– Дадзены стэрэатып памылковы. Сучаснае літаратуразнаўства доўно аправергла яго. Беларуская літаратура адлюстроўвае самабытнасць народа. У літаратуры ствараліся такія творы, якія адпавядаюць пэўнаму часу. Янка Купала і Якуб Колас жылі і працавалі ва ўмовах станаўлення беларускай нацыі. У сярэдзіне мінулага стагоддзя на літаратурны абсяг выйшлі Іван Мележ, для якога была актуальнай тэма Палесся; Уладзімір Караткевіч, творчасць якога грунтавалася на айчыннай гісторыі; Васіль Быкаў, Іван Чыгрынаў, Іван Пташнікаў – гэта майстры ваеннай тэмы…

Сучасная беларуская літаратура прадстаўлена разнапланава: у ёй вельмі шмат твораў, якія хвалююць сучасную моладзь. Зараз літаратура паказвае, як сучасны беларус жыве ў сусветным абшары, якія праблемы яго хвалююць. Беларуская літаратура ўзмацніла агульначалавечы і нацыянальны зместавы складнік.

– Хто з сучасных беларускіх пісьменнікаў, на ваш погляд, з’яўляецца ўвасабленнем нацыянальнай літаратуры?

– Асабіста я зараз захапляюся творчасцю Людмілы Рублеўскай. Яе апошнія раманы «Дагератып», «Сутарэнні Ромула», «Гульня ў Альбарутэнію» скіраваны ў першую чаргу на разуменне сучасным чалавекам сваёй вартасці ў жыцці, пошук сябе ў гістарычнай віхоры. Вабіць проза Вольгі Іпатавай, Леаніда Дайнэкі, Андрэя Федарэнкі.

Мне таксама падабаецца лірыка Раісы Баравіковай, Віктара Шніпа, Васіля Зуёнка. Яны паказваюць адны рысы, адны вобразы, але з розных пунктаў гледжання – мужчынскага і жаночага.

Сучасная беларуская літаратура існуе, актыўна развіваецца. Сучасная тэндэнцыя літаратурнага працэса – чалавек становіцца цэнтрам літаратуры.

– Ці можа беларуская мова стаць «моднай»? Як я разумею, тэндэнцыя да гэтага ёсць…

– Што значыць мова можа стаць «моднай»? Мова – гэта, па-першае, паказчык нацыі, па-другое, сродак камунікацыі. Сапраўды, сёння заўважаю, што ў грамадстве ёсць інтарэс да вывучэння беларускай мовы. Шматлікія курсы, выставы, імпрэзы, беларускамоўныя старонкі ў сацыяльных сетках, беларускамоўная рэклама тэлекала Беларусь 3, Першы нацыянальны канал беларускага радыё – усё спрыяе для карыстання беларускай мовай у побыце.

– Але павернемся да педагогікi. Як вам удаецца ўсталяваць кантакт з вучнямі?

– Зараз ужо можна гаварыць пра свой стыль выкладання, свае «фішкі», якія выкарыстоў-ваеш, каб зацікавіць дзяцей. Я люблю ўрокі літаратуры: кожны раз стараешся зрабіць нешта феерычнае, цікавае. Спрабую паказаць, што беларуская літаратура – гэта скарб, асэнсаванне якога ў многім залежыць ад настаўніка.

– Які з вашых урокаў больш за ўсё вам запомніўся?

– Такіх урокаў у памяці ўсплывае шмат. Кожны ўрок хавае нейкую таямніцу.

Але чамусьці хочацца прыгадаць той урок, які я праводзіў падчас конкурсу «Настаўнік года-2017» у Мінску. Гэта быў урок-загатоўка на абраную мною тэму. Я разглядаў вельмі цікавае апавяданне Віктара Карамазава «Дзяльба кабанчыка», у якім вядучая тэма – узаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Каб зацікавіць дзяцей, я прапанаваў ім прааналізаваць ідэйна-мастацкі змест твора праз асэнсаванне мастацкай дэталі. Для яго рэалізацыі скарыстаў прыём «Чароўны кашэль». У сваіх бацькоў знайшоў стары кашэль, які напоў-ніўся гарбузом, хусткай, швайкай, дротам, насавіком, бярэцікам і белым шалікам, у суседкі пазычыў на час лакавыя чаравікі. Ёсць рэчы, але трэба было дэталёва прадумаць іх падачу. Вучні яшчэ да пачатку ўрока заўважылі, што настаўнік прыйшоў з кашалём. Сапраўды, у нас адбыўся шчыры дыялог, каб ахарактэрызаваць прадстаўніка моладзі ў творы ў дачыненні да старой жанчыны. Я паэтапна даставаў пэўныя прадметы, вучні выказвалі свае меркаванні наконт сувязі паміж рэчамі і героямі.

Гэты ўрок я паўтараў падчас семінара-акцыі «Удзельнікі клуба «Зорнае крыло» – настаўнікам Навабеліцкага раёна г. Гомеля». Хутка распрацоўка гэтага ўрока выйдзе на старонках метадычнага выдання.

– Нельга не запытацца пра ваш удзел у конкурсе «Настаўнік года-2017». Як вы трапілі на конкурс?

– Для мяне ўдзел у гэтым конкурсе стаў сапраўдным рэваншам. Першая спроба была ў 2014 годзе. Тады я стаў пераможцам на раёне, браў удзел у завочным этапе на вобласці. Але лёсам было наканавана інакш.

Калі быў аб’яўлены мінулай восенню новы конкурс, вырашыў ісці на яго. На гэты раз псіхалагічна было крыху цяжэй за мінулы: на раёне трэба было пацвердзіць статус пераможцы. Але мэтанакіраваная падрыхтоўка, якая была распачата яшчэ ў маі 2014 года, прынесла вынікі. Напрыканцы студзеня была налажана падрыхтоўка да абласнога этапа, які зкладаўся з вочнага і завочнага тураў. На завочным туры было псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, відэасамапрэзентацыя сістэмы ўласнай педагагічнай дзейнасці. На вочным – правесці ўрок у незнаёмым класе, майстар-клас са студэнтамі, абараніць сістэму педагагічнай дзейнасці і правесці міні-урок на сцэне.

На гэтым конкусе патрэбна была каманда аднадумцаў. І яна ў мяне – найлепшая. Я вельмі ўдзячны дырэктару школы Аксане Міхайлаўне Кавальковай, намеснікам дырэктара Анастасіі Сяргееўне Саламаха, Алене Паўлаўне Красюк, Вользе Мацвееўне Гурынай, Галіне Паўлаўне Прахарэнка, настаўнікам Галіне Уладзіміраўне Акуленка, Людміле Анатольеўне Навумік, Алене Іванаўне Еўжык за карысныя парады, цікавыя ідэі, мэтанакіраваную сістэмную падрыхтоўку да конкурсу. Словы найвялікай па-дзякі я хачу выказаць калегу, сябру Таццяне Леанідаўне Яраш, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, якая разам са мной прайшла ўсе конкурсныя выпрабаванні ў Гомелі і Мінску, была заўсёды поруч, стала дарадцам і аднадумцам.

– Што ўваходзіць у пра-граму конкурсу?

– Калі браць рэспубліканскі і абласны этапы, то яны былі тоясныя. Праграма заключнага этапа конкурсу выглядала так: прадстаўленне каманды (настаўнікі расказвалі пра сістэму работы сваёй вобласці, вылучалі ўласныя асаблівасці), два ўрокі (адзін па абранай настаўнікам тэме, другі – «начны»), майстар-клас са студэнтамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прадстаўлялі сістэму свайго педагагічнага вопыту (завочна).

Суперфіналісты давалі міні-урокі на сцэне і прадстаўлялі сістэму сваёй уласнай дзейнасці па прапанаванай журы тэме.

– Трапіць на фінал конкурсу «Настаўнік года» – вельмі годна і пачэсна. Аднак стаць пераможцам яго вам не ўдалося. Ці засмуціла вас гэта?

– Не. Я разумею тое, што я – пераможца на двух дастаткова складаных этапах: раённым і абласным. У фінале ўдзельнічала 56 настаўнікаў-прафесіяналаў. І быць сярод іх мне, настаўніку першай кваліфікацыйнай катэгорыі са стажам работы сем гадоў, вельмі пачэсна. Мая намінацыя складалася з настаўнікаў-філолагаў. Нас было сямёра, і калі  аб’явілі, што пераможца – мая калега з Віцебскай вобласці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Румянцава (на фота), я вельмі ўзрадваўся.

Галоўнае для мяне было тое, што я прымаў удзел у фінале. Цудоўны вопыт, новыя знаёмствы, сябры. Аднак зразумеў галоўнае: трэба захаваць сваю прафесійную індывідуальнасць, імкліва рухацца наперад, не спыняцца.

– Напэўна, вы былі на конкурсе адным з самых маладых настаўнікаў…

– Так, у намінацыі «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура» я быў маладзейшым за ўсіх. Але ў іншых намінацыях былі і тыя, хто мае ўсяго год-два педага-гічнага стажу.

Чаму моладзь пачала актыўна ўдзельнічаць у конкурсе? Напэўна, сваю ролю сыграў прыклад, калі ў 2014 годзе перамогу ў конкурсе «Настаўнік года» ўзяў вельмі малады настаўнік гісторыі з Маладзечна Віктар Эдуардавіч Жук. Гэта натхняе. А каму далей працаваць у школе? Будучае залежыць ад нас, маладых.

– Ваша прафесійнае крэда?

– Калі агеньчык дабрыні ў вачах дзіцяці

Ты змог сваім прадметам запаліць,

То нездарма тады на гэтым свеце

Табе, настаўнік, давядзецца жыць.

Менавіта словы Алены Руцкай і сталі дэвізам маёй педагагічнай дзейнасці.

Алена МЕЛЬЧАНКА

Фота з уласнага архіва героя матэрыялу


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: