Гімназія імя Янкі Купалы традыцыйна гасцінна адчыніла дзверы перад усімі, хто меў жаданне прыняць удзел у свяце, прымеркаваным да Дня роднай мовы
І трэба адзначыць, што кола жадаючых размаўляць па-беларуску штогод пашыраецца. Так, у гэтым годзе, акрамя ўстаноў адукацыі Палескага рэгіёну, удзел у купалаўскіх чытаннях прынялі гімназіі з Гомеля, Жлобіна і Рагачова, Рэчыцкага раённага ліцэя, а ў завочных секцыях – навучэнцы Азершчынскай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна і Сенніцкай СШ імя Янкі Купалы Мінскага раёна. Усяго ў сёлетніх чытаннях прынялі ўдзел больш 300 вучняў згодна абраных накірункаў: секцыя малюнкаў, творчы радок, буктэйлераў, чытальнікаў вершаў, вучэбна-даследчых работ і інтэлектуальных гульняў. Як і заўсёды, калектыў Мазырскай гімназіі імя Янкі Купалы на чале з дырэктарам Міхаілам Ранчынскім стварыў для гасцей камфортныя ўмовы для працы, а таксама святочныя абставіны, якія ў значнай ступені паспрыялі правядзенню мерапрыемства.
З-за вялікай колькасці ўдзель-нікаў шмат папрацаваць прыйшлося і журы, каб паставіць дастойныя адзнакі і належным чынам ацаніць асабістыя здольнасці юных творцаў, чытальнікаў, мастакоў, навукоўцаў і інтэлектуалаў. Дарэчы, у склад кампетэнтнага журы ўваходзілі кандыдаты навук, метадысты, пісьменнікі, выкладчыкі ўстаноў адукацыі. Словы прывітання, добрых пажаданняў для плённай працы і віншавання ў адрас ўдзельнікаў мерапрыемства прагучалі ад загадчыка раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Марыны Старыкавай.
Пераможцам было ўручана больш 120 дыпломаў рознай вартасці і каля 100 падзяк. Акрамя гэтых узнагарод, тым установам адукацыі, навучэнцы якіх прынеслі перамогу раней, былі ўручаны яшчэ і зборнікі творчых работ удзельнікаў купалаўскіх чытанняў мінулых гадоў. Такія ж падарункі традыцыйна атрымалі і госці.
Назіраючы за ходам развіцця падзей, пачынаючы ад цырымоніі адкрыцця мерапрыемства і да ўшанавання пераможцаў, а таксама іх водгукаў, трэба сказаць, што сёлетнія купалаўскія чытанні ў Мазыры зноў прайшлі на дастаткова высокім узроўні. А тое, што кола ўдзельнікаў кожны раз пашыраецца, безумоўна, узмацняе мэту і жаданне моладзі размаўляць на роднай мове і шанаваць яе, як найвялікшы скарб, пакінуты нам класікамі.
Наталля КАНОПЛІЧ,
фота аўтара