Па прагнозах спецыялістаў, у сувязі з глабалізацыяй штогод будуць знікаць у сярэднім 12 моў…
Чым пагражае знікненне моў для чалавецтва? У першую чаргу, са знікненнем мовы можа загінуць і сам народ — яе носьбіт. Неабходна адносіцца да мовы як да жывой і найкаштоўнейшай спадчыны народаў.
Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з’яўляюцца беларуская і руская. Беларуская мова — гэта высокаразвітая літаратурная мова. Славуты Адам Міцкевіч лічыў яе самай багатай і чыстай, цудоўна простай з усіх славянскіх моў. Максім Багдановіч ведаў лацінскую, нямецкую, французскую мовы, валодаў мовамі славянскіх народаў, але стварыў свае паэтычныя шэдэўры на беларускай мове, якую, жывучы за межамі Беларусі, вывучыў па бацькавых кнігах і палымяна любіў.
Сёння беларуская мова перажывае не самыя лепшыя свае часы. Дамінуючае месца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця займае руская мова. І ўсё ж не ўсё так сумна. Ёсць у нашай краіне маладыя людзі, якія з павагай ставяцца да роднай мовы, дасканала валодаюць ёю і імкнуцца прапагандаваць сярод іншых. Асабліва прыемна, што сярод шчырых прыхільнікаў роднага слова многа па-сапраўднаму таленавітых маладых лю-дзей.
Будучае любой краіны залежыць ад наяўнасці ў грамадстве талена-вітай і адоранай моладзі, якая сваёй дзейнасцю будзе забяспечваць грамадскі прагрэс. Стварэнне ўмоў, якія дазваляюць выяўляць і развіваць адораных вучняў, рэалізоўваць іх патэнцыяльныя магчымасці, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач сучаснай школы.
Самым маштабным і папулярным інтэлектуальным спаборніцтвам сярод вучняў з’яўляецца рэспубліканская алімпіяда, якая штогод праводзіцца па 16 вучэбных прадметах. Алімпіяда па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» аб’ядноўвае тых прадстаўнікоў моладзі, якіх можна назваць адданымі прыхільнікамі роднага слова. Сярод іх — вучаніцы СШ № 14 г. Мазыра Марыя Афанасьева і Вікторыя Семяніцкая. Другі год запар дзяўчаты з’яўляюцца пераможцамі абласнога этапу алімпіяды, удзельніцамі каманды Гомельскай вобласці на заключным этапе. Яны мой асаблівы настаўніцкі гонар. Марыя — сёлетняя выпускніца фізіка-матэматычнага класа, Вікторыя — вучаніца 10 «А» класа, на павышаным узроўні вывучае матэматыку і англійскую мову. Дзяўчынкі вельмі розныя па характары, інтарэсах, але аб’ядноўвае іх жаданне ісці наперад, не баяцца цяжкасцей, перашкод, праблем. Яны даўно зразумелі: толькі смелыя, працавітыя і мэтанакіраваныя могуць дасягнуць поспеху.
Сёння я пагутару са сваімі знакамітымі вучаніцамі пра іх асабісты шлях захаплення родным словам, пра становішча беларускай мовы ў грамадстве.
— Калі ўпершыню вы ўдзельнічалі ў алімпіадзе па беларускай мове?
Марыя: Мяне ў 4 класе на алімпіяду запрасіла першая настаўніца Альбіна Іванаўна Жаркевіч. Я і цяпер не разумею, чаму яна выбрала менавіта мяне.
Вікторыя: Мне прапанавалі займацца беларускай мовай паглыблена ў 5 класе. Зараз я разумею, што падрыхтоўка да алімпіяды на працягу 6 гадоў не прайшла дарэмна.
— Марыя, ты з дзяцінства займаешся каратэ. Высокая славеснасць і такі байцоўскі від спорту — як гэта паспяхова спалучаецца ў адной асобе?
Марыя: Абсалютна спакойна. Спорт вельмі дапамагае здымаць эмацыянальныя стрэсы, развіваць фізічную вынослівасць. Згадзіцеся, гэта важная ўмова поспеху ў любым конкурсе.
— Вікторыя, у гэтым годзе на раённым этапе ты ўдзельнічала ў алімпіядзе адразу па 3 прадметах. Беларуская мова была заключным, цяпер прызнаюся, я вельмі баялася, што ты не справішся з такой колькасцю складаных задач.
Вікторыя: На шчасце, усё атрымалася: дыпломы I ступені па беларускай мове і грамадазнаўству, III ступені — па матэматыцы. Многія запытваюцца ў мяне, як дасягнуць такога поспеху. Мой адказ просты: трэба палюбіць прадмет, якім займаешся.
— Многія вучні і іх бацькі баяцца, што падрыхтоўка да алімпіяды перашкодзіць паспяховасці па іншых прадметах. Як пазбегнуць гэтага?
Марыя: Адначасова рыхтавацца да ўрокаў і алімпіяды не так складана, калі правільна размяркоўваць час.
Вікторыя: А я б параіла вучыцца размяркоўваць сілы, вучыцца майстэрству маленькіх крокаў.
— Мне як настаўніку вельмі хацелася б пачуць парады тым, хто рыхтуе вас да гэтага адказнага выпрабавання.
Марыя: Тут усё індывідуальна. Для мяне настаўнік — у першую чаргу, псіхолаг. Ён павінен адчуваць мой эмацыянальны стан, не задушыць мяне сваімі залішнімі патрабаваннямі.
Вікторыя: Я таксама згодна, што настаўніку трэба прыслухоўвацца да слоў вучня, каб сумесна выпрацаваць мэты і правільны накірунак дзейнасці. Безумоўна, ні адзін падручнік не заменіць вопыт і эрудыцыю педагога. Толькі ў такім выпадку тандэм «вучань — педагог» дасягне поспехаў.
— Я дакладна ўпэўнена, што поспеху ў любой справе садзейнічае матывацыя. Алімпіяды па беларускай мове і літаратуры — справа шматгранная. Лінгвістычны конкурс, водгук на мастацкі твор, вуснае выказванне — туры, якія патрабуюць выдатнай граматнасці, тонкага разумення мастацкага твора, аратарскага майстэрства. Добра ведаю, як няпроста падрыхтавацца да аднаго з іх, што ж тут казаць пра ўсе тры. Што дапамагала вам не спыніцца, не адчаіцца, калі штосьці не атрымлівалася?
Марыя: Цяпер можна гаварыць, не баючыся нешта сурочыць. Галоўнай матывацыяй для мяне служыла перспектыва атрымання 100-бальнага сертыфіката без здачы ЦТ. Цяжка апісаць хвалю эмоцый, якая нахлынула на мяне пры атрыманні дыплома I ступені, а гэта значыць, 100-бальнага сертыфіката.
Вікторыя: Мова — гэта ўніверсальны прадмет, які дапамагае вывучаць усе астатнія. Да таго ж я люблю ўдзельнічаць у розных конкурсах. Па характары я мабільная, імклівая, гэта дапамагае мне рухацца наперад. А папярэднія перамогі заўсёды натхняюць на новыя.
— А мне б хацелася выказаць словы падзякі вашым бацькам — Вячаславу Уладзіміравічу і Таццяне Мікалаеўне Афанасьевым і Сяргею Адамавічу і Валянціне Мікалаеўне Семяніцкім. У вашых перамогах утрымліваецца значны працэнт іх падтрымкі, цярпення, фінансавай дапамогі. Нізкі паклон ім за гэта!
Пагутарылі мы і аб тым, як палепшыць стан беларускай мовы ў нашым грамадстве. Бо, па словах доктара філалагічных навук А. А. Лукашанца, без ведання нацыянальнай мовы любому чалавеку значна цяжэй успрымаць нацыянальныя каштоўнасці, у тым ліку такія, якія робяць яго адметным сярод іншых.
І вось тут дзяўчыны загаварылі разам.
— Лепшая прапаганда мовы — размаўляць на ёй. Памятаеце словы Яўгеніі Янішчыц: «Ды калі ты не бязродны сын — гавары са мной па-беларуску». А пашыраць сферу выкарыстання мовы патрэбна рознымі спосабамі. Гісторыю беларусі, геаграфію Беларусі лепш выкладаць па-беларуску, павялічваць колькасць беларускамоўных артыкулаў у газетах. Цудоўна, што ў Мазыры ў транспарце аўтобусныя прыпынкі аб’яўляюць па-беларуску. Папулярызацыі мовы спрыяе і беларускамоўная рэклама.
Мы верым, што адносіны да нашай мовы зменяцца, што грамадства нарэшце зразумее: павага да народа пачынаецца з вывучэння яго нацыянальнай мовы.
Ларыса КРАЎЧАНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 14.