ВIЗАВI Наталлi КАНОПЛIЧ Мiкола МЯТЛIЦКI — вядомы беларускі паэт і перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Напярэдадні 32-й гадавіны з дня аварыі на ЧАЭС карэспандэнт газеты «Жыццё Палесся» сустрэлася з нашым земляком, творчасць якога, нібы ніткай Арыядны, пранізана чарнобыльскай тэмай, каб не толькі зазірнуць у балючае мінулае, але і падкрэсліць ролю паэта і грамадзяніна ў развіцці беларускай літаратуры ў нашы дні.
З дасье «Жыцця Палесся”
М.М.Мятліцкі нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977) працаваў рэдактарам аддзела ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1983 года – рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», з 2002 да 2014 года ўзначальваў часопіс “Полымя“.
– Мікола Міхайлавіч, для вас Гомельшчына – родная старонка. А хто ў свой час паспрыяў вашаму знаёмству і сяброўству з Мазыром?
– Мазыр – гэта горад, адкрыты ў 8-гадовым узросце, які ўбачыў я на свае вочы, прыехаўшы з бацькамі ў госці да родзічаў. І тая панарама суправаджае мяне на працягу ўсяго жыцця. Гэта панарама горада, якая адкрываецца з маста праз Пры-
пяць, шматпавярховасць і архітэктура будынкаў, незвычайнасць рэльефу і пейзажу. Здавалася, што будынкі, размешчаныя на выспах і выспачках, патанулі ў зеляніне, нагадваючы нейкую казку. Вось такая шчымотна-дарагая карціна засталася ў маёй памяці. Таму не раз я звяртаўся да ўспамінаў аб Мазыры ў сваёй творчасці. Але ж у горада, як і ў людзей, ёсць свая біяграфія. Мазыр, дарэчы, у свой час з’яўляўся абласным цэнтрам нашага Палесся, быў і застаецца дарагой калыскай для многіх нашых знакамітых землякоў.
– Безомоўна, пазней вы адкрывалі гэты горад з іншых бакоў…
– Маё сяброўства з Мазыром прадоўжылася ў сталым узросце, калі неаднаразова даводзілася разам з замежнымі і беларускімі пісьменнікамі ўладкоўвацца ў гасцініцу “Прыпяць”, а потым удзельнічаць у навуковых і творчых форумах, якія праходзілі на базе педагагічнага ўніверсітэта. Быў асабіста знаёмы з Валянцінам Шкурко – адным з першых яго рэктараў, які пазней узначальваў упраўленне вышэйшых устаноў адукацыі Міністэрства асветы БССР. Дарэчы, Мазыр лічыўся духоўным эпіцэнтрам усяго палескага краю, і было відавочна, як ён захапляў і кранаў да глыбіні душу кожнага сваёй непаўторнасцю, хто пабываў тут хоць аднойчы. У маім жыцці было шмат іншых гарадоў, і характэрна, што падабенства Мазыру я знайшоў у далёкім Ула-
дзівастоку, які вырас на сопках на ўзбярэжжы Ціхага акіяна. Засталіся ў памяці знакавыя сустрэчы, калі мне выпала быць у кагорце шматлікіх пачэсных гасцей падчас святкавання 850-годдзя Мазыра. Засталася ў памяці і будучая пераможца дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне» з адметным голасам, каму выпала праславіць не толькі гэты палескі горад, а і Беларусь на ўвесь свет, юная Ксенія Сітнік. Нельга ўявіць сённяшні Мазыр без трывалага прамысловага статусу, які складаюць нафтаперапрацоўчы, солевыварачны, кабельны, машынабудаўнічы і іншыя заводы, дзе рытм задаюць працавітыя мазыране, цесна паяднаныя з навукай, вялікім чалавечым інтэлектам. Яны не губляюць свайго вялікага таленту і духоўнага патэнцыялу. Гэта горад вялікіх літаратурных традыцый, якія знітоўваюць сівыя вякі з сучаснасцю, адлюстроўваючы мастацкі вобраз Беларусі і гэтага старажытнага горада над Прыпяццю. У гэтым вялікая заслуга мясцовых пісьменнікаў і паэтаў, сярод якіх – Галіна Дашкевіч, незабыўны Уладзімір Верамейчык, Анатоль Малюк, Васіль Андрыеўскі і іншыя творцы. З Мазыра вядзе паваротка на гістарычныя Юравічы, самабытныя Глінішчы, дзе больш шасці дзясяткаў год назад рэалізаваліся на літаратурнай прасторы героі палескай хронікі Івана Мележа. Я ўпэўнены, што мазыране не забываюць гэты шлях, не губляюць сваёй еднасці з гісторыяй яшчэ і таму, што гарадскі тэатр носіць імя вядомага класіка. Пасля такіх сустрэч з Мазыром у маёй творчасці заўсёды з’яўляліся новыя вершы, напоўненыя вялікай любоўю да роднага краю.
– Мікола Міхайлавіч, зараз вы знаходзіцеся на заслужаным адпачынку. Але ж ці ёсць у пісьменніка адпачынак, – той час, калі ён не працуе?
– У пісьменніка, калі ён адказны перад словам, творчы клопат пажыццёвы. Я памятаю клопаты пра літаратуру таго ж Івана Пятровіча Шамякіна, які нястомна працаваў да апошніх дзён свайго жыцця, і лічу, што яго жыццёвы шлях для нас, творцаў, з’яўляецца лепшым прыкладам у справе служэння роднаму беларускаму слову. Калі гаварыць пра адпачынак, то ён ёсць хіба толькі ад гаспадарчых клопатаў, таму што амаль на працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці мне давялося працаваць на адміністрацыйных пасадах то ў “ЛіМе”, то ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, то больш за 10 гадоў – у часопісе “Полымя”. Зараз адчуў, што больш сіл магу аддаваць менавіта творчым клопатам на літаратурнай ніве. І трэба прызнацца, што інтэнсіў-
насць узрасла ў разы. Хаця, па вялікім рахунку, я не так далёка адышоў ад грамадскай дзейнасці: з’яўляюся членам прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, паралельна з гэтым – членам прэзідыума таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі – творча кантактую з народамі многіх краін свету, прымаю ўдзел у пасяджэннях і розных мерапрыемствах, накіраваных на ўмацаванне культурных сувязяў і кантактаў з пасольствамі розных краін, таму што літаратура – гэта мост дружбы і народнай дыпламатыі, яна скіраваная на ўмацаванне сяброўскіх адносін. Калі ўзяць таварыства “Беларусь – Славакія”, якое я ўзначальваю, то на беларускай зямлі, і асабліва на Палессі, застаўся глыбокі славацкі след з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Нам вядома, што славацкія салдаты, прыгнаныя на нашу зямлю фашыстамі, сотнямі пераходзілі на бок партызан. Застаўся гэты след і на Хойнікшчыне, і на Ельшчыне, дзе свой геройскі подзвіг
здзейсніў Ян Налепка. Дзейнічаючы разам, нашы землякі і славакі ў сорак трэцім выпусцілі з “мокрага мяшка” атрад легендарнага Каўпака. Вось чаму я не магу сказаць, што замкнуўся толькі на творчай дзейнасці. Наадварот, у мяне з’явілася магчымасць больш увагі і часу аддаваць і грамадскай дзейнасці. Тое, што літаратура не павінна самаізалявацца, я ўсвядоміў яшчэ будучы галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. Нам патрэбна расхінаць свае вокны і дзверы, каб бачыць увесь свет. Гэтай справе шмат сіл і намаганняў аддаў таксама і мой папярэднік Максім Танк, дзякуючы чаму ў беларускую літаратуру прыйшоў з перакладзенымі на беларускую мову набыткамі шэраг паэтаў і празаікаў розных народаў.
– А вас асабіста штосьці закранула ў гэтым накірунку?
– Некалькі год таму я звярнуў увагу на кітайскую літаратуру, стаў займацца перакладамі кітайскай паэзіі, пра якую дагэтуль мы ведалі вельмі мала. Здаецца, што нас раздзяляла вялікая кітайская сцяна, якая існавала стагоддзямі. Дарэчы, сваю паэтычную скарбонку кітайскі народ збіраў на працягу некалькіх тысячагоддзяў, а яго гістарычны вопыт настолькі цікавы, што проста нельга не зазірнуць у яго таямніцы. Паміж нашымі дзяржавамі і народамі наладжаны добрыя палітычныя і эканамічныя стасункі, і мы маем магчымасць на лепшых прыкладах чалавечых адносін і духоўных каштоўнасцей навучыцца многаму. Кітай арыентуецца на цывілізаванае развіццё ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, паказвае рост самасвядомасці і ўзвышае чалавечае ў чалавеку…
– І што ўвогуле атрымалася?
– Такая праца паступова ператварылася ў цэлую школу, і мяне вельмі радуе, што накірунак, выбраны некалі мною, правільны. А ўсё пачыналася са зборніка вершаў сярэдневяковага кітайскага паэта Ван Вэя, падараванага мне Барысам Сачанкам. Прачытаўшы вершы геніяльнага паэта, з’явілася жаданне глянуць на паэзію Кітая шырэй. Пісьмовая паэзія Паднябеснай стваралася на працягу 24 стагоддзяў, адлюстроўваючы філасофскія думкі, разважанні і рэальныя факты чалавечага быцця, як гэта і хацеў паказаць у сваёй творчасці Ван Вэй, звяртаючыся да розных тэм, у тым ліку да вечнасці і азарэння… Першай кнігай нашай беларускай перакладчыцкай школы, якая прадставіла ў вялікім аб’ёме кітайскую паэзію не толькі розных стагоддзяў, але і некалькіх тысячагоддзяў, стаў зборнік “Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая”, у якім прадстаўлены творы ста выдатных паэтаў, пачынаючы з далёкай старажытнасці (ІV стагоддзя да нашай эры) і заканчваючы творамі паэтаў XX стагоддзя. Працягам гэтай дзейнасці стаў выхад новай кнігі пад назвай “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы. 100 паэтаў Кітая ХХ стагоддзя” (2017 г.), у якой адлюстроўваецца сучаснасць. Незвычайная назва распавядае пра гармонію жыцця і святла. Кветка хрызантэмы – жаночы пачатак, а лотаса – мужчынскі. У зборнік увайшлі творы ста таленавітых аўтараў ХХ стагоддзя. Калі імёны большасці паэтаў амаль нічога не скажуць нашым чытачам, то адзін з аўтараў – правадыр кітайскіх камуністаў Мао Цзэдун – вядомы на ўвесь свет. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Цуй Цымін наконт узаемадзеяння нашых літаратур сказаў так: “Мы будзем працягваць перакладаць беларускую літаратуру і публікаваць у Кітаі, а Беларусь будзе публікаваць пераклады сучаснай і класічнай кітайскай літаратуры”. Думаю, што гэтыя словы не патрабуюць каментарыя. Як зазначаў Канфуцый: “Было б жаданне, а дарогу знайсці можна”. Цытаты і афарызмы кітайскіх волатаў духу – гэта скарбніца жыццёвай мудрасці. І мне вельмі хацелася, каб у Беларусі пачулі і паэтычны. У рэшце рэшт, данесці да чытача, што на кітайскай зямлі жылі высока-
інтэлектуальныя людзі, якія імкнуліся да святла і пазнання, якія тварылі паэзію як вялікую грамадскую мараль, хацелі, каб душа спявала ў слове і каб слова знітоўвалася з вечнасцю. І відавочна, што са здабыткамі сваёй напружанай працы кітайскі народ выйшаў на сусветны ўзровень і наноў торыць свой адвечны шоўкавы шлях ужо ў ХХІ стагоддзі.
– А што вы думаеце наконт сучаснай беларускай літаратуры, калі хтосьці дапускае разважанне, што яна канула ў Лету?
– Беларуская літаратура заўсёды вылучалася сярод іншых сваім высокім гуманізмам. Я б сказаў, што яна – літаратура высокай мастацкай праўды. Спаслацца можна і на кнігі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, і на пасляваенную спелую мастацкую прозу, і на творы, прысвечаныя Чарнобылю, – такіх твораў шмат. З лепшых дасягненняў апошняга часу можна прыгадаць хоць бы раман “Ліхалецце” Ула-дзіміра Гніламёдава, які ў свой час друкаваўся ў часопісе “Полымя”. Самым дасканалым паэтам Еўропы другой паловы ХХ стагоддзя я лічу нашага славутага земляка Максіма Танка. Сённяшняя маладая беларуская літаратура наследуе лепшыя традыцыі класікаў: Купалы, Коласа і іншых таленавітых папярэднікаў. Радуе, што маладыя творцы не спакусіліся ўмоўнымі каштоўнасцямі, а працягваюць традыцыі гуманістычнай, рэалістычнай літаратуры. Беларускае мастацкае слова, на шчасце, яшчэ не страціла свайго колеру, водару, смаку, чаго не знойдзеш ужо ў многіх літаратурах свету. Гавару з упэўненасцю, таму што шмат перакладаю. Але такой асалоды, як ад беларускага таленавітага верша ці апавядання, не магу атрымаць! У беларускай літаратуры – і ў паэзіі, і ў прозе – ёсць таленты, якія здольны праславіць нашу краіну ва ўсім свеце, і на іх – наша надзея. Першапрычына гэтага ў тым, што Беларусь – суверэнная краіна са сваёй цікавай і багатай гісторыяй, якая мае моцны духоўны пасыл. І ў такой краіны проста не можа не быць высокадухоўнай і высокамастацкай літаратуры.
– Мікола Міхайлавіч, а адкуль узяла вытокі ваша творчасць?
– Я пачынаў з тэмы любові да роднага Палесся. Мне багата ёсць чаго сказаць пра край, адкрыты вялікім этнографам Чаславам Пяткевічам, які нарадзіўся ў маім Бабчыне ў ХІХ стагоддзі. Адкрываў я і яго з творчай падачы свайго земляка Барыса Сачанкі, прасочваючы рэаліі тагачаснага жыцця, а ў школьныя гады духоўным арыенцірам сталі творы Івана Мележа, з моцным сэрцабіццём і перажываннем за лёсы землякоў і будучыню сваёй радзімы. Менавіта і тэма, закранутая мною ў першым зборніку вершаў “Абеліск у жыце”, стала той творчай плынню, на якую я хацеў абапірацца ў сваім духоўным развіцці і літаратурным клопаце – стаць паэтам Палесся і рэалізаваць спаўна свае творчыя намаганні.
– Відавочна, што Чарнобыль запатрабаваў здаць экзамен экстэрнам?..
– Так. Чарнобыль усё перайначыў не толькі ў маім асабістым лёсе і светаўспрыняцці, але ж ён прымусіў мяне больш сур’ёзна акунуцца ў рэаліі сённяшняга, памножанага на прагрэс з усімі яго дадатнымі бакамі і выдаткамі развіцця, часу, асэнсаваць тое, што мы жывём не толькі ўспамінамі і мроямі пра шчасце, але і вялікімі сацыяльнымі трывогамі. Мы – сённяшнія насельнікі свету, а паэты – у першую чаргу, з’яўляемся ўстрывожанымі “дзяжурнымі па планеце”. Таму, сустракаючы кожны новы дзень, хочацца, каб было спакойна і шар утрымліваўся на гэтай арбіце ў роўным палёце. Каб не здрыгануўся ён ад новых войнаў, катастроф планетарнага маштабу, і разумееш, што місія паэта – унутраная чалавечая барацьба за тое, каб гомасапіенс заставаўся чалавекам у любых абставінах і варунках зямнога існавання.
– Які след у вашай душы і ў творчасці пакінула чарнобыльская тэма?
– Вялікую незагойную рану. Напярэдадні 32-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі я накіраваў у “ЛіМ” падборку сваіх новых гаркавых вершаў, пачаўшы яе са страфы: “Мінаюць восені і зімы. Пустэча ў роднай старане. Вялікі боль малой радзімы да скону ў сэрцы несці мне!” Да скону дзён у сэрцы мне несці неймаверна цяжкі боль страты, якую перажыў не толькі я, але і мае землякі. Можна ад’ехацца, быць дзясяткі год разлучаным з роднымі мясцінамі, але ж усведамляць, што там жывуць людзі, там ёсць жыццё… А калі ты ведаеш, што вяртання не будзе, што пяройдзена мяжа жыцця, то цяжар у душы неймаверна ўзрастае… Чарнобыльская тэма хоць і займае ў маёй творчасці значнае месца, але ж пасялілася не на пажыццёва і, на шчасце, не займае ўсю маю духоўную прастору. У свой час я зрабіў крок насустрач пазачарнобыльскай Беларусі, пабываў у многіх краях нашай Айчыны і знайшоў той жыццетрывалы рычаг, які дапамог мне перажыць асабісты боль. У гэты перыяд я адкрыў для сябе хараство Браслаўскіх азёр і таямніцы старажытнага Полацка, запаветны матыў Белавежскай пушчы і неўміручую мужнасць і славу абаронцаў Брэсцкай крэпасці, авеяны легендамі Магілёў і калыску культурнай прасторы з яе «Славянскім базарам» – Віцебск, з іншага боку ўбачыў прыгажосць Палаца Румянцавых-Паскевічаў і шмат іншых цудоўных мясцін, якія ўвайшлі ў «Залатое кола Гомельшчыны». Гэта ўжо была Беларусь сучасная, эканамічна і духоўна акрыленая, прыведзеная ў належны стан працавітым народам, кожны новы дзень якога пазначаны стабільнасцю развіцця.
– А чым для вас была і засталася Хойнікшчына?
– Гэта малая радзіма. Як сказаў Барыс Сачанка: – “Гэтая зямля застанецца зямлёй маіх продкаў”, якія сышлі з родных мясцін не па ўласным жаданні. Многіх ужо няма сярод нас, але ж яны жывуць у маёй памяці. З многімі падтрымліваю сувязь і адчуваю, што для іх, як і для мяне, малая радзіма – самая дарагая сэрцу мясціна, якой мы абавязаны жыццём. Я веру, што магчыма праз стагоддзі там будзе новае жыццё. Толькі наўрад ці будуць ведаць нашчадкі, як называліся ўрочышчы, азёры, рэкі, вёскі, у якіх віравала жыццё. У памяці застанецца вуліца, зарослая хмызняком, дзе калісь я ўбачыў сонца, адчуў дыханне роднай зямлі, якая ўзгадавала нас. Там усё было ўпершыню: і першы дождж, і першая маланка, і спелыя вішні… Гэта тое ўсё, што стала асновай майго лёсу і маёй творчасці.
– І хто дапамагаў вам будаваць і мацаваць гэты духоўны падмурак?
– На генетычным узроўні мне штосьці перапала ад дзеда Яўхіма, які пісаў вершы і ў свае 74 гады быў самым актыўным чытачом мясцовай бібліятэкі і лепшым інфарматарам для аднасяльчан. А ў плане адукацыі я пажыццёва ўдзячны сваёй любімай настаўніцы Эміліі Мечаславаўне Купрэйчык (на жаль, яе ўжо няма сярод нас), якая была і маім першым слухачом, і рэцэнзентам, і дарадцам, і кансультантам. З таго моманту, як яна адчула, што з мяне будзе толк, то ў мяне скончылася бесклапотнае дзяцінства (смяецца). Але ж дзякуючы такому клопату, я адкрываў многія творы класікаў, дэкламаваў вершы вялікіх паэтаў і ў 6 класе стаў спрабаваць свае творчыя сілы. І першы верш “Лета”, надрукаваны ў 1969 годзе ў газеце “Піянер Беларусі”, раптам праславіў хлапчука з Бабчына Колю Мятліцкага на ўсю Беларусь. Гэта стала не гонарам, а добрым штуршком для далейшай вучобы і, мусіць, паклала пачатак будучай творчасці. Пэўнай падтрымкай на гэтым этапе, каб я не скарыўся перад цяжкасцямі, былі цэлыя кіпы пісем, якія ішлі ў мой адрас адусюль, а таксама мае аднакласнікі і настаўнікі, у ліку якіх
В. А. Зелянкоўскі, В. Н. Самсоненка, У. Ф. Піляк, В. Р. Нікіценка, С. І. Евянок, С. Д. Дашук, Н. Д. Харлан, В. С. Бачышча, У. А. Краўчанка і інш. Я ўпэўнены, што, калі б не іх удзел у маім лёсе, то, магчыма, я і не стаў бы тым, хто ёсць зараз.
– З чыёй дапамогай адчулі жывое дыханне гісторыі літаратуры і спазналі непаўторнасць і прыгажосць сінявокай Беларусі?
– Літаратурным настаўнікам для мяне быў Іван Пятровіч Шамякін – аднакурснік маёй любімай настаўніцы, які пры жыцці сказаў Эміліі Мечаславаўне словы падзякі “за яе і за свайго вучня”. Сваім кожным раннім радком я абавязаны Анатолю Вялюгіну, які сачыў за маёй творчасцю да апошніх дзён свайго жыцця. Я
ўдзячны лёсу за асабістае знаёмства з Іванам Паўлавічам Мележам, які ў свой час наказаў мне пісаць настойліва і не кідаць творчую справу. Стасункі з вядомымі
пісьменнікамі і паэтамі Беларусі дзень за днём рабілі моцны ўплыў на маю свядомасць і далейшы шлях у вялікую літаратуру.
– Якія падзеі сталі вызначальнымі ў вашым лёсе?
– Найперш, тое, што я, хлапчук з палескай вёскі, стаў студэнтам прэстыжнага на той час філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які заканчвалі многія нашы вядомыя пісьменнікі. Гэта дало магчымасць адразу ж далучыцца да вялікай літаратуры. Немалаважнай падзеяй лічу і акадэмічны адпачынак, звязаны са станам здароўя, пасля першага курса. Гэта дазволіла мне не толькі падмацаваць свае сілы, але і прайсці ў якасці карэспандэнта раёнкі ад краю да краю ўвесь Хойніцкі раён у дачарнобыльскі час. Яшчэ адной лёсавызначальнай падзеяй лічу тое, што пасля заканчэння ўніверсітэта мяне запрасілі на працу ў штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, дзе адразу давялося сур’ёзна заняцца літаратурай. Прызначэнне на пасаду галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” было нечаканасцю, пачэснай і адказнай. Дванаццаць гадоў працы ў “Полымі” шмат чаго далі мне як чалавеку і літаратару. Прысуджэнне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы – таксама значная падзея ў маім жыцці. Хоць паэт піша не дзеля прэмій, а таму, што патрабуе яго душа, але так здарылася, што мая лёсавая кніга “Бабчын. Кніга жыцця”, якая выклікала вялікі грамадскі рэзананс, была адзначана Дзяржаўнай прэміяй – і такая адзнака працы для мяне мела вялікае значэнне. Значнай падзеяй лічу таксама выхад у свет кнігі “Пад крыламі Дракона. Сто паэтаў Кітая” (я – перакладчык і ўкладальнік), за якую адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Праца над гэтай кнігай дазволіла бліжэй пазнаёміцца з паэзіяй Кітая, якая адлічвае ўжо 25-е стагоддзе: яна вельмі рэалістычная, вобразная – і геніяльная ў сваёй прастаце. Калі чытаеш, што тысячагоддзі назад людзей хвалявала, – па вялікім рахунку, тое ж, што і сёння: клопат пра дзяцей, пра хлеб надзённы, пра абарону свайго жытла, – то разумееш, што паэзія – гэта вечнасць.
– А якія, на вашу думку, ёсць лёсавызначальныя падзеі ў жыцці Беларусі?
– Першае і галоўнае – гэта набыццё нашай краінай сваёй незалежнасці, што мае вялікае значэнне для кожнага беларуса. Адметна, што ў адзін і той жа дзень мы адзначаем Дзень Незалежнасці і Дзень вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі ўсведамляеш, што яшчэ 73 гады назад Беларусь ляжала ў руінах, а за гэты невялікі прамежак часу яна паўстала з папялішчаў, і бачыш, якой стала, то нельга не ганарыцца сваёй Радзімай і сваім народам. Калі глядзець глыбей у гісторыю, то лёсавызначальнай падзеяй можна назваць уваходжанне беларускіх земляў у Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае – менавіта так яно называлася ў тыя часы, і менавіта тады беларуская мова была дзяржаўнай у гэтай вялікай краіне. Гэта з’яўляецца своеасаблівай гарантыяй, што родная мова будзе развівацца і надалей. Таксама хачу адзначыць, што 500 гадоў назад была надрукавана першая кніжка на беларускай мове, і ў 2017
годзе мы адзначылі гэтую славутую падзею. Па вялікім рахунку, усе мы, пісьменнікі, – дзеці Скарыны, бо з яго першадрукаў пачалася наша беларуская друкаваная кніга.
– На ваш погляд, якія творы павінен прачытаць кожны беларус?
– Найперш, гэта творы Янкі Купалы – паэма “Курган” і іншыя паэмы, вершы, драматычныя творы. Безумоўна ж, у гэтым спісе павінна быць “Новая зямля” Якуба Коласа, якую называюць энцыклапедыяй народнага жыцця. Яшчэ лічу, што кожны беларус павінен прачытаць “Трывожнае шчасце” Івана Шамякіна, “Людзей на балоце” Івана Мележа, “Знак бяды” Васіля Быкава, пазнаёміцца з творамі Янкі Маўра, Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага, Міхася Лынькова, Алеся Адамовіча, Барыса Сачанкі.
– На вашу думку, сярод сучаснікаў ёсць літаратары, якія адлюстроўваюць у сваіх творах традыцыі і гонар беларускай зямлі, яе горыч, турботы…
– Тэма сучаснага чалавека з яго жыццёвымі клопатамі гучыць у творчасці многіх: Алеся Бадака і Алеся Наварыча, Андрэя Федарэнкі і Анатоля Сыса, Рагнеда Малахоўскага і Алеся Бараноўскага, Міколы Галавача і Янкі Лайкова, Георгія Марчука і Міколы Чарняўскага, Уладзіміра Гаўрыловіча і Уладзіміра Саламахі, Міколы Маляўкі, Міхася Пазнякова, Алеся Марціновіча. Цэлае суквецце паэтэс таксама кранае тэму любові да роднай зямлі.
– Ці ёсць тэма, якая сёння лічыцца праблемнай?
– Гэта тэма ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя. На жаль, яна стала актуальнай у літаратуры ў цяперашні час. Мы павінны клапаціцца ў планетарным маштабе пра чысціню і дабрабыт на прасторы нашага агульнага дома пад назвай “Зямля”, пра ўзнаўленне лясоў, каб аднойчы не адчуць дэфіцыт кіслароду. Пры моцным развіцці вытворчасці мы ні ў якім разе не павінны забываць пра галоўную праблему – скарачэнне небяспечных выкідаў у атмасферу, якія шкодзяць усяму жывому. Калі мы будзем накіроўваць свае намаганні на агульную справу, то, безумоўна, кожнае месца, якое называем сваёй малой радзімай, стане ўтульнейшым і прыгажэйшым. У мяне падрастае ўнучка. І я хачу, каб мая Беларусь і праз дзясяткі гадоў была такой жа чыстай і светлай, як вочы маёй Надзейкі.
– Мікола Міхайлавіч, якія здабыткі папоўнілі ваш паэтычны скарб у апошнія гады?
– За апошнія гады мой творчы ўмалот павялічыўся на 8 кніг паэзіі, 6 зборнікаў перакладаў. Рыхтуецца да выхаду з друку кніга “Начныя птушкі” (пераклад вершаў народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна) і працягваецца калектыўная праца над кнігай, прысвечанай да 100-годдзя з дня нараджэння
І. П. Мележа…
– Напрыканцы хачу спытаць: ці ёсць мара ў майго паэта-земляка?
– У маім сэрцы жыве таемная мара: хачу, каб лёс дапамог аднойчы на некалькі дзён патрапіць у сваю родную вёску, як і калісьці ў 1995 годзе, калі працаваў там над кнігай. Прайсці па вуліцах сённяшняга Бабчына, прыпомніць часы, калі там галёкала маё маленства, зазірнуць у вокны ацалелых пустых хат і наноў пакласці на паперу свой боль, тугу, перажыванні і любоў…
– Я жадаю, Мікола Міхайлавіч, каб ваша мара здзейснілася. Вялікі дзякуй за гутарку.
Бліц
– Калі пражыты час дастаўляе вам асаблівую радасць?
– Калі ён пражыты не марна.
– Якія якасці вы больш за ўсё шануеце ў людзях?
– Дабрыню і сумленнасць.
– Складнікі сапраўднай дружбы?
– Узаемапавага і адданасць.
– На чым грунтуецца годнасць чалавека?
– На ўсведамленні гістарычнага шляху твайго народа.
– Адметнасць культуры чалавека…
– Перш за ўсё – выхаванне. Культурны чалавек ніколі не дазволіць сабе прынізіць іншага.
– У чым, па-вашаму, заключаецца сэнс жыцця?
– У кожнага ён свой: гэта сям’я, дзеці як працяг чалавечага роду. Менавіта гэта я адчуваю, калі бяру на рукі сваю ўнучку Надзейку. У гэты час маё сэрца поўніцца радасцю і шчасцем.
– А прызначэнне паэта і пісьменніка?
– Безумоўна, у творчасці. І вельмі хочацца, каб штосьці з гэтага “творчага ўмалоту” гучала і пасля мяне.
Вывад
Хаця з таго красавіцкага дня мінула 32 гады, памяць пра чарнобыльскую катастрофу ў нашых душах і сэрцах не згасае. Яна будзе служыць новым пакаленням напамінам пра тое, што ўсе мы, зямляне, у адказе за вялікія і малыя справы на роднай зямлі! І асабліва – за чысціню прыроды і акаляючага асяроддзя. Жыццё, як ні круці, працягваецца!
Шаноўныя мазыране!
Я з маленства закаханы ў ваш горад, які ў маім уяўленні, нібы белы лебедзь, гайдаецца на хвалях блакітнай Прыпяці. Калі гляджу на поўдзень, то бачу Мазыр, і мне здаецца, што там прачынаецца сонца і прыходзіць да мяне, аддаючы сваю цеплыню. Шчыра жадаю, каб ваша Прыпяць была заўсёды паўнаводнай, плыткай, але ж каб не хмурылася і не вельмі штарміла. Каб ваша старое замчышча ўзносіла вас у вышыню і давала магчымасць зазірнуць у глыбіню пражытых стагоддзяў, зачэрпнуць чыстае вады з калодзежа – тае духоўнай вільгаці, якая прыдала вам сіл у штодзённым руху па родных вуліцах, насустрач каханым, родным, кожнаму новаму дню, які вы сустракалі б з вялікай жыццёвай радасцю.
З павагай і любоўю да вас, Мiкола МЯТЛIЦКI.