Рэспубліканская прадметная алімпіяда. Фінал у Мазыры!

1458

Мінулы тыдзень у Мазырскім раёне прайшоў пад знакам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, па Сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі.

Інтэлектуальны марафон даўжынёй у тыдзень: адкрыццё фінальнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды адбылося 26 сакавіка, у панядзелак. Для ўдзелу ў ёй у Мазыр прыехалі старшакласнікі з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска. І не толькі! Упершыню ў прадметнай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры ўдзельнічалі і навучэнцы з Літвы і Польшчы.

На ўрачыстым адкрыцці алімпіяды, якое прайшло на базе сярэдняй школы № 16 г. Мазыра, прысутнічалі ганаровыя госці — кіраўніцтва Мазырскага раёна, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дырэктары ўстаноў адукацыі, выкладчыкі і студэнты Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. І. П. Шамякіна, знакамітыя педагогі і многія іншыя.

З цёплым пажаданнем да ўдзельнікаў алімпіяды і іх груп падтрымкі звярнулася старшыня Мазырскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Аляксееўна Назаранка:

— Сёння вы ўжо пераможцы. Вы — таленты, вы — будучыня нашай краіны. Поспехаў вам і цярпення! — пажадала яна школьнікам, адзначыўшы, што некалькі дзён, праведзеных у Мазыры, напэўна запомняцца ўсім дзецям як яркія моманты плённай інтэлектуальнай працы, новых знаёмстваў і новых адкрыццяў.

Ацэньвалі веды ўдзельнікаў Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды вядомыя дзеячы беларускай навукі. Так, калегію журы па беларускай мове і літаратуры ўзначаліў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец. Веды ўдзельнікаў алімпіяды па гісторыі ацэньвала калегія, старшынёй якой стаў намеснік дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Іванавіч Малюгін.

Хваляванне, напружанне розуму, жаданне паказаць лепшыя вынікі — няпросты быў тыдзень для школьнікаў з усіх куткоў Беларусі і краін-суседак. Але і мноства разнастайных падзей чакала ўдзельнікаў алімпіяды. Пазнаць Мазыршчыну бліжэй, дакрануцца да гісторыі і культуры жывапіснага краю беларускага Палесся — гэтая магчымасць, вядома, была ў алімпіяднікаў. Разнастайныя экскурсіі, канцэрты, цікавыя сустрэчы насыцілі працоўную праграму Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

А вынікі працы падводзіліся ў пятніцу, 30 сакавіка. Урачыстае закрыццё алімпіяды праходзіла ў Гарадскім палацы культуры Мазыра. Усё самае складанае ўжо ў мінулым, а атрымліваць заслужаныя ўзнагароды заўсёды прыемна. Акрамя дыпломаў I, II і III ступені фінальнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды, удзельнікі таксама ўзнагароджваліся адмысловымі прызамі — ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мазырскага раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама, а таксама ад спонсараў — выдавецтва «Аверсэв», «Беларусбанк», «Белзнешэканамбанк», «Белінвестбанк». Утомленыя, але радасныя, удзельнікі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды развіталіся з Мазыром.

Вядома, нельга не сказаць пра поспехі нашых юных землякоў. Мазыранка Вікторыя Семяніцкая, навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 14, стала дыпламанткай ІІІ ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

Усяго ж, як адзначылі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама, школьнікі нашага горада заваявалі 9 дыпломаў на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Па хіміі — два дыпломы ІІ ступені: у навучэнца 9 класа сярэдняй школы № 16 Рыгора Гардунова і навучэнца 10 класа гімназіі імя Я. Купалы Мікалая Найдзёнава. З дыпломам ІІІ ступені па грамадазнаўству вярнулася навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 15 Паліна Ліпская. І адразу пяцёра выхаванцаў Аляксея Барунова, кіраўніка гуртка спартыўнага праграмавання цэнтра юных пажарных сталі дыпламантамі па інфарматыцы. Дыпломы І ступені ў вучня 11 класа сярэдняй школы № 1 Дзяніса Піваварава і вучня 11 класа сярэдняй школы № 11 Івана Рэўта. Дыплом ІІ ступені — у вучня 11 класа сярэдняй школы № 14 Аляксандра Крывашэева, дыпломы ІІІ ступені — у вучня 11 класа сярэдняй школы № 1 Сяргея Піскуна і навучэнца 10 класа сярэдняй школы № 15 Вячаслава Акуленка.

Віншуем і жадаем новых поспехаў у вучобе і творчасці!

Алена МЕЛЬЧАНКА.

 

 

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: