Гэты дзень з’яўляецца знакавым для ўсіх славянскіх народаў, якія карыстаюцца кірыліцкім алфавітам. Гісторыя сцвярджае, што ў Беларусі ён святкуецца з 1986 года, а дата — 24 мая абрана не выпадкова: у гэты дзень праваслаўная царква ўшаноўвае памяць роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, асветнікаў і прапаведнікаў хрысціянства.
Згодна летапісу, браты Кірыл і Мяфодзій, легендарныя стваральнікі славянскай азбукі кірыліцы, нарадзіліся ў Грэцыі ў сям’і высокапастаўленага ваеннага. Старэйшы з сямі братоў Мяфо- дзій, спачатку, як і бацька, знаходзіўся на ваеннай службе і на працягу дзесяці гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балгарскіх абласцей, а затым пастрыгся ў манахі. Яго брат Канстанцін (у манастве Кірыл) атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі, і стаў бліскучым філосафам. Ён прыняў сан святара і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Не раз Кірыл быў абаронцам праваслаўя ў спрэчках з ерэтыкамі і нявернымі. Дарэчы, яму было прыпісана аўтарства глаголіцы — другой славянскай азбукі. Кірыл змагаўся з жыццёвымі праявамі ў сталічным горадзе і неўзабаве перабраўся ў манастыр да старэйшага брата Мяфодзія. У манастыры было шмат манахаў-славян, таму, размаўляючы з імі, браты ў хуткім часе вывучылі славянскую мову.
У 863 годзе па запрашэнні князя Расціслава Кірыл і Мяфодзій прыбылі ў Вялікую Маравію з рэлігійна-асветніцкай місіяй — прапаведваць хрысціянства. Браты прыбылі туды са створанай імі славянскай азбукай і ўласнымі перакладамі рэлігійных кніг на славянскую мову. На працягу трох гадоў яны прапаведвалі новую веру, навучалі народ славянскай грамаце, адкрывалі храмы. З тых часоў для славян надыйшло новае жыццё, з’явілася магчымасць самабытнага духоўнага развіцця пад дабратворным дзеяннем пропаведзі і набажэнства на роднай славянскай мове. Кірыл і Мяфодзій фактычна сталі стваральнікамі літаратурнай мовы, зразумелай усім славянам.
Пасля смерці Кірыла яго брат Мяфодзій быў прысвечаны ў біскупы і працягваў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Ён ажыццявіў поўны пераклад на славянскую мову ўсіх біблейскіх кніг.
Дзейнасць святых братоў атрымала шырокі рэзананс на тэрыторыі Славеніі. Іх вучні з цягам часу завяршылі пачаты пераклад Святога Пісання і богаслужэбных кніг з грэчаскай на стараславянскую мову. Вучнямі Кірыла і Мяфодзія напісаны жыціі святых братоў, якія былі вельмі папулярнымі ва ўсходніх славян. Кірыл і Мяфодзій узведзены ў ранг святых каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі.
Наталля КАНОПЛІЧ.