І ў перыяд летніх канікул вучні СШ № 7 Ксенія Старавойт і СШ № 15 Марк Брыцько часта наведваюць гарадскую бібліятэку імя В. Харужай, каб акунуцца ў дзіўна цікавы і захапляльны свет кнігі, пасядзець у бібліятэчнай цішы і асэнсаваць прачытанае.
А сёння юныя чытачы вырашылі пагаварыць пра сваe любімыя беларускамоўныя выданнi. Ксеніі вельмі падабаюцца «Беларускія народныя казкі», а любімая кніга Марка — «Палескія рабінзоны» Я. Маўра.
— Нi дня не праводжу без чытання, без зносін з кнігай, — распавядае Ксюша. — Асабліва мне падабаецца фантастычная літаратура і казкі. Бо ўся народная мудрасць у іх!
Мае любімыя беларускія казкі — «Залаты птах», «Лісіца-хітрыца», «Стары бацька» і іншыя. Усе яны вучаць нас сумленнасцi, справядлівасцi, дабраце, міласэрнасці, спагадзе.
Вельмі цiкава чытаць і беларускія байкі, у іх заўсёды ёсць схаваны павучальны сэнс…
Ксеніі таксама падабаецца перачытваць прозу В. Быкава, вершы і апавяданні Я. Коласа. Гэтыя ж вядомыя беларускія аўтары прыцягваюць і Марка. А яшчэ хлопчыку падабаецца, як пішуць Я. Купала, У. Караткевіч.
— Калі паглыбляешся ў іх творы, то нібы апынаешся ў тым жа часе, у тым жа месцы, дзе і героі, цалкам рэальна адчуваеш і ўспрымаеш усё тое, што адбываецца, — заўважае Марк.
— Кожны дзень да нас прыходзяць ў сярэднім 30 дзяцей рознага ўзросту, — кажа бібліятэкар Людміла Адамаўна Вягера. — У гарадской бібліятэцы імя В. Харужай па стане на 1 ліпеня гэтага года запісана 2423 чытача, з якіх 1265 — дзеці да 15 гадоў. За першае паўгоддзе было выдадзена 3688 кніг на беларускай мове (1403 — для дзяцей да 15 гадоў). Вельмі прыемна канстатаваць, што літаратура на беларускай мове вельмі папулярная сярод школьнікаў, прычым яны чытаюць не толькі праграмныя творы…
Застаецца толькі пажадаць нашым юным чытачам менш часу сядзець у інтэрнэце, а больш чытаць карысных і ра- зумных кніг на роднай мове. І памятаць, што родная мова — гэта галоўнае багацце!
Аляксандр ШЧАРБАКОЎ.
Фота аўтара.