У мінулае з плёнкай

388

Зараз нашыя мабільныя тэлефоны ўмяшчаюць у сябе шмат неабходных рэчаў: каляндар, будзільнік, запісную кнігу, пошту, калькулятар і нават компас! І галоўнае, асабліва, калі ты журналіст, дыктафон. Трэба сказаць, вельмі карысная рэч. Не трэба трымаць у памяці пачутае, а можна ўзяць і паслухаць.

Так зрабіла і я, калі нечакана мне трапіўся ў бабулі дыктафон. Узяла і паслухала…

Спачатку там, унутры, нешта крахтала, быццам прачышчала горла, каб паведаць тое, што запомнілася. І вось, адтуль пачуліся галасы. Адзін старэчы, другі зусім малады. На хвіліну падалося, што гэта я задаю пытанні, але гэта быў голас маёй маці. А старэйшы голас, як потым патлумачыла мне бабуля, належыў майму прадзеду.  Мне было дзіўна, бо ён амаль 16 гадоў як памёр, але на запісу прадзед быў жывы, быццам сядзіць побач і расказвае цікавыя гісторыі…

“… Неяк мы з таварышам гулялі ў хованкі. Гэта было ці вясной, ці летам, зараз дакладна не памятаю. Памятаю, што на прыгуменку стаяла старая бяроза.  Яна многа, відаць,  гадоў давала свае сокі, а потым сагніла, абразаваўшы ў сярэдзіне дупло. На працягу гульні заглянуў туды і ўбачыў медную кружку, якая ляжала ў дупле на самым дне, вось. Сваім дзіцячым разумам, от, дайшоў, што гэта кружка не прастая, што трэба яе дастаць. Але яна была там замацавана нечым і вельмі цяжкая, от, таму я расказаў дома маці. На другі дзень я зноў туды пайшоў, каб паспрабаваць выцягнуць тую кружку яшчэ раз. На жаль, яе там ужо не было. Но потым выяснілася, што дзеда таго хлопца, з якім я гуляў, забраў НКВД за хованку золата. Вось так…”

Потым голас на касеце змяніўся, і я пазнала сваю прабабулю. А далей пачула і яе гісторыю:

“У Каменцы, значыць, жыў пан. А дзядзька мой, Пятро, служыў у таго пана парабкам. Дзядька Пятро і жыў там, на тым селішчы, дзе быў дом пана. Ну і калі прыйшла савецкая ўлада, той пан даў дзядзь- ку золата: ідзі ты, парабак, схавай яго, цябе ругаць не будуць. Гэты парабак прыйшоў у Маісееўку да сваёй цешчы, схаваў тое золата пад парогам, замест якога быў камень, такі шырокі, плоскі. Падкінуў, значыць, золата, пакуль цешча не бачыла, і пайшоў назад у Каменку. Прыходзіць, а таго пана б’юць, трасуць, дапытваюцца, дзе золата. Дзядзька Пятро зноў пайшоў у Маісееўку да цешчынай хаты. А з іх ніхто і не ведаў, што пад парогам золата закопанае ляжыць. Вярнуўся, аддаў золата пану. Раскулачылі таго пана потым, саслалі кудысь. А парабак той застаўся жыць на селішчы, дзе жыў пан. Месца там было добрае, яны сяліліся толькі на лепшых землях, тыя паны: крыніца цякла, на бугры стаяў дом, там было шмат парэчак! Так і застаўся там жыць дзядзька Пятро, а пасля і яго дзеці…”

А касета ўсё адматвала плёнку. Чуліся галасы маіх бацькоў, такія звонкія і маладыя. Затым нейкая класічная мелодыя… Чула яшчэ і яшчэ. Чула моманты жыцця дваццацігадовай даўнасці. А касета ўсё далей адматвала плёнку…

Кацярына МЕДВІДЗЬ, член гуртка “Юны журналіст” МЦТДМ.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: