Звярнуцца да душы

357

І такой можа быць мэта навукова-даследчай працы

На гэтую тэму з намі разважае Марына Яўгеньеўна БАбына, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Мазырскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа.

— Асноўнае пытанне вельмі лагічнае: «Палітэхнічны каледж, вучні з тэхнічным складам розуму, навошта ім гуманітарныя навукі ўвогуле і беларуская літаратура ў прыватнасці?

— Беларуская мова  і літаратура  ўваходзіць у пералік агульнаадукацыйных прадметаў, што з’яўляюцца  абавязковымі для засваення адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі. Наша мова з’яўляецца адной з дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь і каштоўным сацыяльна-культурным скарбам нацыі. Ва ўстановах адукацыі беларуская мова вывучаецца не толькі як знакавая сістэма і сродак абмену думкамі. Выкладчыкі  наладжваюць працэс навучання такім чынам, каб адным з галоўных напрамкаў у іх працы стала фарміраванне сапраўднага
грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, удумлівага чытача, адукаванага суразмоўніка, спагадлівага, высакароднага чалавека. Патрэбна дапамагаць навучэнцам назапашваць навыкі, неабходныя для сама-
адукацыі, самапазнання і выхавання, вучыць карыстацца імі ў штодзённым жыцці.

Мой абавязак  — навучыць сваіх выхаванцаў карыстацца беларускім словам, дапамагчы ім авалодаць маўленчай этыкай і культурай. Не з’яўляецца зараз сакрэтам тое, што сёння дзеці мала чытаюць, не валодаюць мастацкім словам. А значыць, трэба шукаць шляхі, каб ліквідаваць гэтыя прабелы. Я імкнуся навучыць дзяцей думаць, аналізаваць факты, умець працаваць з інфармацыяй. Гэта карысна для спецыяліста ў любой сферы. Урок літаратуры становіцца найперш працэсам жыццеспазнання,  скіроўваецца на выпрацоўку крытычнага мыслення. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца развіццю творчых здольнасцей, навыкаў і ўменняў самастойнай працы.

Класічная беларуская літаратура, у прыватнасці, творы Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна тым і добрая, што яе можна перачытваць пастаянна. І абавязкова адкрыеш што-небудзь новае для сябе. Гэта мноства сітуацый на «падумаць», на якія няма адзіна правільнага адказу. Прычым у класічнай літаратуры апісана, як выходзіць са складаных жыццёвых сітуацый і як ні ў якім разе нельга вырашаць свае праблемы. Паступова ідзе  працэс фарміравання сістэмы каштоўнасных арыентацый навучэнца, адносін яго да жыцця, да людзей, працэс усведамлення сябе асобай.

Далучэнне навучэнцаў да даследчай дзейнасці дазваляе педагогу
вырашыць цэлы рад адукацыйных праблем, якія звязаны з індывідуальным падыходам, стварэннем станоўчай вучэбнай матывацыі, развіццю пазнаваўчых здольнасцей навучэнцаў. Мяняецца і пазіцыя выкладчыкаў: з носьбіта гатовых ведаў ён ператвараецца ў арганізатара і каардынатара пазнаваўчай, даследчай дзейнасці сваіх навучэнцаў.

Самастойнасць, адказнасць, настойлівасць, мэтанакіраванасць — вось той поўны пералік якасцяў, якія можа развіць у сабе навучэнец, які зацікавіўся даследчай дзейнасцю. Таму даследчая
дзейнасць – гэта працяг працы па ўмоўнай тэме «Навучыць дзяцей думаць». Мы напісалі цікавую працу пра Андрэя Федарэнку. Гэта беларускі пісьменнік, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, стыль-рэдактар літаратурнага часопіса «Дзеяслоў». І, акрамя цікавых кніг, адкрылі для сябе, што ён скончыў Мазырскі палітэхнікум і сам родам з нашага раёна! Моцна нас усхвалявала і праца па тэме «Рэха Чарнобыля ў  сэрцах мазыран». Удзельнічалі не толькі навучэнцы, але таксама іх бацькі, былыя ўдзельнікі тых падзей. Успомнілі шмат цікавых дэталяў: як працавалі ў зоне паражэння самі, як удзельнічалі вайскоўцы… А 1 траўня пайшлі на святочную дэманстрацыю ў Мазыры, і тры гадзіны чакалі, прыгожыя і прыбраныя, калі яна пачнецца…

Быццам бы дробязі, эпізоды з кніг і жыцця, але яны прымушаюць думаць, шукаць творчыя падыходы да вырашэння задач і ў жыцці, і на вытворчасці. Галоўнае, каб тэма даследавання знаходзіла жывы водгук у душы, была зваротная сувязь паміж выкладчыкам і навучэнцам. Лічу вельмі важным, каб тэматыка прац па даследчай дзейнасці была звязана з краязнаўчым накірункам. Даследчыя працы “Залатыя рукі майстрых Гомельшчыны”, “Зорка таленту Андрэя Федарэнкі”, “Таямніцы Мазыршчыны” несумненна спрыялі не толькі развіццю дапытлівасці, інтэлекту, рэалізацыі  творчых здольнасцей навучэнцаў, але і ўменняў самастойна праводзіць дыягностыку сваіх унутраных магчымасцей і, 
паслядоўна рухаючыся па вызначаных кроках даследавання, авалодваць новымі ўменнямі і навыкамі, звязанымі з прымяненнем камп’ютарных праграм і іншых тэхнічных сродкаў, праз самастойную працу пашыраць вобласць індывідуальных ведаў. Пры гэтым стаць не толькі свядомым членам грамадства, патрыётам сваёй Ра-
дзімы, але і ініцыятыўным чалавекам, які ўмее думаць, быць творчым працаўніком.

…Часта бывае так, што дзейнасць чалавека неаддзельная ад яго асобы і ўнутранага свету. Ёсць такое справядлівае меркаванне: калі настаўнік беларускай мовы, выйшаўшы з урока, перастае гаварыць па-беларуску, то гэта несапраўдны настаўнік. Дык вось, Марына Яўгеньеўна — самы што ні на ёсць сапраўдны настаўнік-беларусазнаўца.

— Дома размаўляю па-рознаму. А ў каледжы дзеці спачатку дзівяцца, калі ў першы раз сустракаюць мяне ў верасні і чуюць маё прывітанне. Спачатку трохі перакрыўліваюць, але потым
ўспрымаюць нармальна, прывыкаюць. Адраджэнне мовы – складаны працэс, які патрабуе цярпення. Не трэба папракаць чалавека, які спрабуе загаварыць па-беларуску, але пакуль робіць гэта з памылкамі. Інакш у яго прападзе ўсё жаданне
гаварыць на роднай мове. Звярніце ўвагу: на адкрыцці «Славянскага кірмашу» дэлегацыя Украіны вітаецца толькі па-ўкраінску і не звяртае ўвагі на тое, што іх можа хто-небудзь не зразумець. Таму што яны пазіцыяніруюць сябе як носьбіты ўкраінскай культуры. Успомніце 90-я гады, калі адкрылася СШ № 14, у яе прыходзілі дзеці, якія ўжо з дзіцячага саду пыталіся размаўляць па-беларуску. А за імі падцягваліся іх  бацькі, чытаючы ім казкі на роднай мове, размаўляючы з імі на роднай мове. Так і ў каледжы: пэўны час ёсць нейкая дыстанцыя, але потым ідзе нармальны навучальны працэс. Навучэнцы пачынаюць цаніць гучанне роднага слова, імкнуцца самі карыстацца ім, становяцца  свядомымі носьбітамі нацыянальнай культуры.

Дзмiтрый КУЛIК.

 


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: