Яе гісторыя пачалася са стварэння Полацкага (ІХ ст.) і Тураўскага (Х ст.) княстваў. У сярэдзіне ХІІІ ст. беларускія землі разам з літоўскімі стварылі супольную дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. ВКЛ у 1569 г. аб’ядналася з Польшчай, і была ўтворана Рэч Паспалітая. Паводле трох падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 гг. беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі. Як адзначае дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Усеслаў Даніловіч, гэта былі гістарычныя формы дзяржаўнасці, а нацыянальнымі формамі з’яўляліся такія дзяржаўныя ўтварэнні, як БНР, якая не стала рэальнай дзяржавай, але з’явілася першай спробай яе стварэння, ССРБ, ЛітБел, БССР і, нарэшце, Рэспубліка Беларусь.
Працэсы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі на пачатку ХХ ст. адбывалiся ў складаных умовах Першай сусветнай вайны, Грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі. Невырашанасць нацыянальнага пытання ў Расійскай імперыі з’явілася адной з прычын трох рэвалюцый: 1905-1907 гг., Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917 г.
Складанасць нацыянальнага будаўніцтва была звязана з тым, што працэс фарміравання нацый у Расійскай дзяржаве быў незавершаны, не ўсе слаі расійскага грамадства былі падрыхтаваны да вырашэння нацыянальных праблем. Гэта датычылася і беларускага этнасу. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі этнічна-беларускія землі не ўваходзілі ў дакладна акрэсленую адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, гэта не садзейнічала этнічна-тэрытарыяльнай і культурна-духоўнай кансалідацыі нацыі, росту і ўмацаванню яе свядомасці па пытанні нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння.
Вырашальную ролю ў стварэнні савецкай дзяржаўнасці адыграла Кастрычніцкая рэвалюцыя. Бальшавікамі, якія прыйшлі да ўлады, былі прыняты “Дэкларацыя правоў народаў Расіі”, “Дэкларацыі правоў працоўнага і эксплуатуемага народа” і іншыя, у якіх вызначаліся асноўныя прынцыпы нацыянальнай палітыкі Савецкай улады: роўнасць і суверэннасць народаў Расіі; права нацый і народаў на свабоднае самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння самастойных дзяржаў; адмена ўсіх і ўсялякіх нацыянальных і нацыянальна-рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў; свабоднае развіццё нацыянальных меншасцей і этнічных груп, якія насялялі Расію. Нацыянальная палітыка павінна была весці да “поўнага ўзаемнага даверу народаў Расіі”. Але пры гэтым вырашэнне нацыянальнага пытання разглядалася толькі з пазіцый класавай барацьбы. Падкрэслівалася, што права на самавызначэнне маюць толькі прадстаўнікі працоўных мас.
Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі пачалі стварацца органы новай улады: Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), Савет Народных Камісараў (СНК) Заходняй вобласці і фронту. Цэнтрам Заходняй вобласці (камуны) быў Смаленск. 23 снежня 1918 г. Усерасійскі цэнтральны выканаўчы камітэт РСФСР прыняў рашэнне аб захаванні Заходняй вобласці як адміністрацыйнай адзінкі ў складе РСФСР і вызначыў склад яе тэрыторыі, куды ўваходзілі Смаленская, Магілёўская, Віцебская, Мінская і Гродненская губерні. Савецкія кіраўнікі (А. Мяснікоў, В. Кнорын), якія ўваходзілі ў склад Аблвыкамзаха і СНК, былі перакананы, што перамога сусветнай рэвалюцыі пакладзе пачатак адміранню дзяржаўнасці, і таму не бачылі неабходнасці ў стварэнні беларускай савецкай дзяржавы. Яны пыталіся: “Навошта гэтая гульня ў савецкія рэспублікі, што яна можа даць станоўчага ў барацьбе пралетарыяў за ўладу?”
“Дзянніца”– першая савецкая газета на беларускай мове, орган Белнацкама, крытычна ставілася да кіраўніцтва Заходняй вобласці за тое, што яно не працуе ў стварэнні беларускай дзяржаўнасці. У газеце 19 лістапада 1918 г. быў надрукаваны артыкул “Як жа быць з Беларуссю?”. Газета пісала, што прыйшоў час ставіць пытанне аб лёсе Беларусі, пры гэтым адзначалася, што Беларусь павінна быць аўтаномнай часткай РСФСР.
Прадстаўнікі Белнацкама, які быў створаны ў Петраградзе ў лютым 1918 г. і з’яўляўся аддзелам Народнага камісарыята па справам нацыянальнасцей РСФСР, і беларускіх секцый РКП(б) (А. Чарвякоў, З. Жылуновіч) выступалі за стварэнне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Яшчэ 27 лістапада 1918 г. на пасяджэнні камітэтаў маскоўскай Беларускай секцыі РКП(б) была прынята пастанова аб скліканні Ўсебеларускай канферэнцыі секцый РКП(б) з адным пытаннем: стварэнне дзяржаўнасці для Беларусі. 21-23 снежня 1918 г. ў Маскве адбылася канферэнцыя Беларускіх камуністычных секцый, якая выказалася за самавызначэнне Беларусі. У сваім галоўным рашэнні аб стварэнні “Рабоча-сялянскага ўрада Беларусі” канферэнцыя зыходзіла з неабходнасці рэалізацыі прынцыпа права нацый на самавызначэнне, будаўніцтва сацыялістычнай федэрацыі.
Напрыканцы 1918 г. склалася новая сітуацыя ў вырашэнні беларускага пытання. Паражэнне Германіі ў вайне, вызваленне Беларусі ад акупацыі і аднаўленне Савецкай улады – усё гэта адбiлася на карысць самавызначэння беларускага народа. Старшыня Савета Народных Камісараў РСФСР У. Ленін раіў з прасовываннем Чырвонай Арміі на Захад ствараць часовыя нацыянальныя ўрады. ЦК РКП(б), цэнтральныя органы РСФСР пільна сачылі за развіццём падзей на вызваляемых тэрыторыях. Газета “Жизнь национальностей” – орган Народнага Камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР – пісала, што “рэвалюцыя і савецкія ўрады ў гэтых абласцях – справа бліжэйшага часу”.
Самавызначэнне Беларусі ініцыірваў Мінскі губернскі Ваенна-Рэвалюцыйны Камітэт, які быў створаны 10 снежня 1918 г., а 13 снежня ён накіраваў Паўночна-Заходняму абласному камітэту РКП(б) тэлеграму, у якой прапанаваў уключыць у павестку дня чарговай VІ Абласной канферэнцыі пытанне аб утварэнні беларускай дзяржаўнасці.
Такім чынам, перапляценне як унутраных, так і знешніх прычын, паўплывала на планы цэнтра ў адносінах да перспектыў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. 25 снежня 1918 г. І. Сталін, які ўзначальваў Наркамнац РСФСР, сустрэўся з адказнымі супрацоўнікамі Белнацкама. Кіраўніцтву белсекцый было прапанавана вызначыць кандыдатуры, якія павінны былі ўвайсці ў склад рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. І ў той жа дзень І. Сталін паведаміў А. Мяснікову ў Смаленск, што ЦК РКП(б) вырашыў пагадзіцца “з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага савецкага ўрада”.
30-31 снежня 1918 г. VІ Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), што адбывалася ў Смаленску, абвясціла сябе І з’ездам КП(б)Б і прыняла пастанову аб утварэннi БССР. Заходняя камуна абвяшчалася самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларуссю. Прычым, у вызначэнні статуса будучай рэспублікі цэнтральнае кіраўніц-тва пайшло значна далей, чым марылі беларускія камуністычныя секцыі і Белнацкам, і абвясціла незалежную, суверэнную савецкую рэспубліку. Па меркаваннi савецкіх кіраўнікоў, баяцца таго, што Расія раздробіцца, распадзецца на свабодныя рэспублікі не трэба. Як казаў У. Ленін: “Для нас важна не тое, дзе праходзіць дзяржаўная граніца, а тое, каб захоўваўся саюз паміж працоўнымі ўсіх нацый для барацьбы з буржуазіяй абыякіх нацый”. У той жа час, пры абвяшчэнні самастойных савецкіх рэспублік ЦК РКП(б) звяртаў увагу на тое, што павінна застацца адзіная для ўсіх саюзных рэспублік камуністычная партыя, рашэнні якой былі абавязковымі для ўсіх савецкіх рэспублік.
Пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ад 30 снежня 1918 г. былі вызначаны межы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, ядром якой лічыліся губерні: Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская з прылеглымі да іх мясцовасцямі суседніх губерняў, што былі населены пераважна беларусамі. Уся тэрыторыя рэспублікі ў адміністрацыйна-гаспадарчых адносінах падзялялася на 7 раёнаў: Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродненскі, Баранавічскі і 54 падраёны. Мазырскі падраён уваходзіў у склад Гомельскага раёна.
1 студзеня 1919 З. Жылуновіч, А. Мяснікоў, І. Рэйнгольд, А. Чарвякоў, С. Іваноў падпісалі “Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі ў сувязі з утварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, які пачынаўся са зварота: “Таварышы і браты рабочыя, бедныя сяляне і чырвонаармейцы Беларусі! Ад сённяшняга дня Беларусь – Савецкая Рэспубліка – становіцца Рэспублікай працоўнага народу рабочых, сялянскае беднаты і чырвонаармейцаў Беларусі! ”
Абвяшчалася, што рабочыя, сяляне і ўвогуле працоўныя ўсіх нацыянальнасцей, якія жывуць на Беларусі, карыстаюцца роўнымі правамі і знаходзяцца пад абаронай рэвалюцыйных законаў. Уся зямля з усім жывым і мёртвым інвентаром, а таксама ўсе лясы, воды і нетра зямлі становяцца набыткам працоўнага народа Беларусі. Усе чыгункі, шляхі зносін, паштовыя, тэлеграфныя і тэлефонныя сеткі, фабрыкі, заводы і банкі абвяшчаюцца набыткам рабочых і беднага сялянства Беларусі. Усталёваецца 8-гадзінны рабочы дзень. Савецкая Рэспубліка Беларусь выдзялялася са складу РСФСР. Рада і ўрад БНР абвяшчаліся па-за законам.
1 студзеня 1919 г. стаў днём нараджэння БССР (у 1919-1927 гг. таксама выкарыстоўвался назва ССРБ – Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі) і яе ўрада. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі ўвайшлі 12 прадстаўнікоў ад Аблвыкамзаха і 7 ад Белнацкама і беларускіх секцый РКП(б). Першым старшынёй рабоча-сялянскага ўрада Беларусі стаў вядомы літаратар і грамадскі дзеяч З. Жылуновіч (Цішка Гартны)
(1887-1937).
Члены ўрада (камісары): замежных спраў – У. Фальскі (1886–пасля 1925), нацыянальнасцей – Ф. Шантыр (1887-1920), народнай асветы – А. Чарвякоў (1892-1937), ваенных спраў – А. Мяснікоў (1886-1925), фінансаў – І. Рэйнгольд (1897-1936), харчавання М. Калмановіч (1888-1937), земляробства – А. Андрэеў, унутранных спраў – С. Іваноў, працы – В. Дыла (1880-1973), сацыяльнага запяспячэння – Д. Чарнушэвіч (1882-1938), аховы здароўя – І. Пузыроў, пошты і тэлеграфаў – К. Разенталь, шляхоў зносін – І. Савіцкі, юстыцыі – А. Квачанюк, дзяржаўнага кантролю – С. Берсан (1895-1919), старшыні Савета народнай гаспадаркі – Р. Пікель (1896-1936), Цэнтрапленбежа – Р. Найдзённікаў (1889-1919), Надзвычкома – В. Яркін (1889-1937). Кіраўніком спраў урада быў прызначаны В. Кнорын (1890-1938), сакратарамі – А. Антанікоўскі (1888-1937) і Г. Антонаў. (На жаль, годы жыцця шэрагу членаў урада ў адкрытым доступе не знойдзены – Т.Н.).
3 студзеня Аблвыкамзах прыняў рашэнне аб самароспуску. 5 снежня 1919 г. урад Беларусі пераехаў у Мінск. Але праіснавала абвешчаная Савецкая Рэспубліка Беларусі нядоўга. Ужо ў лютым 1919 г., з улікам палітычнага становішча, і ў першую чаргу савецка-польскай вайны, была ўтворана Літоўска-Беларуская ССР. Аднак летам 1919 г. і яна спыніла сваё існаванне з-за таго, што большасць яе тэрыторыі была акупіравана польскімі войскамі. Летам 1920 г. ад польскіх акупантаў быў вызвалены Мінск, дзе 31 ліпеня 1920 г. адбылося другое абвяшчэнне ССРБ. У “Дэкларацыі аб абвяшчэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь” адзначалася, што “асноўныя палажэнні аб арганізацыі народна-гаспадарчага жыцця, абвешчанныя 1 студзеня 1919 г. у маніфесце Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, аднаўляюцца ў поўнай меры”. У склад рэспублікі ўвайшлі толькі 6 паветаў былой Мінскай губерні, у тым ліку і Мазырскі, усяго 52 405 кв. км.
На працягу першай паловы ХХ ст. ішоў працэс фарміравання тэрыторыі беларускай дзяржавы. У 1924 і 1926 гг. адбыліся 2 узбуйненні БССР, калі рэспубліцы былі вернуты раёны, якія па палітычным меркаванням у снежні 1919 г. былі перададзены ў склад РСФСР. Пасля гэтага тэрыторыя БССР павялічылася да 125 854 кв. км. Пасля заканчэння вайны з Польшчай, паводле Рыжскага міру 1921 г., Заходняя Беларусь адыйшла да яе. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР адбылося восенню 1939 г.
Час існавання БССР (1919-1991) складае важны перыяд гісторыі беларускага народа. За гады Савецкай улады з адсталай ускраіны былой царскай Расіі Беларусь пераўтварылася ў высокаразвітую індустрыяльна-аграрную краіну.
У 1922 г. дзеячы БССР разам з прадстаўнікамі РСФСР, ЗСФСР, УССР утварылі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, які стаў адной з вялікіх краін свету. Народы, што жылі ў СССР, разам перамаглі фашызм у гады Вялікай Айчыннай вайны, за гэту перамогу Беларусь аддала жыццё кожнага трэццяга жыхара. Значна дапамаглі саюзныя рэспублікі БССР у аднаўленні народнай гаспадаркі, якая моцна пацярпела ў гады вайны.
Значных поспехаў дасягнула БССР і на міжнароднай арэне, яна разам з прадстаўнікамі іншых краін свету ў 1945 г. падпісала дакументы аб стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Абвяшчэнне БССР паклала пачатак рэальнаму нацыянальна-дзяржаўнаму будаўніцтву ў Беларусі, адкрыла перспектыву палітычнай, этнічнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурна-духоўнай кансалідацыі беларускай нацыі.
Склаліся і атрымалі прызнанне граніцы Беларусі. Была закладзена аснова сучаснай эканомікі, створаны ўмовы для развіцця культуры.
Таццяна Нікіціна,
член прэзiдыума Мазырскага
раённага савета ветэранаў.