Жыцце Палесся

Самага галоўнага вачыма не ўбачыш. У Мазыры працуе выстава, прысвечаная памяці вядомага мастака Мікалая Дубровы

Свет мастака – асаблівы свет пачуццяў і перажыванняў. Кожны, хто пабываў на нядаўнім адкрыцці персанальнай выставы мастака Мікалая Дубровы, адчуў: дакладны мастацкі вобраз – той самы, які абавязкова ўразіць і навядзе на пэўныя думкі – ствараецца толькі палымяным, чулым сэрцам.


Менавіта такім: светлым, уважлівым, не падменна шчырым – Мікалая Кузьміча запомнілі яго родныя, сябры, калегі, вучні і ўсе тыя, хто з ім быў знаёмы хоць трохі. Пачытаючы яго памяць, яны зноў сабраліся разам у першы дзень працы экспазіцыі, якая ўяўляла сабой 48 палотнаў майстра і адлюстроўвала яго творчасць у розныя перыяды. У гэты дзень мастаку споўнілася б 67 гадоў. Убачылі прысутныя і апошнюю, няскончаную карціну. Сюжэт – з натуры: Палессе і ўсе адценні суму.


Гаварылі аб бязмежнай любові мастака да дэталяў і вобразаў, якія рабілі яго працы незвычайнымі. Член Беларускага саюза мастакоў, кіраўнік народнай аматарскай студыі выяўленчага мастацтва «Фарбы» Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі мастак Мікалай Дуброва працаваў у розных жанрах: пейзаж, нацюрморт, графіка, жывапіс, акварэль, афорт, але многім ён вядомы больш як майстар партрэтнага жывапісу. Пра яго партрэты мастацтвазнаўцы пісалі, што яны «свецяцца», літаральна выпраменьваюць сонца, добрую энергетыку. Дарэчы, па рашэнні дзяцей мастака прама на выставе некаторыя партрэты былі перададзены ў дар тым людзям, якія на іх былі намаляваны: фатографу Уладзіміру Вараб’ю, паэту Валерыю Салодкаму, старэйшаму навуковаму супрацоўніку «Мазырскага аб’яднанага краязнаўчага музея» Віталіне Сайфутдзінавай, а таксама артыстам легендарнай мазырскай рок-групы «Адлюстраванне» і Тураўскай епархіі. Дарэчы, у хуткiм часе будзе асобна адкрыта партрэтная выстава Мікалая Дубровы.


Акрамя сына і блізкіх сяброў, слова ўзяла і цяперашні прадаўжальнік справы Мікалая Кузьміча – кіраўніца студыі выяўленчага мастацтва «Фарбы» таленавіты малады мастак Анастасія Чадзій. Настаўнік працягваецца ў сваіх вучнях… Гэта значыць, што мы яшчэ не раз апынёмся на выставах, напоўненых святлом і любоўю да ўсяго палескага, роднага.

Вольга АРДАШАВА.

Exit mobile version