Сатыра і гумар жанр у літаратуры штучны. Каб працаваць у ім, аўтару трэба і самому не толькі добра валодаць пачуццём гумару, але быць яшчэ назіральным і ўважлівым, умела валодаць словам і мовай, каб перадаць чытачу свае назіранні, адносіны і мараль. Наш сённяшні госць менавіта такі і ёсць.
Прапануем вашай увазе некалькі вясёлых гісторый знакамітага пісьменніка.
Гісторыя першая
Некалі я вёў на гомельскім абласным тэлебачанні аўтарскую перадачу “На прызбе з Васілём”, яна карысталася поспехам у гледачоў, а мяне нярэдка пазнавалі там, дзе з’яўляўся. На рынку, да прыкладу, адна жанчынка-прадаўшчыца ледзь не за руку тузанула: “Купіце, калі ласка, у мяне сарочку. Вось гэтую. Ой, як вам цёпла будзе ў ёй на прызбе сядзець! Ніколі не пашкадуеце!” Набыў. І сапраўды не пашкадаваў: цёплай і носкай аказалася тая сарочка, яна і цяпер у мяне ёсць, хоць і прайшло пятнаццаць год. Насіць, праўда, не нашу, але і выкінуць шкада: а раптам калі спатрэбіцца? Ці мала што!
У Жлобіне дырэктарка універсама, куды я завітаў з сябрам журналістам Пятром Шутавым, таксама пазнала і запрасіла папіць кавы. За кавай расказала пра сябе: пераехала з Карэліі, жыццё тут склалася добра, аднак муж сумуе па ранейшым месцы жыхарства, бо ён заядлы паляўнічы і рыбак, а там для такіх аматараў — раздолле. Не параўнаць, як тут…
Але ж больш за ўсё запомнілася адна бабулька, з якой мы ехалі ў дызелі, якім дабіраўся на дачу. Яна таксама пазнала мяне, успляснула рукамі: “Божа! Ці не з целявізара вы?!” А калі кіўнуў, прызналася, што пахваліцца вяскоўцам, хай пазайдросцяць, бо гэта ж ёй, а не ім, пашэнціла ехаць “з чалавекам з целявізара” . Цікавая бабулька. Ды яшчэ каму і пашэнціла — невядома, бо яе аповед пра сваю паездку ў горад я ахвотна расказваю на сваіх сустрэчах з чытачамі. Паслухайце.
— Гэта ж пенсію атрымала, то, думаю, паеду куплю новую кухвайку, тая знасілася, і буркі. Зіма ж блізка, трэба ўцяпляцца. Пакуль бегала па рынку — ой, дзетка! — прагаладалася, што і слоў няма. Бачу: маладзічка прадае беляшы. Вазьму, думаю, адзін. Пытаю, колькі каштуе, а яна як назвала цану, то ў мяне і рэч адняло. Не, думаю, не па маёй кішэні. Зноў галёкаю па рынку, прымяраюся, а там ад усяго вочы разбягаюцца. Ужо і кухвайку перахацелася купляць. Можа, думаю, што іншае з верхняй апраткі выберу. Больш моднае. Хопіць, хопіць у кухвайцы швэндаць! Цяпер і бабе пафарсіць можна. Але ж, адчуваю, вымерхалася так, што і ногі не хочуць слухацца. Махнула рукой, падыходжу да гандляркі, і кажу: а давайце ваш бялаш, каб ён спрах! Як успомню, колькі мой мужык прапівае, дык і нядорага!..
Гісторыя другая
Закончылася мая сустрэча з вучнямі адной з сярэдніх вясковых школ. Сядзім у настаўніцкай, размаўляем. І тут уваходзіць нечым усхваляваная настаўніца са стосам сшыткаў у руках, кла-дзе іх на стол, а сама не можа супакоіцца:
— Ну, Кавалёў! Ну, Кавалёў!..
Дырэктар насцярожыўся:
— Што там у вас з Кавалёвым, Вера Паўлаўна?
Настаўніца, крыху супакоіўшыся, кажа:
— Двойку стаўлю, а ён заяўляе: сена не прывязу! Ды катэгарычна так!…
Якое, пытаюся, сена, Кавалёў? “Трактарыстам буду!”
— Дык і што ж вы яму паставілі? — лагодна цікавіцца, хаваючы ўсмешку ў далонь, дырэктар.
— А што я паставіла? Тройку. А то сапраўды стане трактарыстам, тады бегай за ім, каб ён табе тое сена прывёз!..
У настаўніцкай усім робіцца весела.…
…Прайшло некалькі год. Так атрымалася, што я зноў быў запрошаны ў тую ж школу, каб падзяліцца з вучнямі сваімі творчымі планамі, пазнаёміць з новымі творамі. Пазнаў я і тую самую настаўніцу. Цікаўлюся, ці стаў усё ж Кавалёў трактарыстам? Яна мне бойка адказвае: а ведаеце, стаў! Кіруе неяк “Беларусам” па вясковай вуліцы, падае сігнал і шчаслівы такі рукой махае: маўляў, прывітанне, Вера Паўлаўна! Сена, праўда, ён мне ніводнага разу не прывозіў, бо пакуль вывучыўся хлопец на трактарыста, звялі карову: не хапае здароўя на яе…
Гісторыя трэцяя
Некалі часопіс “Вожык” выдаваў у сваёй бібліятэчцы кніжачкі сатыры і гумару найбольш актыўных аўтараў. Сёння ганаруся: маю і я два такія зборнічкі — “Карасі на пяску” і “Крутыя хлопцы”. У адной вясковай школцы паказваю дзятве вокладку кніжачкі “Карасі на пяску,” пытаюся, што ж тут намаляваў мастак?
Паўза. Нарэшце адзін хлопчык не вельмі каб упэўнена, але ўсё ж вымаўляе:
— Самагонны апарат?
Правільна, кажу. І тут раптам дзяўчынка, якая сядзела на першым радзе, прамовіла гучна і пераканана:
— А ў нас дома не такі!..
Грымнуў, вядома ж, смех. Дзяўчынка запунсавелася. Канешне ж, сцяміла, што не тое сказала…
Каб неяк выправіць станові-
шча, я падтрымаў яе і заявіў, што і ў мяне дома таксама не такі самагонны апарат. Так што не хвалюйся, дарагая. Гэта проста мастакі жывуць ў городзе і не ведаюць, якія бываюць у нашых вёсках гэтыя самыя апараты…
Гляджу, быццам твар у дзяўчынкі палагаднеў, нават усміхнулася. Чаго ў жыцці не бывае!
Падрыхтавала Наталля КАНОПЛІЧ.