У Мазырскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшоў заключны этап раённага фестывалю-конкурсу дзіцячых і маладзёжных СМІ «Майстры пяра і Worda» ў рамках міжнароднай ініцыятывы «Мазыр – горад, дружалюбны дзецям» .
Мэта конкурсу заключалася не толькі ў тым, каб вызначыць лепшых, а яшчэ і ў тым, каб павысіць сацыяльную актыўнасць і цікаўнасць моладзі да журналістыкі, каб газеты і часопісы ў школах ствараліся самімі дзецьмі.
У актавай зале цэнтра адбылася цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў завочнага этапу. Дырэктар Аксана Віктараўна Казачэнка прывітала юных «акул пяра і камеры» , уручыла дыпломы пераможцам:
у намінацыі «Лепшы відэарэпартаж» І месца заваявала – Юлія Пратасенка (СШ № 16), ІІ месца – школьная тэлестудыя «Дзявятачка» (СШ № 9), ІІІ месца – каманда СШ № 7; у намінацыі «Лепшы блог» І месца прысуджана піянерскай дружыне імя У. Семяненкі (СШ № 11). Аксана Віктараўна падкрэсліла вялікую сілу друкаванага слова і слова, сказанага ў эфіры, пагэтаму так важна ўдзельнічаць у падобных конкурсах, якія даюць магчымасць юным журналістам праверыць свае здольнасці, і, магчыма, захапіцца гэтай нялёгкай справай, каб потым ператварыць яе ў прафесію.
Арганізатары фестывалю – аддзел па рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі і клуб «Юны журналіст» цэнтра творчасці – стараліся стварыць для канкурсантаў і творчую атмасферу, і асяроддзе для навучання!
Удзельнікі прагледзелі павучальныя відэа-ролікі і цікавую прэзентацыю «Тэкст.Ты» . А салодкі стол сабраў за кубкам чаю аднадумцаў, дзе яны змаглі абмеркаваць важныя тэмы, прапанаваць свае ідэі і пагутарыць пра любімы занятак!..
На свяце прысутнічала майстар вуснага слова – вядучая радыё «Нелли-Инфо» Глаша Сотнікава. Гаворачы з моладдзю на іх мове, яна пажадала яскравых перамог і дасягнення мэт. Аўтар гэтых радкоў таксама была ў ролі эксперта. Яшчэ не прафесіянал, але ўжо даволі знаёмая з закуліссем працы журналіста і распавяла сваім «калегам» пра газетныя артыкулы і падзялілася прафесіянальнымі набыткамі і ўражаннямі. Далей – заключны этап фестывалю-конкурсу для прадстаўнікоў газетна-журнальнай журналістыкі. Восем удзельнікаў у гэтай намінацыі прайшлі тры туры, пасля кожнага вызначаліся найлепшыя юныя журналісты, якія працягвалі спаборнічаць далей: пісалі эсэ «Мая мэта, місія і мара», адказвалі на пытанні эрудыт-марафону «Я ведаю, што такое журналістыка!» і стваралі артыкул на тэму адной з выбраных сацыяльных праблем сярод моладзі (курэнне, наркотыкі, падлеткавы суіцыд, пагроза, схаваная ў сацыяльных сетках і інш.) Этапы праходзілі на адкрытым паветры, на цудоўнай пляцоўцы каля цэнтра творчасці, убранай прыгожымі дэкаратыўнымі кветкамі і аформленай лепшымі публікацыямі членаў клуба «Юны журналіст» у форме фотасушкі. У такім творчым асяроддзі думкі проста ліліся на паперу!
Але не ўсе думкі ўразілі журы. Па выніках конкурсу ІІ месца атрымала Паліна Грабавая (СШ № 9), а ІІІ месца заняла Юлія Пратасенка (СШ № 16). Астатнія прадстаўнікі школьных прэс-цэнтраў – Александра Братчыніна (СШ № 16), Ягор Шкода (СШ № 11), Лізавета Пархімовіч (СШ № 8), Марыя Ляшкевіч (СШ № 11), Аляксандра Сімчук (СШ № 11), Кацярына Пячэрская (СШ № 12) – атрымалі памятныя сертыфікаты фестывалю.
Спадзяюся, што падобны конкурс стаў чарговай прыступкай на шляху да выхавання і развіцця выдатных журналістскіх здольнасцяў сярод моладзі! Жадаю юным майстрам пяра і Worda рэалізаваць свае ініцыятывы і, вядома, сабраць вялікі багаж ведаў і вопыту!
Кацярына МЕДВІДЗЬ,
член клуба «Юны журналіст» МЦТДіМ.