На галоўным месцы – кніга і роднае слова!

194

Свята штогод праводзіцца ў першую нядзелю верасня.

Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Згодна з гісторыяй, святочныя мерапрыемствы ўпершыню адбыліся ў 1994 годзе ў старажытным горадзе Полацку. Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, Шчучын, Рагачоў.

У 2017 годзе сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў старажытны Полацк – родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Юбілейны, дваццаць пяты па ліку Дзень беларускага пісьменства ў 2018 годзе прыняў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Галоўным лейтматывам святочных мерапрыемстваў стала тэма “Мая малая радзіма”. А ў гэтым годзе меладычныя беларускія песні будуць гучаць над цудоўнай і загадкавай Шчарай у горадзе Слоніме.

Ужо на пярэдадні свята 31 жніўня тут адбудуцца прэзентацыі кніг пісьменнікаў Гродзеншчыны. У гэты ж дзень на радзіму Міхаіла Казіміра Агінскага з’едуцца паэты і празаікі з усёй краіны не толькі для ўдзелу ў міжнародным круглым стале, назавуць імёны пераможцаў рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка». Сапраўдным жа цэнтрам прыцягнення гасцей 1 верасня стане пляцоўка кнігі і прэсы, якой адведзена месца ў самым сэрцы Слоніма і на адзін дзень, без перабольшання, яна стане сэрцам мастацкага слова Беларусі. Тут можна будзе ўбачыць і пагартаць мноства кніг. Сярод іх тыя, што сталі лепшымі па выніках конкурсаў, але вызначыць такія асабіста для сябе чытач зможа толькі дзякуючы асабістаму знаёмству ад першай да апошняй старонкі. На пляцоўцы кнігі і прэсы можна будзе вызначыцца з пералікам літаратуры «абавязкова цікавай» для кожнага. Тут будуць прадстаўлены новыя выданні, якія распавядаюць пра галоўныя водныя артэрыі вобласці і пра славутасці, размешчаныя каля іх. Яшчэ адна кніга будзе прысвечана толькі адной воднай артэрыі – Аўгустоўскаму каналу, яго мінуламу і сучаснаму, які справядліва называецца жамчужынай Прынямоння. Увазе гасцей будуць таксама прадстаўлены мастацкія фотаальбомы. У гэты дзень пройдзе цырымонія афіцыйнага адкрыцця кнігарні пад назвай «Санет». Пад час свята ў гасцей будзе ўнікальная магчымасць адчуць сябе ў ролі першадрукароў, зазірнуўшы на каларытны «Друкарскі двор» XVІ стагоддзя, дзе разгорнецца выстава канвертаў, паштовак і буклетаў, якія з 1994 года спецыяльна выпускаліся да нацыянальнага свята. Дапоўняць яе «экспанаты», што апавядаюць пра беларускага першадрукара Льва Сапегу, а таксама вельмі сучасныя маркі з так званай дапоўненай рэальнасцю. Пляцоўка кнігі і прэсы стане кропкай старту гістарычнай квэст-гульні «Код Сапегі». Займальны квэст стане асаблівасцю Дня пісьменства ў Слоніме і, разам з тым, у цікавай форме нагадае моладзі аб гістарычнай спадчыне горада, яго жыхарах у мінулым.

Акрамя гэтага, па словах арганізатараў, у свет рукатворнай прыгажосці гасцей пляцоўкі кнігі і прэсы запросіць выстава самаробнай кнігі абласной бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага. Тут можна будзе ўбачыць унікальныя работы, якія нельга назваць проста выданнямі. Усе яны – адзінкавыя асобнікі, у якія ўклалі ўсю душу і фантазію жыхары Прынёманскага краю. Унікальную калекцыю складаюць больш за 150 такіх кніг. Яны зроблены з бяросты і гліны, вышыты крыжыкам і выкананы з лёну. У гэтым годзе іх дапоўняць лялькі. На пляцоўцы кнігі і прэсы будзе шмат кветак, што стане лейтматывам размешчанай зусім побач пляцоўкі «Кветкавы карагод». Тут будуць прадстаўлены больш за два дзясяткі кветкавых кампазіцый ад устаноў адукацыі раёна. Акрамя добрага настрою, падарункам для шматлікіх наведвальнікаў стане магчымасць паўдзельнічаць у тэматычнай віктарыне «квяцісты вянок» і майстар класах пад кіраўніцтвам фларыстаў. На працягу ўсяго дня на самай квітнеючай пляцоўцы будуць чытацца вершы беларускіх аўтараў.

У святкаванні Дня беларускага пісьменства прымуць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, замежныя госці.

За час правядзення і існавання свята набыло агульнанацыянальны статус і стала значнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Асноўная ж ідэя мерапрыемства – беражлівыя захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы аб духоўна-маральным развіцці грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыя- нальнай літаратуры і кнігавыдання. Гасцей чакае шмат цікавага і незабывальнага. Безумоўна, лепей адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць!

Кульмінацыяй цырымоніі адкрыцця стане цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. А цырымонія закрыцця, па словах арганізатараў, будзе хатняй, душэўнай і цёплай. Яна будзе прысвечана Году малой радзімы і перадачы эстафеты новай сталіцы Дня беларускага пісьменства – Бялынічам – менавіта тут свята пройдзе ў 2020 годзе.

Наталля КАНОПЛІЧ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: