Той, хто кахае многіх, – ведае жанчын, той, хто кахае адну, – адчуў каханне.
Зігмунд Фрэйд
Чамусьці так здарылася, што мы, мужчыны, найбольш цёпла і эмацыянальна пачынаем задумвацца, што для нас значыць жанчына, толькі напярэдадні свята 8 Сакавіка. Але ж гэта несправядліва. Жанчыне мы павінны прызнавацца ў каханні на працягу ўсяго года. На працягу ўсяго жыцця.
У жыцці кожнага з нас ёсць тая, якая наша жыццё змяніла, упрыгожыла, аздобіла, якая пакінула свой незабыўны аўтограф. І не важна дзе – на губах ці глыбока, у сэрцы. Тая, адзіная, мяняе ў лепшы бок і нас, мужчын. Такія жанчыны не могуць не хваляваць нашы душы, іх помняць заўсёды, з імі параўноўваюць усіх астатніх.
Дарыце ім кветкі, прыносьце часцей падарункі, нават самыя маленькія і сціплыя. Рабіце сюрпрызы, дапамагайце рашаць праблемы. Не давайце жанчыне адчуць сябе адзінокай – і вы ўбачыце: яна вельмі хутка стане вашай, адзінай, зменіцца ў лепшы бок. Жанчыны – заўсёды жанчыны, яны не бываюць старымі ці маладымі. Дзе няма жанчын, там няма і сапраўднай радасці.
Як гэта прыгожа, калі бачыш: жанчына ідзе пад руку з мужчынам, якога яна кахае. І як брыдка, калі мужчына нават руку не падае ёй, калі яна выходзіць з грамадскага транспарту. А ёсць жа выхаваныя хлопцы і мужчыны, што нават чужым, незнаёмым падаюць руку.
Жанчына павінна быць шчаслівай, бо яна працягвае наша жыццё ў дзецях. Слабай палове бясспрэчна належыць увесь сусвет, таму што яны могуць ствараць новых зямлян. Больш таго, жанчыны здольны спыніць час.
Яна – гэта ідэал чысціні і прыгажосці. З ёю не сумуеш – і яна не дае нам хутка састарыцца. Усе жанчыны розныя, і жаночы пол – заўсёды тайна і загадка. Яны прываблівыя сваёй індывідуальнасцю і ўнікальнасцю. Жанчыны звычайна гавораць больш, чым мы, затое мы павінны імкнуцца рабіць больш, чым жанчыны. Мы не павінны падразаць жанчынам крылы: яны ўжо ніколі не змогуць стаць анёламі… Жанчынам падаецца, што для мужчын, у якіх яны закаханы, няма нічога немагчымага.
Нярэдка, калі губляеш такую жанчыну, жыццё становіцца адразу шэрым, бессэнсоўным, пустым, бясколерным. Характар жанчыны – гэта люстэрка вашых адносін. Жанчын абражае наша абыякавасць. Толькі дурань будзе імкнуцца змяніць жаночую логіку, будзе спрачацца з жанчынай.
Мужчыны! Беражыце і шануйце нашых дзяўчат, нявест, жанчын, сясцёр, дачок, жонак, матуль і бабуль! Калі вам не давялося бачыць закаханых жанчын, вы не ведаеце, ні што такое жанчына, ні што такое каханне…
Жанчына – гэта самае жаданае запрашэнне да Шчасця!
Адзінае, пра што малю я вас: не губляйце жаноцкасць… І, дарэчы, самыя загадкавыя тайны жанчын – у сэрцах мужчын, якіх яны кахаюць. Якім яны вераць, якіх паважаюць і давяраюць самае дарагое.
З павагай, Канстанцін Карнялюк.