На парозе Яблычны Спас: ласуемся садавінай і назіраем за бусламі

159

Па словах этнографа Ларысы Мятлеўскай, існуе шмат народных прыкмет, па якіх беларусы назіралі за надвор’ем, да яблычнага Спаса збіралі ўраджай садавіны і абавязкова гатавалі печаныя яблыкі.

Па хрысціянскай традыцыі Вялікі Спас азначае свята Праабражэння Гасподняга і святкуецца 19 жніўня. У народнай традыцыі яго называюць «Другі» альбо «Яблычны» таму, што яму папярэднічае «Мядовы Спас», які адзначаецца 14 жніўня. У народзе дзень 19 жніўня называюць «Лакамка» – да гэтага часу наліваюцца сокам яблыкі, а ў садзе і агародзе паспявае сапраўднае багацце. На вёсцы яблыкі і дагэтуль лічацца самым лепшым пачастункам, ад якога нельга адмаўляцца. Таксама ў народзе захавалася павер’е, што калі загадаць жаданне ў гэты дзень, то яно абавязкова збудзецца.

Што забаранялася рабіць?

Вялікі Спас у народзе асабліва шанавалі. Бабулі настрога забаранялі зрываць яблыкі ў садзе да «Іспасу»: 19 жніўня іх збіралі, асвячалі ў царкве, пасля чаго можна было частавацца колькі заўгодна. У народзе аб гэтым казалі: «Добра яблычка к Іспасу». Ідучы з царквы, асвечанымі яблыкамі частавалі родзічаў, суседзяў, нават падарожных. Абавязкова іх пакідалі і на могілках блізкіх. Існавала павер’е, што жанчынам, у якіх папярэдне паміралі дзеці, таксама нельга каштаваць да Іспасу яблыкі, ігрушы, агрэст і струкавую гародніну. Лічылася, што ў гэты дзень Божая маці раздае на нябёсах усім памерлым дзецям па яблычку, а малому, чыя маці каштавала іх да тэрміну, пачастунку не дастанецца. Асвячалі на Спаса і каласы новага ўраджаю: «Спас – досыць хлеба ў нас». Спасаўскія святы адбываліся ў гарачую працоўную пару, таму і казалі: «Спас – усім рабочы час».

Буслы-сіноптыкі, назіранні, кірмашы…

У песнях Спас паўстае як надзейны апякун і памочнік селяніна ва ўсіх яго справах тае пары. Святы Спас пасля Святых Пятра і Іллі і надалей працягвае зрываць лісце: «Прыйшоў Пятрок, сарваў лісток; прыйшоў Ілля, сарваў два; прыйшоў Спас – нарваў у запас». На Спаса шырока наладжваліся кірмашы, дзе сяляне прадавалі плён новага ўраджаю, мёд. Гэты дзень лічылі днём адлёту буслоў. Існавала прыкмета, што калі буслы пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Спасам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а вясна – цяплейшая, калі ж пасля – то восень будзе цёплая, зіма – позняя, а вясна – халодная. Як ні сумна, але ж адлёт буслоў сведчыў пра набліжэнне зімы.

Так і казалі: «Спас – бяры рукавіцы ў запас», «Спас – лета шась!». І зараз, згодна назіранням, пасля Спаса лета ідзе на спад, пачынаюцца восеньскія работы: капаюць бульбу, сеюць азімыя. Вось так!

Наталля ГАНЧАРОВА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: