На Петрыкаўшчыне ў чарговы раз прайшоў фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся».
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які прайшоў у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, у шосты раз аб’яднаў удзельнікаў з 11 раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, а таксама артыстаў з Беларусі і Украіны. Акрамя афіцыйных асоб рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў, прыняўшых удзел у фестывалі, упершыню гасцямі свята сталі дыпламаты з Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Ірана, Літвы, Пакістана, Палесціны, Расіі, Судана, Узбекістана. Напярэдадні фестывалю – пад час правядзення Мазырскага эканамічнага форуму – яны часткова азнаёміліся з патэнцыялам Прыпяцкага Палесся.
У Палескім рэгіёне ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для працы і камфортнага пражывання. На гэтым зрабіў акцэнт намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю. На яго думку, фестываль этнакультур – гэта знакавая культурная падзея для ўсёй краіны: «ён нагадвае вялікае сямейнае свята, сустрэчу людзей, блізкіх па духу, поглядах, інтарэсах». Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што Палескі рэгіён з яго багатымі рэсурсамі, традыцыямі дынамічна развіваецца. «Сёння Прыпяцкае Палессе – гэта магутны індустрыяльны і культурны цэнтр, які мае вялізны эканамічны патэнцыял. Тут ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для працы і камфортнага пражывання», – падкрэсліў Аляксандр Субоцін.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей таксама адзначыў, што ўнікальная прырода, багатая спадчына, аўтэнтычнасць – складаемыя поспеху фэста «Кліч Палесся», які спрыяе захаванню культурнай спадчыны.
Варта сказаць, што ў гэтым годзе арганізатары фэсту пастараліся здзівіць праграмай, якая максімальна абнавілася. Многія падзеі тут наогул праходзілі ўпершыню. У корані змянілася аблічча традыцыйнай фестывальнай пляцоўкі, якая ў літаральным сэнсе ператварылася ў гісторыка-этнаграфічны музей пад адкрытым небам, дэманструючы гасцям фестывалю розныя народныя рамёствы. Відавочна, што за гэтым стаяла крапатлівая праца шматлікіх людзей: будаўнікоў, работнікаў архітэктуры і культуры, а таксама кіраўнікоў. Атмасфера свята, як і ўвесь яго рытм, пачынаючы ад урачыстай цырымоніі адкрыцця, падтрымліваліся на самым высокім узроўні. Падчас цырымоніі адкрыцця свае лепшыя нумары прадставілі Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г. І. Цітовіча, заслужаны калектыў Беларусі ансамбль народнай музыкі «Бяседа», вакальная група «Чысты голас», фальклорны ансамбль славянскай песні «Збіцень», артысты Гомельскай абласной філармоніі, Гомельскі эстрадна-сімфанічны аркестр імя Ю. Васілеўскага. Шмат яскравых момантаў падрыхтавалі для гасцей фэсту артысты ўкраінскай групы «Лісапетны батальён» і інш. У рамках урачыстай цырымоніі традыцыйна адбылося прысваенне тытула «Ганаровы Паляшук». На гэты раз такога пачэснага звання былі ўдастоены аж тры кандыдаты: старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, генеральны дырэктар РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» Аляксандр Ляхаў, дырэктар ААТ «Спецжалезабетон» (г. Мікашэвічы, Лунінецкі раён) Васіль Басевіч. Безумоўна, шчырыя апладысменты і песні ў выкананні вядомых спевакоў і калектываў сталі для ганаровых палешукоў прыемным бонусам.
Падчас далейшай працы фестывалю гасцям прапаноўвалася азнаёміцца з фантастычным і загадкавым светам палешукоў праз міфалогію вяскоўцаў. Так, на падворках з агульнай назвай «Таямніцы палешукоў» гаспадары распавядалі пра міфалагічныя персанажы, паказвалі інсцэніроўкі пра іх. Тэрасы-падворкi знаёмілі з міфалагічнымі ўяўленнямі як з культурнай з’явай і часткай гісторыі духоўнага жыцця народа. Так, на майстар-класы гасцей запрашалі на выставе-кірмашы «Рамесная слабада», дзе свае дзверы расчынілі «Майстэрня ганчарства і кузня», «Майстэрня саломапляцення і ткацтва», «Майстэрня лазапляцення і бондарства», «Хата рыбака і палітвязня» і інш. Дарэчы, сапраўдны спектакль у мініяцюры для ганаровых гасцей фестывалю падрыхтавалі і гаспадары мазырскага падворка «Хлеб майго Палесся», які размясціўся на шырокай пляцоўцы з ветраком, дапоўненай усімі неабходнымі сялянскімі атрыбутамі для жыццядзейнасці гаспадара-палешука. Было відавочна, што паважаныя госці, пачынаючы ад моманту, калі гаспадар па-сапраўднаму зазірнуў на далоні кожанага з іх і насыпаў туды зерне, тэарэтычны адчулі працэс, які дазваляў нашым продкам быць клапатлівымі і багатымі. Вядома ж, хлеб – усяму галава і аснова жыцця!..
Тут жа на падворку гасцям паказалі майстар-клас па замесу цеста для хлеба і азнаёмілі са шматлікімі хлебабулачнымі вырабамі. Лічылася заўсёды, што палешукі – гасцiнныя гаспадары і калі госць на парог, то і самавар – на стол. А калі запарылася гарбата з лекавымі зёлкамі, то самы час і духмянымі пірагамі гасцей пачаставаць.Такі вось ён менталітэт палешукоў…
На працягу ўсяго дня можна было назіраць, што на кожнай пляцоўцы аднаўлялася нейкая частка жыцця жыхароў Палесся. І не толькі з галоўнай сцэны, а і паўсюдна тэрыторыю напаўнялі цудоўныя беларускія песні, захоўваючыя глыбокі сэнс жыцця чалавека ад яго пачатку да апошніх дзён.
Праграма фестывалю была вельмі насычанай да позняга вечара. Дзякуючы добраму надвор’ю, кожны мог знайсці сабе занятак і акунуцца ў свет даўніны, зазірнуць у мінулае жыццё нашых продкаў. Але ж на фэсце мінулае цесна перапляталася з сучасным. Так, на галоўнай сцэне дзяўчаты з дзвюх абласцей Беларусі традыцыйна спрачаліся за званне «Палеская Прыгажуня-2020». Пераможцай стала петрыкаўчанка Аляксандра Вобель (выступала пад нумарам 6).
Дарэчы, ніводзін госць, які завітаў на фестываль, не пашкадаваў што крыху стаміўся не ад цяжкае працы, а ад жадання падзівіцца на каларыт і ўменні майстроў-палешукоў, рукі якіх не забыліся як зерне ма-
лоць, кросны ладзіць, выпякаць хлеб духмяны ці плесці абруч саламяны…
Завяршылася свята вячэрнім шоу і святочным феерверкам, які азарыў неба над Ляскавічамі рознакаляровымі хвастамі камет.
Замест пасляслоўя.
Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» накіраваны на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатага гісторыка-культурнай спадчыны мясцовасці, умацаванне творчых сувязяў рэгіёнаў і праводзіцца раз у два гады. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, Нацыянальны парк «Прыпяцкі» пры спонсарскай падтрымцы прамысловых прадпрыемстваў Гомельшчыны. Варта нагадаць, што фестываль узяў старт у 2010 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта. З году ў год удасканальваецца праграма мерапрыемства, яго правядзенне і ўвесь святочны антураж, але ж нязменным застаецца адно – любоў да малой радзімы, падтрымка і захаванне народных традыцый і нацыянальных культур.
Наталля КАНОПЛІЧ,
фота Сяргея БАРАВІКА (больш фотаздымкаў на сайце mazyr.by).