У гімназіі імя Я. Купалы адбыўся чарговы ўрок гістарычнай памяці. Гэтым разам з вучнямі старэйшых класаў пра гісторыю нашага горада гутарыла вядомы мазырскі гісторык-краязнаўца Таццяна Нікіціна.
Таццяна Ануфрыеўна нарадзілася ў горадзе Мазыры, скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з 1978 па 2011 год працавала на кафедры гісторыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна. У цяперашні час знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але вядзе грамадскую працу ў раённым савеце ветэранаў. Т. А. Нікіціна ўдзельнiчала ў стварэнні кнігі «Памяць», таксама з’яўляецца адным з аўтараў кніг «Мазыр: гісторыя і сучаснасць», «Мазыршчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Плошчы і вуліцы Мазыра як сведкі гісторыі».
Шмат новага падчас сустэчы даведалiся вучнi аб Мазыры мінулым, аб яго вуліцах і плошчах, вядомых дзеячах. Вялікую цікавасць выклікалі архіўныя фатаграфіі плошчаў Горкага, Леніна і Прымаставой. Сустрэча скончылася фотасесіяй.
Як пракаментавала намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы Аксана Уладзіміраўна Фядула, круглыя сталы ў гімназіі з вядомымі людзьмі Мазыршчыны ў рамках грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі будуць працягвацца: «Такія гутаркі заўсёды запамінаюцца сваёй энергетыкай, інфармацыйнай насычанасцю. Упэўнена, што кожны вучань на падобных мерапрыемствах адкрывае для сябе шмат раней невядомага».
Вольга АРДАШАВА.
Фота аўтара.