Аб прафесіі настаўніка
– Ніна Аляксееўна, ці марылі вы стаць настаўнікам?
– Якое выдатнае жыццё, калі чалавек улюбёны ў сваю прафесію, прафесію настаўніка, і прыходзіць у школу заўсёды з радасным настроем… Гэта я пра сябе.
З ранняга дзяцінства хацела стаць настаўнікам, часта гуляла ў «настаўніцу». Мой бацька з трохкласнай адукацыяй у марах бачыў мяне толькі педагогам. Калі мы даверліва размаўлялі з ім, ён імкнуўся раскрыць ролю настаўніка ў жыцці кожнага чалавека. Бацька лічыў, што больш патрэбнай і ганаровай прафесіі за гэтую няма. Канчатковы свой выбар я зрабіла, калі ў старэйшых класах нам стала выкладаць хімію адна з лепшых настаўніц горада, выдатны чалавек, мой класны кіраўнік Калагіна Агнеса Іванаўна. Цікавыя ўрокі, хімічныя вопыты, гутаркі з настаўніцай, яе парады – усё гэта захапіла мяне, і я ўжо свядома вырашыла стаць настаўніцай хіміі.
Аб цяжкасцях ваенных і пасляваенных
– Успомніце, калі ласка, гады вучобы і працы.
– Ішла Вялікая Айчынная вайна. У 1944 годзе, пасля заканчэння школы ў горадзе Нікольску Пензенскай вобласці (Расія), здаўшы ўступныя экзамены і прайшоўшы конкурс, я паступіла ў педагагічны інстытут на хіміка-біялагічны факультэт у горадзе Саранску (Мардовія).У час вайны вучыцца было цяжка. Гады вучобы былі нялёгкімі і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. На трэцім курсе вучобы ў інстытуце я праходзіла педагагічную практыку ў мужчынскай школе. Атрымала адзнаку «выдатна» і пачула словы, якія я памятаю і цяпер: «Вы будзеце добрым настаўнікам!».
У 1948 годзе пасля заканчэння педагагічнага інстытута я пачала сваю працоўную дзейнасць у сярэдняй школе вёскі Старыя Турдакі ў Мардовіі. Школа размяшчалася ў трох будынках, асвятлялася газавымі лямпамі.
1 верасня 1948 года адбылася ўрачыстая лінейка, знаёмства з вучнямі. Цяпер цяжка ўявіць, якая беднасць была ў пасляваенныя гады. Некаторыя дзеці былі абутыя ў лапці, іншыя ў тапкі, пашытыя з салдацкага шыняля. Я была прызначана класным кіраўніком 10 класа, дзе некалькі вучняў былі старэйшыя за мяне, таму што ў гады вайны не вучыліся: яны замянілі сваіх бацькоў, якія пайшлі на фронт. Але важна было іншае: у вачах навучэнцаў свяцілася жаданне вучыцца (і тых, хто быў старэйшы за мяне, і тых, хто адпавядаў свайму ўзросту).
Дзеці былі дысцыплінаванымі, працавітымі, добрымі. Мы не толькі вучыліся, але і шмат працавалі. Дровы для школы нарыхтоўвалі самі і працавалі ў школьным садзе і агародзе. І ніколі я не чула ад іх слоў: «не буду», «не хачу», «не магу». Для іх было галоўным слова «трэба»…
Першыя гады працы забыць нельга. Я была адной з самых паважаных людзей у вёсцы, таму што я была НАСТАЎНІЦАЙ. Калі вясковыя людзі віталіся з настаўнікамі, яны кланяліся і здымалі шапкі, заўсёды прапаноўвалі дапамогу ў гаспадарчых справах.
У 1950 годзе я пераехала жыць у свой родны горад Нікольск, дзе два гады працавала інспектарам школ горада і раёна, прайшла не адзін дзясятак кіламетраў шляху, наведваючы школы. Гэтая праца таксама дапамагла мне ў будучай педагагічнай дзейнасці. Адзін год выконвала абавязкі загадчыка райана.
Аб рамантыцы і рамантычным краі
– Ці любіце вы вандроўкі, Ніна Аляксееўна?
У 1953 годзе паехала з мужам (вайскоўцам) у Прыморскі край. Жылі ў тайзе, у невялікім доміку каля сопкі. Працавала настаўніцай хіміі ў сярэдняй школе ў пасёлку Вольга, які знаходзіўся за сем кіламетраў ад майго дома. Кожны дзень, у любое надвор’е (і ў снег, і ў дождж!), не баючыся нічога, пешшу па дарожцы паміж сопкамі я ішла на працу ў сваю школу.
Прайшоўшы 14 кіламетраў (туды − назад), прыходзіла дадому стомленая, але натхнёная, задаволеная сабой і сваёй працай, і ніколі не было жадання пакінуць тое, чым
займалася. За час працы ў гэтай школе я была першай настаўніцай хіміі з адпаведнай адукацыяй і стажам. Атрымлівала падзякі за заслужаную працу. Падчас работы на працягу двух гадоў я палюбіла гэты край за цудоўную прыгажосць тайгі, сопак, мора, прыродныя багацці жывёльнага і расліннага свету.
Упершыню ў жыцці я ўбачыла і перажыла страшны ўраган «Тайфун», які доўжыўся тры дні. Ліўневыя дажджы ішлі без перапынку, і вецер з велізарнай сілай разбураў усё на сваім шляху. Маленькія раўчукі ператвараліся ў паўнаводныя рэкі, зносячы масты, пабудовы, ламаючы дрэвы. Разбурэнні былі значныя, загінула нямала людзей. На беразе мора ляжала рыба, выкінутая хвалямі. Нашы домікі, школа і іншыя капітальныя пабудовы не былі пашкоджаныя, таму што былі пабудаваныя паблізу сопак, якія і абаранілі іх. Тады я змагла дабрацца на працу толькі праз 10 дзён.
Аб занятках і сумеснай працы ў школе № 3
– А як жа апынуліся ў гімназіі імя Янкі Купалы?
– У 1955 годзе ў сувязі з накіраваннем мужа пераехалі ў Беларусь. У ваенным гарадку Мышанка Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці я працавала выхавальнікам дзіцячага сада. Шчыра любячы дзяцей, я старалася дарыць гэтым маленькім людзям сваю дабрыню, ласку, увагу, а ўзамен атрымлівала іх любоў і ўдзячнасць бацькоў.
Потым у горадзе Жыткавічы ў васьмігадовай школе № 4 вучыла дзяцей хіміі і біялогіі. Выкладала для вайскоўцаў хімію на падрыхтоўчых курсах пры вышэйшай навучальнай установе.
У 1966 годзе пераехала ў горад Мазыр. 15 гадоў працавала настаўніцай хіміі ў СШ № 7, а потым была пераведзена ў школу-новабудоўлю № 3 (цяпер – гімназія імя Янкі Купалы). Гады станаўлення школы былі цяжкімі. У педагагічны калектыў уваходзіла 50 чалавек з розных школ горада: былой васьмігадовай школы № 3, СШ № 7, № 8, № 10. Былі і маладыя настаўнікі, якія прыйшлі пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў. Калектыў навучэнцаў быў дапоўнены з розных школ горада. Напаўняльнасць класаў стала максімальнай, а ў дзявятым класе – 42 вучні. У школе аказалася шмат «складаных» дзяцей. Напрыклад, клас футбалістаў быў сабраны з розных школ горада і раёна. Усё гэта зрабіла няпростым працэс выхавання і адукацыі.
Перад настаўнікамі паставілі задачу: класы трэба было абсталяваць так, каб яны сталі кабінетамі. Працавалі мы ў дзве змены: да абеду ішлі ўрокі, а потым школа ператваралася ў майстэрню. З кожнага класа мы рабілі кабінет. Сумесная праца згуртавала наш калектыў. Для мяне як настаўніка хіміі гэта было асабліва важна. Без кабінета, абсталяванага належным чынам, немагчыма выкладаць хімію. Дзеці сабралі 700 штук бутэлечак для рэактываў. Усё трэба было класіфікаваць, падпісаць, зрабіць скрынкі. Дапамагалі мне і бацькі.
Праз два гады школа змянілася. У гарадскім аглядзе кабінетаў мой кабінет хіміі заняў першае месца, за што я атрымала грамату. Школа паступова стала займаць прызавыя месцы сярод школ горада і па іншых паказчыках (напрыклад, пераможцамі алімпіяд былі навучэнцы і школы № 3).
У стварэнні музея Янкі Купалы прымалі ўдзел усе настаўнікі і навучэнцы школы пад кіраўніцтвам былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Грышко Валянціны Уладзіміраўны. Музей быў адкрыты. Мы, ветэраны працы школы № 3, зрабілі ўсё магчымае, каб школа заняла першае месца сярод школ горада і атрымала статус гімназіі.
Аб прарочых словах і пачэснай працы
– Ці шчаслівая вы жанчына, Ніна Аляксееўна?
– Пасля выхаду на заслужаны адпачынак я працягвала працаваць да 63 гадоў у розных школах горада (на замене). Даўнія словы «Вы будзеце добрым настаўнікам!» аказаліся прарочымі. Я ўзнагароджана знакам «Выдатнік народнай асветы БССР», знакам «Выдатнік асветы СССР». Маё імя занесена ў Кнігу гонару горада Мазыра.
Я, ветэран працы, шчаслівая, што больш за 40 гадоў прысвяціла нялёгкай, але прыгожай і пачэснай працы настаўніка, аддавала творчы плён, любоў, веды навучанню і выхаванню дзяцей. Цяпер мне 93 гады. Я з задавальненнем наведваю родную гімназію, люблю сустракацца з калегамі і вучнямі.
Аб педагагічнай дынастыі і настаўніцкім прызванні
– Вы адзіны настаўнік у сям’і?
– У маёй сям’і я не адзіны настаўнік. Мой муж Лапін Уладзімір Міхайлавіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, служыў 30 гадоў ва Узброеных Сілах Савецкай арміі на пасадзе палітработніка. Выйшаўшы ў адстаўку і маючы вышэйшую адукацыю (скончыў МДУ, гістарычны факультэт, а пазней і аспірантуру), працаваў 20 гадоў выкладчыкам гісторыі, філасофіі, этыкі ў Мазырскім педагагічным інстытуце імя Н. К. Крупскай. Ён выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь. На жаль, яго ўжо няма разам са мной, але памяць аб ім жыве ў маім сэрцы і сэрцах тых, хто яго ведаў…
Дачка Касінская Іна Уладзіміраўна скончыла Мазырскі педагагічны інстытут імя Н. К. Крупскай, працавала настаўніцай працоўнага навучання ў СШ № 7. Мела шматлікія падзякі і ўзнагароды. Цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Я лічу, што для сапраўднага настаўніка дыплома аб педагагічнай адукацыі недастаткова. Вельмі важна мець прызванне да настаўніцкай дзейнасці.
Запісала размову Алена Мазуркевіч, бібліятэкар гімназіі імя Я. Купалы.