Мінулае малой радзімы ажывае на вачах у этнаграфічным музеі «Спадчына» Мазырскага раёна

201

Ведаць гісторыю краіны, яе традыцыі і звычаі, цікавіцца, чым жылі беларусы стагоддзе назад, – добра. А ці ведаем мы гісторыю сваёй малой радзімы – горада, вёскі, у якіх нарадзіліся? Ці можам мы назваць асноўныя прылады працы, якімі карысталіся нашы бліжэйшыя продкі? І чаму назва нашай любімай вёсачкі менавіта такая, а не iнакшая? Адказы на гэтыя пытанні могуць даць музеі.

Каб пазнаёміцца з духам эпохі, уявіць жыццё і побыт палешукоў, у Бельскай базавай школе быў створаны этнаграфічны музей «Спадчына», у якім сабраны сведчанні мінулага вёскі: прадметы сялянскага побыту, прылады працы, таксама прадстаўлены фотаматэрыялы, альбомы, граматы, творчыя работы вучняў, вырабы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Назад у мінулае

Аднак, мабыць, варта пачаць з гісторыі вёскі. Як распавяла нам настаўніца беларускай мовы і літаратуры, загадчыца музеем Наталля Юр’еўна Пабокава, узнікненне вёскі адносіцца да другой паловы XIX стагоддзя, калі на паштовай і ваенна-камунікацыйнай дарозе з губернскага Мінска ў павятовы Мазыр і далей на Кіеў было выдзелена сем надзелаў зямлі для перасяленцаў з іншай мясцовасці. Пасля сялянскай рэформы 1861 года на гэтых сямі на­дзелах існавалі сем гаспадарак.

Нашчадкі гэтых гаспадароў і сёння жывуць у вёсцы і носяць тыя ж прозвішчы: Бычкоўскія, Вяраксічы, Грамовічы…

– Ці з-за таго, што частка першых пасяленцаў была з вёскі Белка, ці па назве рэчкі, на беразе якой пасяліліся гэтыя жыхары, аднак вёска атрымала назву Белая, – расказвае Наталля Юр’еўна. – Месца, дзе бярэ пачатак гэтая рэчачка, і зараз называецца Верхабеллем.

Але ж настаўніца прыводзіць яшчэ адну гіпотэзу наконт утварэння вёскі. Кажуць, што Белая атрымала такую назву таму, што мясцовасць тут вельмі адметная: навокал – высокія пагоркі, адрогі Мазырскай грады, з-пад якіх б’юць крыніцы чыстай вады, па меркаванні карэнных жыхароў, «чыстай», «белай».

Навакольная прырода ў тыя часы была амаль дзікая. На месцы цяперашніх палёў і новых вуліц быў дубовы лес, а ўнізе рос непралазны хмызняк. Старыя людзі калісьцi расказвалі, што яны помнілі са свайго дзяцінства такую карціну: хаты ад лесу былі агароджаны высокім тынам, каб у вёску не хадзілі ваўкі. Па дарозе на цяперашнія Надаткі рос высачэзны алешнік, з драўніны якога рабілі вуллі, бочкі, лавы і падлогу ў хатах. На пачатак ХХ стагоддзя ў Белай налічвалася 28 двароў, 165 жыхароў.

Таксама на пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы была адкрыта царкоўна-прыхадская школа. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі палова будынкаў была спалена фашыстамі, школу пабудавалі каля фермы. Яна была драўляная і невялікая. С цягам часу, калі пасляваеннае жыццё пачало аднаўляцца, а людзі наладзілі свой побыт, у 1972 годзе быў узведзены сучасны будынак школы.

Ва ўсім ёсць узаемасувязь

Наталля Юр’еўна ўспамінае, што музей быў арганізаваны па ініцыятыве вучняў выпускных класаў у пачатку 90-х гадоў. Актыўныя і зацікаўленыя, яны сталі збіраць прадметы даўніны: пыталіся ў сваякоў, даследавалі гарышчы сваіх дамоў, хадзілі па сусе­дзях. І вось так паступова яны сабралі першыя экспанаты для музея. З цягам часу экспазіцыя пашыралася, і цяпер у яе ўваходзяць раздзелы «Этнаграфічны», «Гісторыя роднага краю», «Людзі маёй вёскі».

– Гэты музей незаменны для ўрокаў гісторыі, – дзеліцца з намі Наталля Юр’еўна. – Тлумачыць новы матэрыял мне лягчэй тут. Што такое лапці і маслабойка? Як рабілі вопратку і апрацоўвалі лён? Для чаго трэба ярмо, і як зерне ператваралі ў муку? Калі распавядаеш пра гэта дзецям, яны слухаюць, але ўспрымаюць як казку, фэнтазі. Таму я прыводжу іх сюды і паказваю: вось гэтым малацілі, гэтым жалі, гэтым ткалі. Мала таго, што нашы экспанаты цікавыя самі па сабе, яны з’яўляюцца яшчэ і наглядным матэрыялам. Тут вучням лягчэй ра­зумець і ўспрымаць вывучаемую тэму. Як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Хоць я сама яшчэ памятаю, як мая бабуля мыла вопратку і бялізну ў такіх начоўках, як збівала масла ў такой маслабойцы.


Пакаленне народжаных у 80-я і нават на світанку 90-х гадоў яшчэ могуць мець уяўленне аб некаторых з гэтых прадметаў, калі продкі былі вясковымі жыхарамі. Напрыклад, тая ж маслабойка, гладышка (або збан, гарлачык), ярмо, хамут, плуг, начоўкі, кашэль. Сучасныя ж дзеці паняцця пра іх не маюць.

Як наглядны матэрыял экспанаты музея выступаюць і на ўроках беларускай літаратуры. Напрыклад, чытаючы творы знакамітых беларускіх класікаў, многія моманты могуць быць незразумелыя цяперашнім школьнікам, асабліва апісанне сялянскага побыту на пачатку ХХ стагоддзя, прылад працы, апісанне дзеянняў на сенажаці, на гумне. Як сучасным дзецям зразумець, для чаго прызначана тая ці іншая рэч, што з ёй рабіць, як яна працуе і ўвогуле навошта яна патрэбна, каб пранікнуцца духам эпохі, зразумець падаплёку твора? Як чытаць «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Новую зямлю» Якуба Коласа – энцыклапедыі сялянскага жыцця – без разумення і прадстаўлення элементарных бытавых апісанняў? У гэтым выпадку важную ролю адыгрывае нагляднасць, якая як раз і прадстаўлена ў музейным пакоі.

– Гісторыю і літаратуру вывучаць нават цікава, калі бачыш прадметы даўніны і можаш да іх дакрануцца, – лічыць наша суразмоўца. – Акрамя таго, пры іх дапамозе настаўнікі прывіваюць любоў і павагу да роднай мовы і беларускай культуры. Сюды ж у некаторай ступені адносяцца і прыказкі з прымаўкамі, і фразеалагізмы. Напрыклад, насіць ваду ў рэшаце. «А што такое рэшата?» – дзеці пытаюць. Прыводжу сюды, паказваю і зараз жа чую: «Вось яно што!»


Па меркаванні Наталлі Юр’еўны, настаўнікі, асабліва мовазнаўцы, павінны рабіць упор на развіццё ў вучняў вобразнага мыслення, каб яны, чытаючы тэкст, бачылі перад сабой гэтую карцінку:

– У «Думках у дарозе» Якуба Коласа ёсць такія радкі: «Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, мігаюцца, пахіліўшыся, абросшыя мохам хваёвыя крыжы наабапал дарогі…». Калі з усім астатнім усё зразумела, то чаму цялежка грыміць, калі на колах – гума? Прыводжу дзяцей сюды і паказваю на кола: як яно не бу­дзе грымець, калі на ім не гумавая шына, якіх тады проста не існавала, а металічны вобад?.. Паглядзелі, паківалі – зразумелі. Літаратура складаней мовы, таму што ў літаратуры трэба думаць вобразамі, трэба разумець, што хоча сказаць аўтар, пра што ён піша.

Захаванасць такіх рэчаў і перадача падрастаючаму пакаленню ведаў пра тое, як жылося людзям стагоддзе назад, – менавіта гэта і складае тую самую генетычную памяць, спадчыну, гэта і ёсць наша гісторыя. Музейны пакой у Бельскай базавай школе – гэта масток паміж мінулым і сучаснасцю, ён дапамагае ўбачыць сваімі вачыма тое, што адыходзіць ад нас усё далей і далей, фарміраваць паважлівае стаўленне да простых людзей, працаўнікоў і эпох.

Успаміны як сведкі гісторыі

Немалаважную ролю ў захаванні памяці аб мінулай эпохе іграюць і апавяданні старажылаў вёскі, успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў педагагічнай працы. Расказваючы пра сваю работу «летапісца», Наталля Юр’еўна прызнаецца, што такія размовы ёй не проста падабаюцца, а з’яўляюцца гістарычнай скарбніцай вёскі, таму варта іх захаваць для цяперашняга і будучых пакаленняў. Вельмі важна ўспець гэта зрабіць.

Да 60-годдзя Вялікай Пабеды педкалектыў разам з вучнямі зрабіў экспазіцыю з успамінамі ветэранаў.

– Я тады абыйшла ўсіх ветэранаў, якія былі яшчэ жывыя. Размаўляла з імі, запісвала ад рукі іх успаміны. Потым я гэтыя запісы мастацка апрацоўвала, зрэдку дадаючы вершы, – дзеліцца праведзенай работай настаўніца. – Тады я зразумела, што старым і ветэранам неабходны зносіны. Ім патрэбны чалавек, які выслухаў бы іх, задаваў бы пытанні, цікавіўся іх лёсам. Яшчэ ў мяне ў задумках – напісаць пра ветэранаў педагагічнай працы Бельскай школы. Іх ўспаміны – гэта наша мясцовая гісторыя. Гісторыя людзей, якія жылі і працавалі побач, якіх яшчэ памятаюць тут жывымі. Да таго ж гэтыя сустрэчы – адзін з напрамкаў у рабоце з людзьмі.

Дарэчы, наша суразмоўца працуе не толькі ў школе, а яшчэ і ў сельскай бібліятэцы. Гэту пасаду яна ўспрымае не інакш, як захавальнік – ведаў, звестак, успамінаў, традыцый, звычаяў. І яна ўпэўнена ў тым, што чалавек павінен заўсёды развівацца, заўсёды спазнаваць нешта новае, павінен цікавіцца жыццём вакол, сваёй гісторыяй.

Вольга ЛАСУТА, фота аўтара.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: