З нагоды юбілею Івана Паўлавіча Мележа. Па старонках «Палескай хронікі»

302

Напярэдадні 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа пра пачатак яго творчых стасункаў з Мазырскім народным тэатрам, далейшае іх станаўленне, а таксама пра таленавітых артыстаў і мележаўскіх герояў расказвае кандыдат філалагічных навук, дацэнт, паэтэса Галіна Мікалаеўна ДАШКЕВІЧ.

У 1966 годзе ў беларускім акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Людзі на балоце» паводле аднайменнага рамана Івана Паўлавіча Мележа. Сцэнічная кампазіцыя ў пяці дзеях з дазволу пісьменніка была створана Тамарай Абакумоўскай і Зінаідай Браварскай. Папярэдне параіўшыся з аўтарамі, яе выкарыстаў рэжысёр Мазырскага народнага тэатра Міхаіл Яўхімавіч Колас. У гэты час ён быў студэнтам-завочнікам вышэйшага Маскоўскага тэатральнага вучылішча імя Шчукіна пры тэатры Вахтангава. Чатыры гады вучобы ўзбагацілі і ўзмацнілі цікавасць да сваёй справы. Спектакль «Людзі на болоце» стаў дыпломнай работай маладога рэжысёра. У 1970 годзе Мазырскі народны тэатр ажыццявіў сваю пастаноўку. Івана Паўлавіча надзвычай зацікавіла творчая праца мазыран. У 10 томе збору твораў, дзе сабрана эпісталярная спадчына пісьменніка, на старонцы 464 адзначана: «Красавік. Прысутнічае на спектаклі «Людзі на балоце» ў пастаноўцы Мазырскага народнага тэатра». Гэта адбылося 22 красавіка 1970 года ў былым Доме афіцэраў.

Сцэна са спектакля «Людзi на балоце»

 

Пісьменнік быў прыемна ўзрушаны, усхваляваны і сказаў: «Мне здалося, што я сустрэўся сёння не з самадзейнымі артыстамі, а з сапраўднымі куранёўцамі – сваімі землякамі, сярод якіх правёў сваё дзяцінства».

2 ліпеня 1970 года ў газеце «Советская Белоруссия» з’явіўся артыкул Д. Манаевай «Працяг палескай хронікі» з падрабязным аналізам спектакля. «Праз усю сцэну цягнулася
грэбля – тоўстыя бярвенні, убітыя ў дрыгву з насцеленымі паверх гарбылём, дошкамі. Паўз край грэблі – пахілены крыж, перавязаны ручніком. Ён ці то панура развітваўся з тымі, хто адыходзіў па грэблі, ці то спрабаваў яшчэ затрымаць іх сваімі драўлянымі трухлявымі рукамі. Па гэтай грэблі – прабітай праз боль дарозе – ішлі людзі ў новае жыццё. Так задумаў спектакль рэжысёр Міхась Колас, так увасобіў зрокава мастак Пятро Захараў», – пісала Д. Манаева. Сапраўды, еднасць з роднымі каранямі надала рэжысёру, мастаку, артыстам упэўненасць, веру ў поспех.

У масавых сцэнах было занята больш за 40 чалавек. Яны атрымаліся арганічнымі, праўдзівымі, жыццёва абгрунтаванымі. Міхаіл Колас бліскуча сыграў ролю Васіля. За знешняй, такой натуральнай, амаль дзіцячай непасрэднасцю яго героя – цэлая бура чалавечых пачуццяў, адчаю, няздзейсненых мар, няспраўджаных надзей. Упартасць, з якой змагаецца Васіль за лепшы кавалак зямлі, – упартасць чалавека, які не ўяўляе сябе без яе і які цвёрда перакананы, што потам сваім, гаротнай сіроцкай доляй сваёй ён заслужыў гэты кавалак.
Як чыстая крынічка з нашай палескай зямлі, паўстае ў спектаклі мазыран мележаўская любімая гераіня Ганна ў выкананні Людмілы Гуло (Ляхавец). Яна нібы цалкам, ва ўсёй сваёй знешняй і ўнутранай красе, з радасцю і болем, была выведзена на сцэну са старонак «Палескай хронікі».

Iван Мележ з рэжысёрам Мазырскага народнага тэатра Мiхаiлам Коласам.

Па-сапраўднаму раскрылася ў мележаўскіх «Людзях на балоце» Мальвіна Сцяпанаўна Тарасенка як актрыса народнага плана. Яе Куліна зусім не прыніжае Ганнінага пачуцця да Васіля, калі гаворыць, што «багацеі булі і будуць першыя», што «не вельмі будзеш рады красе, калі згаладаешся». Гэта ў многім справядлівая ісціна, правераная жыццём, хаця наш духоўны пачатак пратэстуе супраць яе. Але як толькі Куліна заўважае, што сцялася, гнеўна заіскрылася Ганна ад гэтых слоў, яна хітра адкідае ўвесь запас папярэдніх намаганняў: «Ну, добра, добра. Не буду, калі не да спадобы… Пра нас, пра бацьку падумала б. Як яму дажываць век, у нішчымніцы? Сноп на вілы падыме – рукі, як галінкі сухія, дрыжаць».

Мяняецца тэмбр голасу актрысы, інтанацыя набывае адценні народнага галашэння, натуральнага, непадробнага, шчырага. I глядач разумее Ганну, якая не можа не паддацца той сіле ўздзеяння, што затоена ў вобліку мачыхі, у яе словах аб дабрыні, самаахвярнасці, якую павінны несці людзі ў імя сваіх бацькоў, блізкіх, родных.

Iван Мележ (другi рад крайнi справа).

Бліскуча справіўся з роляю Глушака старэйшы акцёр тэатра Андрэй Іванавіч Лазарэўскі. Ён здолеў спалучыць у сваім героі непрымірымасць, настырнасць, дэспатызм і бездапамож-
насць, унутраны драматызм чалавека, стомленага ад жыццёвых выпрабаванняў, ад страху перад будучыняй.

Зінаіда Віктараўна Нагорная ў ролі Алены Дзяцел такая натуральная, зямная, перапоўненая трывогай за хлеб надзённы. Але гэта разам з тым яшчэ чалавек з вялікім жыццёвым вопытам. Яна ведае самыя запаветныя струны супярэчлівага характару свайго сына Васіля і ў патрэбны момант прыкладвае ўсе сілы, каб засланіць яго ад нягод.

Надзвычай праўдзівымі, пераканальнымі атрымаліся вобразы Глушачыхі (Нiна Зальцман), Чарнушкі (Мiкалай Белайчук), Сарокі (Вера Казлоўская), Зайчыка (Яўген Дашкевіч), Хоні (Пётр Перапеча) і іншыя. У масавых сцэнах прымалі ўдзел артысты самадзейнага тэатра грамадства сляпых, жаночы вакальны ансамбль дрэваапрацоўчага камбіната, дзеці артыстаў народнага тэатра. Асабліва ўразіла гледачоў пенсіянерка Надзея Антонаўна Сухаверава. Яна бліскуча сыграла эпізадычную ролю. Яе гераіня – старэнькая падслепаватая, глухаватая вясковая бабуля, якая не зважае на свой узрост, усюды хоча паспець: і на сход, і на вяселле, і на будаўніцтва грэблі…

Спектакль быў пастаўлены ў Калінкавічах, Рэчыцы, Мінску. Народны артыст Беларусі Здзіслаў Францавіч Стома выйшаў на сцэну, шчыра і ўзнёсла сказаў: «Ды вы ж не іграеце, вы – жывеце!».

«Людзі на балоце» Івана Мележа арганічна ўвайшлі ў рэпертуар Мазырскага народнага тэатра разам з «Раскіданым гняздом» Янкі Купалы, «Партызанамі» і «Брамай неўміручасці» Кандрата Крапівы, «Трыбуналам» Андрэя Макаёнка і іншымі пастаноўкамі, якія ствараюць своеасаблівую сцэнічную эпапею жыцця беларускага народа.

Каля трыццаці гадоў аддаў мазырскаму тэатру заслужаны работнік культуры М. Я. Колас. Дзякуючы яго самаадданай працы Мазырскі народны тэатр набыў шырокую вядомасць, стаў прафесійным калектывам і носіць сёння імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа. У светлыя дні юбілею нашага славутага земляка згадваецца яго любімая песня «Шумяць вербы», якую ён прасіў у мазырскіх артыстаў заўсёды спяваць пасля спектакля. А зараз мне вельмі хочацца сказаць пра нашага славутага земляка паэтычным словам.

Поле сваё засяваць

Гэта наяве, не ў сне,
Мележ вітае мяне.
У родных яго Куранях
Роднага слова размах.
Песня Палесся гучыць,
Нібы крынічка журчыць.
Мовы ўбіраю красу,
Змахваю ціха слязу…
Мележ, ці, можа, сам Бог,
На глінішчанскі парог
Зноў мяне кліча, заве,
Значнасць жыццю надае.
Моцна сплялі Курані
Нашай зямлі карані.
Толькі з адкрытай душой
Можна дабро спавядаць,
Толькі са шчодрай сяўнёй
Поле сваё засяваць.

Іван Мележ у Мазыры

Ён выйшаў на сцэну – зямляк-паляшук.
У зале раптоўна заціхлі,
Далоні вялікіх натруджаных рук,
Як крылы, стамлёна павіслі.

Не ведаў, што словы яго ў мазыран
Душу ўскалыхнуць назаўсёды,
Гарачыя вочы Гануль і Мар’ян
Засвецяцца шчырасцю, згодай.

Успыхнуць святлом незгасальным сваім,
Запаляць світанне над полем…
Шчаслівы – не зведаў чарнобыльскі дым,
Зайшоўся б, каб зведаў, ад болю.

Запісала Наталля КАНОПЛІЧ.
Фотаздымкі з архіва.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: