Шчасце быць беларускай

262

Адна з праблем у сучаснай нацыянальнай культуры – недастаткова актыўнае ўжыванне беларускай мовы. Аб гэтым гаворыць і Міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА, якая ўнесла яе ў атлас пад назвай «Мовы свету ў небяспецы».

Калі старэйшае пакаленне хаця б на кухні гаворыць па-беларуску або на трасянцы, то практычна ўся моладзь выкарыстоўвае ў штодзённым жыцці выключна рускую мову.
Аднак не ўсё так дрэнна. Мы сустрэлі дзяўчыну, якая любіць сваю мову і размаўляе толькі па-беларуску. Гэта Ірына Галавач, вучаніца 11-га класа Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Ірына ідзе на залаты медаль, бярэ ўдзел і перамагае ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, дзякуючы чаму ўжо мае стобальны сертыфікат па цэнтралізаванаму тэсціраванню.

– У мяне ёсць мара – паступіць у медыцынскі ўніверсітэт. Мяне заўсёды цікавілі людзі; хочацца ім дапамагаць і рабіць усе дзеля таго, каб яны былі здаровыя і шчаслівыя. Я вельмі люблю сваю малую радзіму. Нават зараз, калі я на пяць дзён еду са сваёй роднай вёскі Крукавічы з Калінкавіцкага раёна ў Мазыр на вучобу, то сэрца поўніцца пачуццямі страты нечага свайго, самага роднага! Я веру ў лёс: калі ты тут нарадзіўся, то табе наканавана штосьці зрабіць для сваёй Радзімы, унесці ўклад у развіццё сваёй краіны. Кожны мае права на выбар і кожны сам выбірае, на якой мове гаварыць. Любоў да роднага краю, да роднага слова прыходзіць з часам. Я шчаслівая, што жыву ў Беларусі.


– Адкуль у цябе прыхільнасць да роднай мовы?

– Справа ў тым, што ў пятым класе ў мяне з’явілася новая настаўніца – Святлана Лявонаўна Рак. Я яшчэ не бачыла чалавека, больш чыстага душою, які так моцна любіць сваю справу, якога па-сапраўднаму можна назваць Настаўнік. Калі яна гаворыць, ты адчуваеш усю магутнасць беларускага слова. Мы з ёй займаліся, рыхтаваліся да алімпіяд, і з кожнай гадзінай станавілася ўсё цікавей і цікавей вывучаць родную мову. Любоў да беларускага слова расла. Вельмі сумна было пакідаць сваю любімую настаўніцу. Але жаданне развівацца і мара паступіць у прэстыжны ўніверсітэт узялі сваё. У ліцэі мне таксама сустрэліся добрыя настаўнікі. Валянціна Аляксандраўна Шэцка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, дала мне многа ведаў, яе аптымістычны настрой заўсёды натхняў мяне на новыя здзяйсненні, а мудрыя парады дапамагалі ў жыцці.

А вось, што кажа сама Валянціна Аляксандраўна пра сваю вучаніцу: «Мову любіць па-сапраўднаму, таму і такія вынікі. Яна сапраўдная ва ўсім. Працавітасць проста велізарная – усюды Ірына на вышыні».

– Ці не ўзнікаюць у цябе цяжкасці ў камунікацыі з аднагодкамі?

– Мне падабаецца размаўляць на беларускай мове, я яе не цураюся. У нас дзве сястры – руская мова і беларуская. Мае сябры размаўляюць на рускай мове, але гэта не перашкаджае нашым зносінам. Мае аднакласнікі заўсёды мяне падтрымліваюць. І наогул, мне на жыццёвым шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі, ні адзін дрэнны чалавек мне яшчэ не трапляўся. З моманту паступлення ў ліцэй няма часу спрачацца – вучоба патрабуе максімальнай арганізаванасці і працавітасці.

– Ці чытаеш ты беларускіх аўтараў звыш школьнай праграмы?

– Канешне! Без гэтага не было б вынікаў. Маім любімым пісьменнікам з’яўляецца Максім Багдановіч, яго творчасць своеасаблівая, пасля прачытвання яго вершаў у маім сэрцы застаюцца толькі прыемныя пачуцці. Любімым празаікам з’яўляецца Васіль Быкаў. Мне вельмі падабаецца, як ён адлюстроўвае падзеі вайны – кранае да слёз. Ведаеце, калі літаратурны твор вызывае моцнае ўражанне, калі я плачу, то такі верш ці раман мяне захапляе і доўга помніцца.

– Як ты лічыш, ці будзе жыць наша мова?

– Безумоўна, будзе жыць! Зараз яна як ніколі актыўна развіваецца ў банкаўскай сістэме, у галіне спорту і айцісферы, створаны і паспяхова дзейнічаюць інавацыйныя праекты, напрыклад, «Мова нанова». Беларуская мова жыве, на ёй гаворыць моладзь і ў Гродна, і ў Мінску… Як пісаў Уладзімір Дубоўка, гэта «матчын дарунак ад самай калыскі». Колькі езджу на алімпіяды, назіраю імпэт юнакоў і дзяўчат у вывучэнні роднай мовы – значыць, ёсць цікавасць, значыць, будзе будучыня! Алімпіяды і конкурсы ўзмацняюць жаданне вывучаць беларускую мову. Калі вывучаеш родную мову, то адчуваеш сувязь і адзінства з нашым добрым і працавітым народам!

Сустрэча з сапраўднай беларускай натхніла нас на правядзенне невялікага анлайн-апытання сярод мазырскіх падлеткаў, удзел у якім прынялі каля 50-ці навучэнцаў СШ № 11 нашага горада. Па атрыманых дадзеных, у побыце руская мова пераважае ў 94,9 % апытаных, з іх 20,5 % рэгулярна выкарыстоўваюць англійскую і іншыя замежныя мовы, у той жа час наша мова карыстаецца меншым попытам: усяго 10,3 % рэспандэнтаў выкарыстоўваюць беларускую мову побач з рускай. Хоць у жыцці падлеткі практычна ніколі не выкарыстоўваюць родную мову, але 69,2 % апытаных лічаць патрэбным яе вывучэнне ў школах. Астатнiя 30,8 % рэспандэнтаў, якія адказалі «не», аргументуюць сваю пазіцыю «старамоднасцю мовы» і тым, што ў нашай краiне яна ўжо не так моцна запатрабавана. Аднак 64,1 % падлеткаў лічаць, што беларускую мову неабходна больш актыўна прапагандаваць на тэлебачанні, радыё, iнтэрнэт-СМІ і іншых інфармацыйных пляцоўках.

Далейшы лёс нашай мовы, упэўнены, залежыць толькі ад нас, моладзі!

Аляксандр ВЕСЯЛОЎ.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: