Перамога будзе за намі! Да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны

159

22 чэрвеня 1941 г. нападам Германіі на СССР пачалася Вялікая Айчынная вайна. Зводка Галоўнага камандавання Чырвонай Арміі паведамляла, што «на досвітку 22 чэрвеня 1941 г. рэгулярныя войскі германскай арміі атакавалі нашы пагранічныя часці на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора і на працягу першай паловы дня стрымліваліся імі. З другой паловы дня германскія войскі сустрэліся з перадавымі часцямі палявых войск Чырвонай Арміі…»

Паводле плана «Барбароса» войскі Германіі на працягу некалькіх тыдняў павінны былі выйсці на лінію Архангельск–Астрахань. У складзе трох груп нямецка-фашысцкіх армій: «Поўнач», «Цэнтр» і «Поўдзень» было 190 дывізій (у тым ліку 19 танкавых і 14 матарызаваных), 4 паветраныя флоты, якія налічвалі 5,5 млн чалавек і мелі на ўзбраенні каля 4,3 тыс. танкаў, больш за 47 тыс. гармат і мінамётаў, каля 5,5 тыс. самалётаў.


Групоўка армій «Цэнтр», якую ўзначальваў генерал-фельдмаршал фон Бок, цераз Беларусь ішла на Маскву. Яна налiчвала 50 дывiзiй (з iх 15 танкавых) і дзве матарызаваныя брыгады, або 820 тыс. салдат i афiцэраў, 1800 танкаў, 14300 гармат i мiнамётаў, 1680 баявых самалётаў.

Германскiм войскам з савецкага боку супрацьстаялi войскi Заходняга фронту, якім кіраваў генерал арміі Д. Паўлаў. У склад Заходняга фронту ўваходзілі 44 дывізіі, 3 брыгады УР-8, агульная колькасць салдат і офіцэраў складала 625 тыс. і 2300 чалавек было ў Пінскай флатыліі.

Абарончая аперацыя ў Беларусі (22 чэрвеня – 9 ліпеня 1941 г.) праводзілася войскамі Заходняга фронту. Шырыня фронту баявых дзеянняў складала 450-800 км, глыбіня адыходу савецкіх войск – 450-600 км. За 18 сутак аперацыі сярэднясутачныя страты Чырвонай Арміі складалі 23210 чалавек. Гэта найбольш значныя сярэднясутачныя страты, якія панесла Чырвоная армія ў гады Вялікай Айчынная вайны. У ходзе іншых аперацый сярэднясутачныя страты складалі: Смаленская бітва (10 ліпеня – 10 верасня 1941 г.) – 12063, Маскоўская абарончая аперацыя (30 верасня – 5 снежня 1941 г.) – 9825, Сталінградская абарончая аперацыя (17 ліпеня – 18 лістапада 1942 г.) – 5151, Сталінградская наступальная аперацыя (19 лістапада 1942 г. – 2 лютага 1943 г.) – 6392, Арлоўская наступальная аперацыя «Кутузаў» (12 ліпеня – 18 жніўня 1943 г.) – 11313 чалавек.

Ужо ў першыя гадзiны вайны германскiя войскi адчулi моцнае супрацiўленне савецкіх людзей. Мужнасць і стойкасць праявілі пагранічнікі, да канца ліпеня абараняўся гарнізон Брэсцкай крэпасці. Але, нягледзячы на самаахвярнае змаганнне чырвонаармейцаў, вораг хутка рухаўся на ўсход. 28 чэрвеня быў захоплены Мінск. У раёне Мінска ў акружэнне трапіла вялікая колькасць савецкіх вайскоўцаў. Увогуле, у 1941 г. у нямецкі палон трапіла 3,9 млн чырвонаармейцаў, да пачатку 1942 г. у жывых засталося толькі 1,1 млн чалавек. На тэрыторыі Беларусі ў лагерах было замучана і растраляна да 800 тыс. ваеннапалонных і прыраўнаваных да іх цывільных асоб.

У першай палове ліпеня Чырвонай Арміяй праведзены буйныя наступальныя аперацыі: Сянно-Лепельская і Рагачоўска-Жлобінская. У іх выніку быў дасягнуты мясцовы поспех, праціўнік адкінуты на 30-40 км. Але, не падтрыманыя агульным наступленнем, контрудары асобных вайсковых часцей мелі толькі часовы тактычны поспех.

З 3 па 26 лiпеня савецкiя войскi гераiчна абаранялi Магiлёў. Амаль 20 дзён працягваліся баi за Гомель.

Разам з воiнамi Чырвонай Армii на беларускай зямлi супраць захопнiкаў змагалiся i дзясяткi тысяч мясцовых жыхароў. На тэрыторыi Вiцебскай, Гомельскай, Магiлёўскай i Палескай абласцей было створана больш як 200 фармiраванняў народнага апалчэння якое налiчвала 33 тыс. чалавек, i 78 знiшчальных батальёнаў колькасцю 13 тыс. чалавек. Потым частка iх адышла з часцямi Чырвонай Армii, на базе іншых былi створаны партызанскiя атрады.

Абарончыя баі ў Беларусі далі магчымасць савецкаму камандаванню разгарнуць войскi другога стратэгiчнага эшалона на рубяжы рэк Заходняя Дзвiна–Днепр, мабiлiзаваць стратэгічныя рэзервы краiны, каб даць адпор ворагу. Запланаваныя камандаваннем вермахта тэрміны захопу савецкіх тэрыторый былі сарваны.

У СССР быў прыняты шэраг надзвычайных мер па мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў краіны на адпор ворагу. 23 чэрвеня 1941 г. была створана Стаўка Галоўнага камандавання (пазней – Стаўка Вярхоўнага Глаўнакамандавання). Надзвычайным органам, які сканцэнтраваў у сваіх руках усю паўнату ўлады, стаў Дзяржаўны Камітэт Абароны пад кіраўніцтвам І. Сталіна, сфарміраваны 30 чэрвеня 1941 г. 29 чэрвеня 1941 г. выйшла дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) з заклікам да партыйных і савецкіх арганізацый, усяго народа перабудаваць жыццё на ваенны лад, падпарадкаваўшы яго інтарэсам фронту.

Спынімся на падзеях лета 1941 г., што адбываліся ў Мазыры, які ў 1938 г. стаў цэнтрам Палескай вобласці. Горад напрыканцы 1930-х гадоў з’яўляўся буйным прамысловым і культурным цэнтрам БССР. У ім працавалі лесазавод «Пралетарый», фанерны завод «Чырвоны Кастрычнік», мэблевая фабрыка «Профінтэрн» і іншыя, дзейнічалі педвучылішча, медыцынская школа, 11 сярэдніх і няпоўных сярэдніх школ, тэатр, 15 клубаў, 12 дзіцячых садкоў, 8 дзіцячых ясляў, 4 бальніцы і амбулаторыі. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Мазыры налічвалася 17,5 тыс. жыхароў, з якіх 7584 працавалі на сямі прадпрыемствах і ўстановах горада.

Мазыране, як і ўсе савецкія людзі, марылі пра мірные жыццё. Аб гэтым сведчыў і апошні мірны нумар абласной газеты «Бальшавік Палесся», што датуецца 22 чэрвенем 1941 г. Газета распавядала пра розныя моманты эканамічнага і культурнага жыцця жыхароў беларускага Палесся. Сярод змешчаных матэрыялаў былі аб’явы пра пачатак прыёму заяў у вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны і ў першы клас Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага вучылішча. Паведамлялася, што «22 чэрвеня 1941 г. у 9 гадзін вечара ў гарадскім тэатры адбудзецца вялікі канцэрт ліліпутаў».

Але вайна стала рэальнасцю, і гэта знайшло адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі. Змяніўся характар публікацый і ў «Бальшавіку Палесся». Газета ад 24 чэрвеня 1941 г. пачыналася словамі У. Молатава: «Кожны з нас павінен патрабаваць ад сябе і ад другіх дысцыпліны, арганізаванасці, самаадданасці, вартай сапраўднага патрыёта, каб забяспечыць усе патрэбы Чырвонай Арміі, Флота і Авіяцыі, каб забяспечыць перамогу над ворагам».

25 чэрвеня ў «Бальшавіку Палесся» была перадрукавана перадавая газеты «Правда»: «Дадзім сакрушальны адпор фашысцкім варварам». Была змешчана падборка матэрыялаў «У вайне з намі германскія фашысты знойдуць сваю магілу», дзе паведамлялася аб тым, што робіцца ў розных раёнах вобласці па арганізацыі барацьбы з ворагам.

Мазыр знаходзіўся ў баку ад напрамку галоўнага ўдару праціўніка і на працягу двух месяцаў (22 чэрвеня – 22 жніўня 1941 г.) быў прыфрантавым горадам, у якім знаходзіліся Палескі і Пінскі абкамы КП(б)Б.

Адным з галоўных накірункаў дзейнасці партыйных і савецкіх органаў на пачатку вайны было правядзенне мабілізацыі ў дзеючую армію. Як гэта адбывалася ў Мазыры, сведчаць успаміны А. Дубіны, які пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1939 г. і курсаў пры Палескім абласным аддзеле народнай адукацыі, працаваў загадчыкам Лучажэвіцкай пачатковай школы Мазырскага раёна. У 1941 г. яму было 19 гадоў, ён быў дапрызыўнікам і па лініі Мазырскага гарваенкамата рыхтаваўся да паступлення ў школу ваенных лётчыкаў.
22 чэрвеня 1941 г. Мазырскі гарваенкамат сабраў на гарадскім стадыёне ўсіх дапрызыўнікоў горада і раёна, якія падлягалі прызыву ў Чырвоную Армію, для здачы нарматываў на атрыманне значка «Готов к труду и обороне».

У 12 гадзін па радыё выступіў глава савецкага ўрада У. Молатаў, які паведаміў, што ў 4 гадзіны раніцы фашысцкая Германія без абвяшчэння вайны парушыла мяжу СССР, пачала бамбіць савецкія гарады, ваенныя аб’екты і месцы дыслакацыі Чырвонай Арміі. Выступленне заканчвалася словамі: «Наше дело правое. Враг будет разбит. Победа будет за нами!»
Пасля гэтага спартыўныя мерапрыемствы на мазырскім стадыёне былі спынены, дапрызыўнікоў адпусцілі дадому. У другой палове дня гарадскі ваенкамат пачаў прызыў у Чырвоную Армію ваеннаабавязаных радавога, сяржанцкага і афіцэрскага саставу. Прызыўны пункт знаходзіўся ў будынку Сталінскай школы № 1 па вул. Пралетарскай (зараз тут дзейнічае суд Мазырскага раёна).

А. Дубіна быў прызваны ў Чырвоную Армію 11 ліпеня 1941 г. Ён узгадваў, што да таго часу фашысцкія самалёты неаднаразова рабілі спробы разбамбіць чыгуначны мост цераз р. Прыпяць, аднак гэта ім не ўдалося зрабіць з-за паспяховых дзеянняў нашай супрацьпаветранай абароны. «Однако им удалось разбомбить железнодорожный мост через р. Днепр между городами Гомелем и Речицей. Железнодорожное сообщение по этому направлению было прекращено. В связи с этим 11 июля вся молодежь и другие категории военнослужащих, призванные в ряды Красной Армии, пешком командами направлялись через г. Наровлю и д. Юровичи Калинковичского района до ближайшей железнодорожной станции в г. Репки Черниговской области Украинской ССР. Там нас посадили в железнодорожные вагоны товарного поезда и доставили в г. Гомель», адкуль прызыўнікоў накіроўвалі ў розныя вайсковыя злучэнні.

Пры правядзенні мабілізацыі ваенкамат сутыкнуўся з пэўнымі складанасцямі: частка людзей, якая падлягала прызыву ў армію, знаходзіліся на спецбудаўніцтве ў іншых гарадах або былі прызваны раней ў Чырвоную Армію на зборы. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у Мазырскім раёне было мабілізавана ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію звыш 700 чалавек. 3400 выпускнікоў школ Палескай вобласці былі накіраваны ў вайсковыя вучылішча.

Значную колькасць сярод прызваных у Чырвоную Армію складалі добраахвотнікі. Сярод іх былі і прадстаўнікі камсамольска-маладзёжнай дружыны запаса г. Мазыра пры абласным камітэце Чырвонага Крыжа, якія падалі калектыўную заяву з просьбай накіраваць іх на фронт. У заяве адзначалася, што яны скончылі медкурсы на выдатна, маюць значкі другой ступені ГСА.

Калектыў Палескага абласнога тэатра на сваім мітынгу прыняў рэзалюцыю, у якой звярнуўся да ўрада з просьбай накіраваць тэатр «на перадавыя дзеючай арміі», каб мастацтвам біць ворага.

Жыхары горада аказвалі дапамогу дзеючай арміі, прымалі ўдзел у будаўніцтве абарончых рубяжоў. Для ўмацавання 75-й стралковай дывізіі, якая на пачатку жніўня вышла з акружэння на тэрыторыі вобласці, Палескі абкам камандзіраваў звыш 100 камуністаў з ліку кіруючых работнікаў вобласці. Значная дапамога была аказана штабу 3-й арміі, у распараджэнне палітупраўлення камандуючага арміяй было накіравана звыш 400 чалавек.

Таццяна Нікіціна, гісторык.
Працяг у наступным нумары.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: