Я доўга шукала чалавека, які многага ў жыцці дасягнуў сам дзякуючы працавітасці, ініцыятыве, кемлівасці і неабыякавасці. Кандыдатуру Рыгора Бельчанкі журналісту МП параілі яго знаёмыя, пчаляры-аматары.
Іх меркаванне найбольш аб’ектыўнае, бо яны не толькі добра ведаюць Рыгора Рыгоравіча, але і называюць яго рысы характару, якія выклікаюць павагу: шчырасць, гатоўнасць дапамагчы, імкненне да ведаў і ўсяго новага, прагрэсіўнага, што выкарыстоўваюць іншыя і што з поспехам можна прымяніць у сябе.
А я ў сваю чаргу ўбачыла ў ім прадаўжальніка тых слаўных традыцый, якія вызначалі брагінчан і праслаўлялі іх. Значыць, не перавяліся ў нас таленавітыя і адораныя людзі, якія любяць родны край, працуюць на зямлі па-гаспадарску ўдумліва, дбайна, як і іх продкі.
Кватэру сям’я Рыгора Бельчанкі памяняла на дом, каб разводзіць розную жыўнасць, вырошчваць на прысядзібным участку бульбу, гародніну, забяспечваць сябе якаснымі прадуктамі харчавання. А ў 1997 годзе ён заняўся яшчэ і пчалярствам. Спачатку купіў адну пчоласям’ю, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца і ці справіцца ён з новай для сябе справай. Усё атрымалася так, як і меркаваў. А па-іншаму і быць не магло, бо ўсё, за што бярэцца гэты чалавек, прыносіць добрыя вынікі.
З тае пары прайшло 24 гады. Сёння на пасецы Рыгора Рыгоравіча больш чым 100 пчоласямей. І не тых, першых, дзікіх, што маглі ўджаліць, а, як іх называюць спецыялісты, міралюбівых. Не трэба перажываць, што пакусаюць суседзяў, жывёлу, ды і самога гаспадара. Ён за гэты перыяд даведаўся пра многія сакрэты пчалярства, перачытаў шмат спецыяльнай літаратуры, набыў багаты вопыт.
Навука не стаіць на месцы: распрацоўваюцца новыя тэхналогіі, з’яўляюцца сучаснае абсталяванне, інвентар, якія аблягчаюць працу. Можна купіць імпартнае, калі ёсць зацікаўленасць. Наш зямляк так і робіць. Нядаўна ў яго з’явілася медагонка польскай вытворчасці для атрымання салодкага прадукту цэнтрыфугіраваннем. Запячатаныя пчоламі соты спачатку адкрываюць пры дапамозе спецыяльнага нажа, потым устаўляюць у касеты медагонкі і круцяць. Мёд выцякае з ячэек сотаў і пад уздзеяннем сілы цяжару асядае па сценках у бак.
Пчоламатка (пчала-каралева), якая дае патомства і ад якой залежыць уся пасека, таксама каштуе не вельмі танна. Рыгор Бельчанка навучыўся выводзіць іх сам. Увогуле, ён шмат паспеў зрабіць.
Набыў трактар, уласнымі рукамі падрыхтаваў дзесяцімятровыя цялежкі, на якіх перавозіць вуллі да месца медазбору. Звычайна гэта рапсавыя палі гаспадарак. Пакуль алейная культура зацвіце, пасека знаходзіцца ў лесе.
Шкада, што ў нашым раёне не вырошчваюцца грэчка, сланечнік, кармавая база для пчоласямей беднаватая. Ды і са збытам мёду ёсць праблемы. Рапсавы за мяжой карыстаецца вялікім попытам і цэніцца вышэй, у нас жа з-за таго, што ён крышталізуецца, бяруць яго не з ахвотай.
Рыгор Рыгоравіч пасадзіў яблыневы сад, вырошчвае сталовы вінаград, а яшчэ – буякі (галубіку), клубніцы і іншыя ягады перспектыўных сартоў. Кола інтарэсаў у яго шырокае. Ёсць аднадумцы, з якімі абменьваецца саджанцамі, дзеліцца сабраным ураджаем. Самыя надзейныя памочнікі – жонка Надзея і дачка са сваёй сям’ёй.
Родам герой майго артыкула з Асарэвіч, чалавек вясковы, а гэта азначае, што да працы прывучыўся рана. Яна прыносіць яму радасць.
Пчолы апыляюць сельгаскультуры, паляпшаюць іх ураджайнасць, служаць на карысць чалавеку. Як і сады, вінаграднікі і ягаднікі. Зямля адорвае руплівых шчодрым ураджаем.