Міма старонкі ў інстаграм Ніны Каленік складана прайсці. Сямейныя фотаздымкі вар’іруюцца з фотаздымкамі адноўленай мэблі. Гераіня сённяшняга артыкула – сапраўдная фанатка рэдызайну. Жанчына дорыць мэблі другое жыццё, здымаючы стары пласт, фарбуючы ў новы, часцей – белы.
Шматдзетная мама ўпэўнена: калі няма магчымасці набыць новую мэблю, а старая ўжо вельмі надакучыла, можна паспрабаваць надаць ёй новае аблічча пры дапамозе ўмелых рук і фантазіі. Сёння майстар распавяла «Петрыкаўскім навінам» пра сакрэты свайго хобі.
– Усё новае – гэта добра забытае старое, – пачала Ніна ў час сустрэчы. – У нашым выпадку гэты выраз можна разумець літаральна. Старыя савецкія шафы, камоды, тумбачкі да гэтага часу стаяць у кватэрах у многіх з нашых суайчыннікаў, і сёння многія гаспадары імкнуцца пазбавіцца ад іх.
Людзі розныя бываюць: хтосьці любіць толькі новае, сучаснае, іншыя імкнуцца захаваць мэблю, якой карысталіся яшчэ бабулі і дзядулі, бо з ёй звязаны добрыя ўспаміны, пэўныя падзеі. Я стаўлюся да другога тыпу людзей.
Ніна працуе дырэктарам прыватнага ўнітарнага прадпрыемтсва “Сантана”. Па словах жанчыны, усяму ў жыцці давялося вучыцца самастойна. Калі паглядзець на сямейнае фота, не верыцца, што жанчына – шматдзетная маці, бо выглядае, хутчэй, як старэйшая сястра. У сям’і Каленік нарадзілася трое дзяцей. Чацвёртую дзяўчынку – удачарылі.
– Так, сям’ю мы стварылі ў вельмі раннім узросце. Бывае… Але сёння я шчаслівая, што лёс склаўся менавіта такім чынам. Старэйшая дачка Крысціна ўжо мае сваю сям’ю. Пабудавалі з мужам дом і жывуць асобна ў Петрыкаве. Сярэдняя – Аляксандра – вучыцца ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ў Мінску. Малодшыя – Віктар і Васіліса – першакласнікі ў гімназіі.
– Мая гісторыя з рэстаўрацыяй пачалася са старога савецкага круглага стала, які дастаўся ў спадчыну ад бабулі, – вярнулася да тэмы Ніна. – Мне вельмі важна было захаваць яго. Гэта ж памяць! Дапамагаў муж Віктар. Ён займаўся тэхнічнай часткай: здымаў стары пласт, я – дызайнам і афарбоўкай. Мы, дарэчы, абодва апантаны работай з дрэвам.Паспрабавалі – і ўсё атрымалася! Стары пажоўглы стол з расколінамі ператварыўся ў стыльны: модны белы. І выдатна ўпісаўся ў інтэр’ер нашай кухні.
І далей мяне ўжо было не спыніць. Я злавіла сябе на думцы, што стол – не апошняя мая работа. Пачала шукаць старую мэблю далей.
По словах Ніны, спачатку яе блізкія адгаворвалі ад падобнай работы: маўляў, навошта ёй такое ламачча? Але жанчына адказала рашуча: “Старое лягчэй за ўсё выкінуць, гэта я заўсёды паспею, а вось выратаваць – на гэта не кожны варты”.
– З цягам часу я перафарбавала піяніна, стары гадзіннік бацькоў мужа, буфет, стул. І, паверце, на гэтым мой энтузіязм не скончыўся.
З цягам часу людзі, пабачыўшы ў інтэрнэце мае вырабы, сталі пытаць, ці працую на заказ. І я не адмовіла. Гэта быў таксама эксперымент. Пагадзіцеся, рабіць штосьці на заказ – гэта справа куды больш адказная.
Так, днямі мы завяршылі работу над сценкай, зноў жа, перафарбавалі ў белы колер. Мая кліентка засталася вельмі задаволенай. Па яе словах, яна ўжо планавала выкінуць яе, але ў апошні момант вырашыла даць мэблі другі шанец.
Што такое рэдызайн мэблі – вельмі актуальны кірунак. Між іншым, ёсць людзі, якія не шкадуюць грошай на антыкварыят. Рэстаўрацыя мэблі пачынаецца з поўнай разборкі яе на асобныя элементы. Далей я прыступаю да выдалення старога пакрыцця і чысткі фурнітуры. На гэтым этапе здымаецца старое пакрыццё наждачнай паперай – гэта калі работа дробная. Аб’ёмныя працы бярэ на сябе муж, здымаючы верхні пласт спецыяльнай шліфавальнай машынкай.
Мэблю трэба абястлусціць. Для кожнага прадмета – індывідуальны падыход. Для захавання структуры дрэва можна выкарыстоўваць марылку, алей, воск ці лак. Для надання колеру – фарбу.
Папярэдне паверхню можна загрунтаваць для таго, каб пры пакрыцці мэблі фарбай колер атрымаўся менавіта такім, які быў запланаваны. Наносіць фінішнае пакрыццё можна пэндзлікам.
Вядома, шмат пра рэстаўрацыю я даведалася з інтэрнэту. Цяпер поўна рознай інфармацыі пра абнаўленне мэблі ў youtube. Кожная гаспадыня можа рызыкнуць і абнавіць у хаце куток. Інфармацыі столькі, што кожны знойдзе для сябе тэхніку на любы густ і колер.
Я “падсадзіла” на рэстаўрацыю мужа. Ён і дагэтуль працаваў з дрэвам, але цяпер аформіўся як самазаняты па рэдызайну і рэстаўрацыі мэблі. Спадзяемся, што хутка будзе прымаць замовы. У нас зараз майстэрня занятая ўласнай мэбляй, калі пачнуць паступаць заказы, вызвалім пакой.
Што мне б хацелася дадаць у канцы? Ну вось паглядзіце, у зале стаіць новы камод, набыты ў краме, але эмацыйна я да яго не прывязана. Больш таго – ён і не адпавядае высокай якасці. Разумею, што праз час ён зламаецца. А калі падумаць, колькі каштуе сёння шафа ці трэльяж, валасы дубам устаюць. А людзі яшчэ набываюць мэблю ў растэрміноўку – дзіва.
А вось мэбля савецкіх часоў, з якой я папрацавала, аднавіла, больш якасная. Здаецца, яшчэ мае ўнукі яе пабачаць. Такая мэбля нібы мае душу.
Я саджуся за той самы стол, і мяне адразу акутваюць успаміны з дзяцінства. А гэта вялікага каштуе.