13 лютага 2022 года перастала біцца сэрца таленавітага беларускага пісьменніка Васіля Юр’евіча Ткачова.
Васіль Юр’евіч Ткачоў нарадзіўся 1 студзеня 1948 года ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна. Вучыўся ў Ісканскай васьмігадовай школе Быхаўскага раёна (1955–1963). Пасля заканчэння Ільічоўскай СШ Рагачоўскага раёна (1963–1966) працаваў у раённых газетах (г. Івацэвічы, г. п. Карма). У 1967 г. прызваны ў Савецкую Армію. Служыў інструктарам палітаддзела па камсамольскай рабоце на касмадроме Байканур. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1973). Быў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі.
З 1980 года жыў і працаваў у Гомелі: карэспандэнт шматтыражкі «Сельмашавец», стыліст і спецыяльны карэспандэнт абласной газеты «Гомельская праўда», у 1989–2005 гг. узначальваў Гомельскае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Удзельнічаў у рабоце ІХ з’езда Саюза пісьменнікаў СССР (Масква, 1992). Член Саюза тэатральных дзеячаў (2006). З 1989 г. – член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. З 2006 года – член Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Аўтар 25 кніг прозы, публіцыстыкі і драматургіі. Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў у галіне літаратуры за кнігу «Снукер» (2011), лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі за творы для дзяцей (2012) і расійскай імя Баяна за ўмацаванне літаратурных сувязяў (2000). Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага за кнігу п’ес «Последний» (2013) і кнігу публіцыстыкі «Сцежкі-дарожкі» (2018). Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі па драматургіі за кнігу п’ес «Характары» (2017). Шырока вядомы як драматург. Спектаклі па п’есах Васіля Ткачова запатрабаваны ў тэатрах нашай краіны, а таксама ў Расіі, Казахстане, Эстоніі, Таджыкістане.
У тэатрах, на тэлебачанні і радыё ажыццёўлены пастаноўкі п’ес: «Вокны», «Сівы бусел», «Курорт для зяця», «Стары і дарога», «Ігнатаў рубеж», «Добрае стаўленне да сабакі», «Лесвіца», «Прыгоды з Канапухіным», «Следчы эксперымент», «Шкірдзюкі займаюць абарону», «Перапалох», «Усміхаўся месяц белай вішні», «Хтосьці ходзіць за акном…», «Апошні», «Белы ліст», «Без Ягора будзе гора», («На ўсе сяло адзін мужык»), «Букет для ўнука» (сумесна з Ю. Вута), «Бліндаж» (па аповесці В. Быкава), «Лялькі», «Два мяшкі цукерак», «Вушасцік», «Дзе жыве Некукарэка», «Як воўк мамай быў», «Непаслухмяная запалка», «Аднойчы гарачым летам…», «Чарадзейны рукзачок», «Некалючык», «Заяц-гром», «Снежная каралева», «Страказа і Мурашка» і іншыя.
Пераможца закрытага Рэспубліканскага конкурсу на лепшую п’есу («Стары і дарога») і іншых творчых конкурсаў. Творы таленавітага пісьменніка перакладаліся на рускую, украінскую, гугаузскую, польскую, туркменскую, удмурцкую і марыйскую мовы. Асобныя апавяданні ўключаны ў чытанкі для вучняў малодшых класаў. В. Ю. Ткачоў быў членам рэдкалегіі часопіса «Вожык». Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2007), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру» (2012). Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2014). Адзначаны прэміяй Рагачоўскага райвыканкама «Залаты Рог» (2014). Ганаровы грамадзянін Рагачоўскага раёна (2016).
Да апошняга дня творы, артыкулы, інтэрв’ю В. Ю.Ткачова з’яўляліся ў перыядычным друку Беларусі. Ён шчыра адгукаўся на прапановы савета Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» аб удзеле ў творчых літаратурных акцыях і мерапрыемствах па папулярызацыі літаратуры і чытання. Таленавіты творца часта выступаў перад школьнікамі, навучэнцамі, студэнтамі, вайскоўцамі, актыўна ўдзельнічаў у майстар-класах па выніках Форума маладых літаратараў Гомельшчыны. За актыўную творчую і грамадскую працу В. Ю. Ткачоў 5 сакавіка 2020 года ўзнагароджаны медалём Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларус»і «Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру».
Саюз пісьменнікаў Беларусі і Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» смуткуюць у сувязі са смерцю таленавітага беларускага пісьменніка і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.