Загадчык Махнавіцкім клубам Вольга Лебядзенка – аб забытых старонках гісторыі вёскi

310

Адкуль пайшлі Махнавічы?

На карце Мазырскага раёна ёсць нямала мясцін, якія зачароўваюць не толькі сваёй прыгажосцю і маляўнічасцю. Калі капнуць глыбей, то можна натрапіць на даволі цікавыя гістарычныя звесткі наконт паходжання асобных вёсак, на легенды і міфы, што зараз і складаюць спадчыну Мазыршчыны. Нашу спадчыну, якую мы прызванызберагчы і перадаць будучым пакаленням.

Усё пачынаецца з малага: паўнаводная рака – з невялікай крыніцы, а хуткі бег – з першага няўмелага кроку, любоў да Радзімы – з пачуцця непаўторнасці роднага краю, цікавасці да гістарычнага мінулага сваёй вёскі, людзей…

Назва «Махнавічы» паходзіць, відавочна, ад прозвішчаў ці мянушак. Навукоўцы такім прозвішчам даюць сэнсавае значэнне слова «касматы». Бо многія прозвішчы сучасных людзей паходзілі ад якой-небудзь дэталі паводзін, характару, адзення, роду заняткаў далёкіх продкаў. У сувязі з гэтым цікавая легенда аб тым, як узніклі Махнавічы. Легендай з намі ветліва падзялілася кіраўнік Махнавіцкага сельскага клуба Вольга Лебядзенка.

З крыніц народных…

Здарылася гэтая гісторыя даўнавата. Праўда, памятаюць пра яе да нашых дзён. А атрымалася вось што.

Жыў у нас чалавек, звалі яго Сідарам. Сярод аднавяскоўцаў ён вылучаўся здаравенным целаскладам і тым, што ўвесь быў парослы густой шэрсцю. Вяскоўцы пасмейваліся з яго, кпілі: «Яго ж, калі ўвечары ўбачыш, то можна злякацца! Такі здаравіла, а яшчэ аброслы. Як нячысцік!». І ў той жа час казалі, што Сідар – чалавек памяркоўны, шчыры, ніколі ў дапамозе не адмаўляе і жарты разумее. Ды і сам не супраць быў пажартаваць. Вось збяруцца вяскоўцы і пачынаюць: «Ну што, з усяго, здаецца, пасмяяліся, няма з чаго болей і зубы паскаліць!» То адразу ж знаходзіўся Сідар, які жартаўліва запрашаў пасмяяцца з яго. Так і прызвычаіліся: няма пра што гаворку весці, давайце пра Сідара.

А Сідар, акрамя таго, што спраўна вёў гаспадарку, трымаў яшчэ сваю кузню. Нельга было сказаць, што каваў як адмысловы майстар, аднак рэчы першай неабходнасці рабіў трывалыя і надзейныя. Таму да яго часта з такой нагоды і звярталіся.

Аднаго разу Сідару замовілі выкаваць саху. А часіна якраз была такая, што трэба араць, і заказ той не трываў адкладу. Не хацелася ўсё ж гаспадару ўставаць на досвітку, але і чалавека падводзіць не жадаў. Неяк ўстаў і падаўся да кузні. Раздзьмуў агонь, паклаў жалеза, і тут яму падалося, быццам за ім пільна сочаць нечыя вочы. Азірнуўся, але нікога не ўбачыў. Стаіць, молатам пастуквае ад нецярплівасці, а погляд той так і свідруе яму спіну. Азірнуўся зноў і заўважыў нейкую істоту. Таксама надзіва лахматую, з вушкамі, з рожкамі і доўгім хвастом. Другі б перапужаўся і закрычаў, а каваль узяў у свае здаравенныя рукі тую істоту і пытаецца: «Ты хто?» І ў адказ чуе неверагоднае: «Я чорт! Хачу паглядзець, чым ты тут займацца будзеш». Сідар жа спакойна прамовіў, што хоча падмаладзіцца, але ён не жадае, каб хто-небудзь быў сведкай гэтага і даведаўся пра яго сакрэт.

І тут нячысціку вельмі ж захацелася распазнаць пра сакрэт каваля, што выпаліў не падумаўшы, маўляў, ён таксама маладзейшым хоча стать. На гэта каваль адказаў, што за сваю работу бярэ золатам, аднак чорт свой намер толькі пацвердзіў: «Мяне цана не палохае. У нас, чарцей, яго, ведаеш, колькі?» Сідару нічога не заставалася, як даць сваю згоду, аднак с адной умовай: «Лепей, каб вас болей назбіралася. Тады я ўсім паказаў бы сакрэт амаладжэння, і вы не хадзілі б за мной, ды і плаціць давялося б толькі раз».

Узрадаваны чорт пабег да свайго балота, а каваль стаў абдумвацъ далейшыя дзеянні. Неўзабаве чарцей назляталася, можа, сотня, і ўсе перліся да дзвярэй. Гаспадар выйшаў і запрапанаваў ім праходзіць у кузню, а сам плотна і ціхенька зачыніў дзверы, каб ніхто старонні не ўбачыў, што будзе адбывацца.

Узважыў на руцэ прынесены нячысцікамі мяшочак з золатам і кажа: «Малавата. Думаеце, мне так лёгка будзе вас амаладзіць?» На другі раз гаспадар застаўся задаволены.

Першым амаладзіцца вызваўся здаравенны чорт. Сідар старанна прывязаў яго да таўшчэзнай калоды, якая стаяла на падлозе, узяў крывы, вызубраны серп і сказаў: «Трымайся!» І як стаў драць тым сярпом, што чорт месца сабе не знаходзіў, але не хацеў, каб падначаленыя бачылі, як ён плача, і чулі, як крычыць. Першы вытрымаў, але ледзьве жывы застаўся. Сеў другі. Каваль ужо не папярэджваў, а як працягнуў сярпом, то той завыў так, што нават зямля ўздрыгнулася: «Уцякайце, браткі!»

А куды ўцякаць, калі дзверы зачынены? Каваль давай нячысцікаў дубасіць, а яны са страху падкоп прарылі ды лататы задалі. Па дарозе кустоўе павыломвалі, узгоркі паразорвалі. Потым людзі смяяліся: «Гэта ад нашага махнача ўцякалі!» Вось адкуль нашы Махнавічы пайшлі.

А што кажа гісторыя?

За сорак кіламетраў ад Мазыра, ля дарогі ў Тураў, між лясоў і балот пасяліліся ў сярэдзіне XVII ст. першыя жыхары Махнавіч. Аб гэтым сведчыць геаграфічная карта Мінскага ваяводства канца таго ж стагоддзя, дзе ўжо была пазначана назва вёскі.

Ва ўрочышчы Цымбалы
(в. Дзербiнкi) знаходзiцца курганны магiльнiк.

Аднак новыя пасяленцы XVII ст. не былі першымі жыхарамі гэтай мясцовасці. Археалагічныя помнікі, якія захаваліся каля вёсак Махнавічы і Дзербінкі, гавораць пра іншае. Ва ўрочышчах Дубовіна і Цымбалы вучонымі былі выяўлены і абследаваны больш за 60 насыпаў вышынёй 0,5–1 метр і дыяметрам 8–12 метраў на плошчы больш за 10 гектараў. На думку навукоўцаў, тут знаходзяцца магільнікі – пахаванні дрыгавічоў і палян, якія жылі ў гэтай мясцовасці ў IX–XII стст.

Галоўным заняткам сялян Махнавіч на працягу стагоддзяў былi земляробства і жывёлагадоўля. Некаторы прыбытак прыносіў збор лясных ягад і грыбоў. Аднак востра адчувалася малазямелле. Лепшыя землі, лясныя ўгоддзі ў акрузе належалі меляшкавіцкаму, рамязоўскаму і буйнавіцкаму памешчыкам, якія валодалі амаль 60 тысячамі дзесяцін зямлі.

Сяляне за свае надзелы зямлі павінны былі некалькі дзён на тыдні адпрацаваць на карысць памешчыка: апрацоўваць палі, касіць сена, рамантаваць панскія будынкі, дарогі, масты. Паколькі Махнавічы знаходзіліся на дзяржаўнай дарозе, што звязвала Мазыр з многімі заходнімі валасцямі і гарадамі Тураў, Давыд-Гарадок і Пінск, сяляне абавязаны былі выдзяляць коней для праезду чыноўнікаў і быць іх праваднікамі і ахоўнікамі.

У другой палове ХІХ ст., пасля адмены прыгоннага права, пачалі развівацца лясныя промыслы. Нарыхтоўвалася будаўнічая драўніна і клёпка, лучына і бяроста для смалакурных заводаў, вырабляліся дзёгаць і паташ. У 1880 г. побач з Махнавічамі для вывазкі лесу на рачную прыстань Балажэвічы была пабудавана вузкакалейная чыгунка, цяглавай сілай якой былі коні. Сляды гэтай «конкі» захаваліся да сённяшняга часу.

Навейшы час

Гістарычныя крыніцы сцвярджаюць, што ў 1885 г. ў Махнавічах пачала дзейнічаць першая школа, а ўжо ў 1904 г. адкрылася народнае вучылішча, у якім вучылася каля 20 хлопчыкаў і некалькі дзяўчынак. Першым настаўнікам працаваў Іван Шурупіч, праз 5 гадоў – Павел Рухло.

Так выглядаў будынак першай школы ў Махнавiчах, 1885 г.

На працягу 1917–1920 гг. па зямельнай рэформе адбывалася рассяленне вяскоўцаў на хутары. Больш чым 150 сялянскіх сем’яў перавезлі свае пабудовы на хутарскія надзелы сярод лясоў і балот, паводдаль хата ад хаты. Так былі ўтвораны хутары Нічыпараўшчына, Казлы, Палетак, Хацемля, Калодніца, Рубезкі, Слінцы, Гарохаўка, Кірылаўка, Верхулессе, Гарадзец, Ягаднае, Анісімаўка, Навусце, Гарохава, Халява, Гай, Вуські, Брод, Рэчыца, Забалоцце, Гліннае, Цёмныя Грады, Загрузкае Балота, Горнае, Падкружэнне, Слепча. У саміх Махнавічах засталося толькі каля 30 двароў, дзейнічалі праваслаўная царква і карчма пры дарозе. Жылі тут і восем сем’яў яўрэяў, якія трымалі свае лаўкі і кузні.

Не абыйшлі Махнавічы бокам ні Першая сустветная, ні Грамадзянская войны, ні пятлюраўскія банды. Многія жыхары Махнавічаў і хутароў удзельнічалі ў барацьбе супраць кайзераўскіх і польскіх захопнікаў, украінскіх нацыяналістаў. Вёска неаднаразова станавілася арэнай баявых дзеянняў часцей Чырвонай Арміі і партызан супраць польскіх захопнікаў. У дні польскай акупацыі (сакавік–чэрвень 1920 г.) жыхары вёскі, як і ўсяго Палесся, уключыліся ў партызанскую барацьбу. Больш за 50 чалавек ваявалі ў лясным войску.

На прыкладзе адной толькі вёскі Махнавічы пераконваешся, колькі няшчасцяў і бедаў давялося перажыць вясковаму насельніцтву Мазыршчыны.

Вольга ЛАСУТА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: