Талент ад Бога

272

Жыве ў нашым горадзе цудоўны, таленавіты чалавек Уладзімір Гурын. Яго сакавіты голас і віртуозную ігру на гармоніку можна пачуць усюды: у ДК «Будаўнік», у Козенскім сельскім клубе, на пляцоўках парку нашага квяцістага Мазыра. Вось на Свята працы і на 9 Мая ў парку «Перамога» ён так узнімаў настрой усім прысутным сваёй народнай музыкай і спевамі, што ўстаяць проста было немагчыма. Апладысментаў было мора, чуліся словы «біс», «брава», «малайчына».

Гэты чалавек – жывая легенда, у яго дар ад Бога. Дырэктар ДК «Будаўнік» Ларыса Жыліна гаворыць аб ім: «Ён – наша дарагая жамчужынка. Заўсёды вясёлы, бадзёры, песенны, так узнімае ўсім настрой, што абыякавага ў зале не знойдзеш ніводнага». Уладзімір Гурын ведае на памяць больш за дзвесце народных песень. Куды б яго ні запрасілі – ён безадказны. З вялікім задавальненнем прыходзіць і на сустрэчы ў бібліятэкі, дзе яго вельмі чакаюць. Ён проста зачароўвае сваімі спевамі і музыкай. Паверце, на яго падобнага ў нашам горадзе я нікога не сустракала. Хачу праз любімую газету «Жыццё Палесся» ад імя многіх яго слухачоў і гледачоў шчыра падзякаваць яму за працу, за цікавае выкананне як беларускіх, так i рускіх, украінскіх народных песень, за захапленне народнай музыкай, якой так не хапае ў наш час. Завітайце ў Козенскі дом культуры, прыходзьце ў ДК «Будаўнік» на канцэрты «Мазырскія гармонікі» і вы не пашкадуеце.

Вольга АНДРУСЕВІЧ,
удзельніца мастацкай
самадзейнасці ДК «Будаўнік» і Козенскага СДК.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: