Канстанцін Карнялюк: «Востраў міралюбнасці сярод сцен лютасці»

214

На вялікае шчасце, у сённяшні час агромністых і амаль вар’яцкіх міжнацыянальных супярэчнасцей, канфліктаў і нават войнаў Беларусь застаецца спакойным і гарманічным астраўком міралюбівасці ў свеце, а гасціннасць – вельмі важным інструментам у справе пагаднення і дружалюбнасці людзей розных нацый.

Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, праз нашу краіну ідуць шматлікія шляхі. Актыўна сёння развіваецца агратурызм. Многія замежныя госці з задавальненнем наведваюць этнаграфічныя, гістарычныя, літаратурныя сядзібы сінявокай Беларусі, маляўнічыя куточкі прыроды-матухны, прыязджаючы сюды зноў і зноў.

Цікава, што нашы папярэднікі нават неспадзяванага госця лічылі самым дарагім і чаканым, называючы яго пасланнікам Бога. Разважалі, што на небе рашуча асудзяць таго, хто зачыніць зямныя дзверы перад чалавекам, асабліва перад вандроўнікам, які патрапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. І сёння мы бачым, як Беларусь комплексна і ўсебакова аказвае сусветным бежанцам усялякія віды дапамогі. І гэта ў той час, калі іншыя краіны, наадварот, працягваюць будаваць загароджы варожасці і сцены лютасці, калі гінуць не толькі людзі, але і звяры, не разумеючы, чаму іх запаветная сцяжынка перакрыта дротам.

Векавая беларуская мудрасць вучыць, што шчодрая гасціннасць – гэта і надзейны, добры ўрок на будучае: скрупулёзна і дэталёва выпрацоўвалася ўпэўненасць, што калі і нам давядзецца пабываць у іншай краіне, то і з намі абыйдуцца не горш.

За многія стагоддзі беларусаў ведаюць у свеце як добрых працаўнікоў, адказных і сумленных, як мужны народ, які прыняў на сябе першы агонь Вялікай Айчыннай, як краіну шчырых і дбайных гаспадароў, якія заўсёды рады гасцям, гатовы пачаставаць і новым ураджаем, і старымі прыпасамі-прысмакамі. Сёння ў нас рэалізуецца мноства турыстычных праектаў. Тэлебачанне Беларусі, беларускія сайты скрупулёзна паказваюць і апісваюць турыстычныя маршруты іншаземцам, якія затым прыязджаюць да нас і адкрываюць для сябе прыгожую, гасцінную, ветлівую краіну.

Адметна, што літаральна ў любую часіну абсалютна ва ўсіх куточках Беларусі праходзяць цікавыя фестывалі і святы. Так што нацыянальны духоўны каляндар змястоўны і насычаны! І гэта не проста фестывалі, гэта знакі-сведчанні нашай дружбы, нашай сілы, нашага яднання з іншымі народамі, адзінства прадстаўнікоў розных пакаленняў саміх беларусаў. Цікава, што можна не толькі ўбачыць, але і самому прыняць удзел у старадаўніх народных абрадах і забавах. Гэта і знакамітыя музычныя і тэатральныя форумы, фестывалі народнай культуры, старажытных рамёстваў і нацыянальнай кухні, велікасвецкія балі, рыцарскія турніры і рэканструкцыі эпохі Сярэднявечча, незвычайныя экалагічныя святы і шмат чаго іншага.

Лічу, што культуралагічныя вандроўкі спрыяюць яднанню народаў, яднанню душ і сэрцаў, дзеля чаго многія замежныя госці спецыяльна прыязджаюць у Беларусь.

Але што ж больш за ўсё захапляе гасцей ў нас? З упэўненнасцю адкажу: айчынная гасціннасць. Прыязджайце, добрыя людзі, у Беларусь, бо тут зоркі беларускай дабрыні і неабыякавасці будуць вам яшчэ больш ярка свяціць і нават палымяна ззяць! У шлях, у дарогу, новыя сябры!


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: