Жыцце Палесся

Сёння прадстаўляем вашай увазе творчасць Галіны Дашкевіч (Клімовіч)

Нарадзілася Галіна Мікалаеўна ў Тураве ў сям’і настаўнікаў. Скончыла філалагічны факультэт Мазырскага педагагічнага інстытута. Працавала выхавацелем у дзіцячым садку, настаўніцай у школе, выкладчыкам кафедры літаратуры ў педінстытуце (зараз – Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна).

Галіна Дашкевіч – кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Выдала кнігі паэзіі «Верасніца» (1997 г.), «Паўлік кнiжачку чытае» (2001 г.). Яе вершы, нарысы і навуковыя артыкулы друкаваліся ў калектыўных зборніках і перыядычных выданнях.

Дзяды

У бліках восені апошніх,
Яе ўрачыстай цішыні
Я чую сэрцам спеў дзівосны,
Дзядоў узнёслыя псалмы.
Вандроўнік-ліст павольна, плаўна
Кладзецца на далонь зямлі,
У гуках песні старадаўняй
Мацнеюць памяці званы.
Дзяды вядуць мяне з сабою
У векавечны дзіўны сад,
Дзе боль вянчаецца з журбою,
Дзе Маці Божае пагляд
Струменіць праз агонь лістоты,
Злучае з вечнасцю ўсіх,
Хто прычасціўся тайн смяротных
І хто ў гасцях сярод жывых.
Нас душы продкаў бласлаўляюць
I Божай Мацеры слязой
Ад бед і гора засланяюць,
У нетры сэрцаў западаюць,
Даруюць веру і спакой.

Вадохрышча

Вадохрышча… На тураўскай зямлі
Над Усясвяцкаю царквою ззянне.
Усіх грэшных адчувае парыванні
Той, хто святло надзеі запаліў.
Вадохрышча… У ледзяной вадзе
Душа і цела прагнуць амавення,
Хрыста і Маці Божай блаславення
I ўвасаблення страчаных надзей.
Вадохрышча… Такі магутны лёд
Над Прыпяццю даўно не валадарыў.
Імкнучыся пазбыцца Божай кары,
Душы людской бунтуе крыгаход.
Душа палёгкі просіць у нябёс,
Усёдаравання, літасці, спагады,
Маны, бязвер’я разбівае краты,
Святой малітвай ачышчае лёс.
I ёй тады ў абсягах цела цесна,
Узносіцца яна, нібыта птах.
I хор зямны зліваецца з нябесным,
I слёзы захаплення ў вачах.
* * *
Ціха, пяшчотна наўкола,
А на душы непакой.
Нехта заплакаў уголас,
Можа, па долі маёй.
Можа, анёл мой руплівы,
Што засланяў ад нягод,
Ператаміў свае крылы
Ад несканчоных згрызот.
Дух пахіснуўся ягоны,
Сэрца скавала ільдом
Непамыслот незлічоных
Над непакорным чалом.
Божа, вярні мне анёла!
Грэшна бяскрылымі жыць!..
Долі скрыпучае кола
Па каляіне бяжыць.
* * *
Спадзяюся яшчэ пажыць,
На Ўсявышняга спадзяюся,
Сонцу яснаму ўсміхнуся,
Што на небе і ў сэрцы гарыць.
А калі адыду – не бяда,
Будуць дзеці, унукі на свеце,
Будзе Прыпяць – жывая вада –
I малітва, і вера ў бяссмерце.
* * *
Ранім сэрцы самотай,
Ранім блізкіх людзей.
А жыццё, як лістота,
Ападзе, ападзе.
Будуць іншыя вежы,
Будзе іншы прасцяг,
Застануцца катэджы
Ад зямнога жыцця.
Застануцца машыны,
Катухі, гаражы…
I Чарнобыль палынны
Ад мяжы да мяжы.
У крывавым спляценні
Невьшосных трывог
Ёсць для грэшных збавенне –
Ёсць малітва і Бог.
Ёсць святая аснова
Беларускай душы,
Гэта – родная мова,
Спеў цымбальны ў цішы.

Тураўскія зубры

Ніякі вораг не парушыць
Наш беларускі радавод:
У сховах Тураўскае пушчы
Дар Белавежы даў прыплод.
Як велічна яны стаялі,
Лясоў, крыніц валадары!
Нібы ўсё жьщцё чакалі
Мяне пад Туравам зубры.
Важак павёў сурова вокам,
Магутным целам засланіў
Двух зубранят.
На трыццаць крокаў
Нас раздзяляў лясны масіў.
Такою мужнасцю і сілай
Павеяла ад іх пастаў,
Што, каб былі ў мяне крылы,
Я ўзляцела б да Хрыста,
Да Усявышняга з паклонам,
Што мара светлая – наўздзіў,
За «Песню пра зубра», што продкам
Сваім Гусоўскі прысвяціў.
Той сімвал Бацькаўшчыны горды
3 нас кожны ў душы збярог.
Хай ведаюць чужынцаў орды –
Непераможны наш народ!

Прыцягненне

Чым болей жыву, тым глыбей адчуваю
Жыцця непаўторную сілу, красу.
Пад дзедавай яблыняй песню спяваю,
Продкаў далёкіх гукаю вясну:
«Дый насыплю гору высокую,
Дый пасею хмелю зялёнага,
Дый навару мёду салодкага,
Дый паклічу роду далёкага…»
Сорак гадоў, як дзядуля ў вечнасць
3 роднай зямлі назаўжды адышоў…
А яблыня грэе, лашчыць мне плечы.
А песня маю амалоджвае кроў.
Палессе глыбока пусціла карэнне
У сэрца маё, у свядомасць маю.
Чым болей жыву, тым мацней прыцягненне
Між небам і роднай зямлёй спазнаю.

Па дарозе дадому

Мае сэрца спявала,
А душа расцвітала,
Да нябёс узлятала
Па дарозе дадому.
Там цымбалы дзяцінства
У садочку ігралі.
Там матуля і тата
Пад буслянкай стаялі,
Шчасце-долю гукалі.
Сэрцам чулі – імкнецца
Да роднае хаты,
Да гнязда дарагога
Іх дзіця-буслянятка.
Маё сэрца спявала,
А душа расцвітала,
Да нябёс узлятала
Па дарозе дадому,
Калі тата і мама,
Бусел з вернай бусліхай,
Пад буслянкай стаялі,
Птушанят выглядалі,
На дабро бласлаўлялі.
Адчуванне палёту
Не прапала з гадамі,
Хоць няма ўжо на свеце
Hi таты, ні мамы.
Вечны вырай абралі
Бусел з вернай бусліхай…
Апусцела буслянка,
Скрушна стала і ціха.
Па дарозе дадому
Болей я не спяваю…
Найсвяцейшай малітвай
Душы іх саграваю.
* * *
Мой лепшы набытак –
Радзіма і родныя дзеці,
Сынок і дачушка,
Унукі, што сонейкам свецяць.
Мой лепшы набытак –
Пяшчотная мужа ўсмешка,
Рамонкавы ранак,
Пялёсткі кахання на ўзмежку.
Мой лепшы набытак –
Прапрадзедаў мудрае слова
I Прыпяці песня,
I сціплы вянок васільковы.

Песня маці

Аднойчы вясноваю ноччу
Я песню пачула –
Спявала матуля сыночку,
Каб немаўлятка заснула:
– Сыночак мой родны,
Галодны ці сыты,
Ніколі не грэбуй
Ты бацькавым хлебам,
Ён працай упартай здабыты.
Ніколі, мой сынку, не грэбуй
Суровай пяшчотаю неба,
Пад ім нам пашчасціла нарадзіцца,
Зямелькаю роднай,
крыніцай-жывіцай,
Не раз давядзецца да іх прыхіліцца.
I дзе б ні хадзіў ты, сыночак,
Дарогай шырокай ці вузкай,
Ніколі не грэбуй,
Мой любы званочак,
Ты мовай святой беларускай.
Запомні навекі,
Сыночак мой мілы,
Не грэбуй спрадвеку
I простым, і шчырым
Матчыным словам –
У ім твая мудрасць і сіла!
I так гэта песня
Мне ў душу запала,
Што я яе вам,
Добрым людзям усім,
Праспявала.

Мазырскія бярозы

Выраслі, закрасавалі, выспелі
Белыя бярозы над ярамі,
На курганах на мазырскіх выснілі
Сны ўзнёслыя халоднымі начамі.
Шчыравалі, засланялі голлейкам
Травы, кветкі і калючы церан.
3 хмарамі спрачаліся прывольнымі.
Ветрам наталяліся з даверам.
Справа над курганам месяц свеціцца,
Злева ясна сонейка заходзіць.
А бярозкі сарамліва шэпчуцца
I вачэй з нябёсаў не адводзяць.
Сонейка красою іх любуецца,
Залаты прамень ім пасылае.
Месячык за хмаркаю затуліцца,
У хованкі з бярозкамі гуляе.
3 песняй паядналіся і славаю,
3 зорнымі і хмарнымі часамі
Мужныя, чароўныя, ласкавыя
Белыя бярозкі над ярамі.
* * *
Землякі дарагія, паверце:
Тварыць хачу, жыць хачу сэрцам.
Законаў логікі не парушу,
Калі наталю сваю душу
Малітвай Кірылы святога
Пра веру Хрыстову, пра Бога,
Калі назаўжды ўвекавечу
Ціхі над Туравам вечар,
Німб над Усясвяцкай царквою,
Зорку над Прыпяць-ракою,
Паром, што любоўна
Каўчэгам названы,
Што перавозіў ля Чэрніч
У Тураў, Малешаў, Азяраны
Сялян-касароў, рыбакоў –
Слаўных палешукоў.
Поўніцца радасцю свет…
Белай лілеяй, гускаю
Расцвітае душа мая
паляшуцкая.
* * *
Рабіна-чараўніца
Чырвоныя каралі
Падорыць тром сініцам,
Каб ад вятроў адсталі.
Каб не спяшалі ў вырай
I засталіся ў пушчы.
Каб абуджалі крыллем
Вясну ў мароз пякучы.
Званочкі залатыя,
Лісточкі агнявыя
Усё слухаюць, як б’ецца
Зямлі-матулі сэрца.
А вераб’ёў чародка
Замест лістоў дрыготкіх
Павісла на бярозе
У восеньскай трывозе.
Чырыкае, сакоча
I адлятаць не хоча.
Мароз ліхі не страшны
Маленькім мужным птушкам!
Не будзем ленавацца,
Змайструем ім кармушкі!
* * *
На асеннія далі
Зноў пасыпаў сняжок,
Як цябе мы чакалі.
Сыпся, падай, дружок.
Мяккай, белай пасцеллю
Поле, луг засцілай
I на срэбных арэлях
Ты мяне пагайдай.
* * *
Зажурыліся ў двары
Вераб’і і снегіры.
Пазнікалі мушкі, мошкі,
Не знайсці нідзе ні крошкі.
Выйшлі першыя сняжынкі
Прагуляцца на сцяжынкі.
Птушкі крылцы развінаюць
I адна адну штурхаюць,
Першым снегам чысцяць дзюбы,
Думаюць, што гэта крупы.
Як шкада – дарунак снежны
Мяккі, пульхны, ды не ежа.
Памірылі дзеці птушак,
Нарабілі ім кармушак.
Сыплюць крупы ім і крошкі,
Каб дужэлі крылцы, ножкі.
Вераб’і і снегіры
Рады – ёсць у іх сябры.
* * *
Весялушка-сакатушка
Нашаптала мне на вушка,
Што прыехаў Чарадзей
Весяліць усіх дзяцей.
3 Новым годам ён віншуе,
Падаруначкі даруе.
Падарункаў цэлы воз!
Хто ён, дзеткі?
– Дзед Мароз!

Зімовая казка

Дзед Мароз прачнуўся рана,
Павярнуўся на тапчане
I сказаў: «Авохці мне!
Быццам камень на спіне!
Пазавіце Завіруху,
Папрадуху, паскакуху,
Каб прыехала ў госці
Ды размяла трохі косці».
Уміг сняжынкі паімчалі,
Завіруху адшукалі
I пабеглі зноў гуляць,
Дзетак снегам забаўляць.
Завіруха прыскакала
Ды на Дзеда накрычала:
«Прачынайся, барадзед,
Гэта ж смех на цэлы свет,
Заляжаўся ты, стары,
Як мядзведзь той у бары:
На дварэ зіма даўно,
А Марозу не відно!
Ноч усю мяту і вею,
Снегам сыплю, ажно млею,
Сонца ўстане – усё растане
Без цябе, ты мой васпане».
Раптам весела падзьмула,
Дзеда добра страсянула,
Закружыла, заспявала,
Потым трохі пашаптала…
Дзед Мароз тут ажывіўся,
Нібы лекаў ён напіўся.
Кажа: «Дзякуй, Завіруха,
А мая ж ты харашуха!
Дзякуй, мілая, за лекі,
Бо даўно лясы і рэкі,
I палі мяне чакаюць…
Ну, ды годзе казкі баяць!
Дзе мой кій і мой кажух?
Ад дрымоты я апух.
Прэч дрымоту і ляноту,
Трэба брацца за работу!»

Старонку падрыхтавала Наталля КАНОПЛІЧ.

 

Exit mobile version