Каляда ў госці прыйшла. Палеская зямля – скарбнiца абрадавых свят i адпаведных iм традыцый. Кожны з iх мае сакральны сэнс

128

Народныя і хрысціянскія традыцыі для жыхароў Палесся – гэта тое, што продкі завяшчалі ім захоўваць і берагчы на працягу ўсяго жыцця. На Мазыршчыне калядаванне захавалася ў многіх вёсках.


Калядоўшчыкі адным вялікім, шумным і вясёлым гуртом ходзяць ад хаты да хаты і жадаюць гаспадарам шчасця і дабрабыту ў новым годзе. Аб асаблівасцях святкавання Калядаў на Мазыршчыне нам распавяла загадчык аддзела арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці Мазырскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Астапенка.

З крыніц народных

– Каляды былі пачаткам язычніцкага святкавання ў гонар зімовага сонцавароту і каляднага мясаеду пасля шасцітыднёвага Піліпаўскага паста. Многія фалькларысты справядліва бачаць у зімовай святочнай абраднасці з-за яе генетычнага і фундаментальнага адзінства вынік двайнога перанясення святкавання сустрэчы Новага года: спачатку з вясны на восень з прыняццем хрысціянства ў Вялікім Княстве Літоўскім, а потым на зіму ў часы пятроўскай Расійскай Імперыі, – расказвае Галіна Астапенка.

Складанасць пытання ў тым, адзначае Галіна Іванаўна, што на языцкае святкаванне каляднага сонцавароту наслаіўся хрысціянскі рытуал нараджэння Хрыстова – свята Раства, якое ў дадатак адзначаецца на Беларусі па каталіцкаму, грыгарыянскаму, новаму стылю 25 снежня і па праваслаўнаму, юліянскаму, 7 студзеня.

– Уся тэатралізаваная прыгажосць, святочнасць Каляд ствараецца іх незвычайнай песеннасцю, якая калісьці мела заклікальна-магічны характар:

«Ой, калядачкі, набліжыцеся, вы, каўбасачкі, прыніжыцеся!» – праспявала Галіна Іванаўна. – Галоўная дзеючая асоба – прыгожая жанчына Каляда, якая «прыехала вечарам у маляваным вазочку, на белым кані // Прынесла дудачкі ў рэшаце, сама села на покуці ля куцці»

Самым важным і, відаць, самым вясёлым, прыгожым, жывым у наш час з’яўляецца песенна-магічны абход тэатралізаванымі гуртамі калядоўшчыкаў усіх хат вёскі, а калі па-простаму – шчадраванне. Асноўнымі дзеючымі асобамі былі звяздар, механоша, цыган, конь, павадыр, каза, музыкі.

– На Каляду насілі рухомую, асветленную знутры зорку, на якой былі намаляваны розныя казачна-легендарныя фігуркі, – працягвае размову Галіна Іванаўна. – Калі шматпрамянёвую частку зоркі вярцелі, то гэтыя фігуркі бегалі. У старыя дахрысціянскія часы зорка была ўвасабленнем сонцавароту, а з прыняццем хрысціянства набыла яшчэ біблейскія рысы віфліемскай зоркі, якая асвяціла месца цудоўнага нараджэння Хрыста. У гэты час часцей за ўсё спявалі хрысціянізіраваныя калядкі. Пасля спеваў калядак гаспадары давалі калядоўшчыкам «ахвяру»: раней гэта былі хлеб, мука, сала, каўбаса, а цяпер – больш ласункі, цукеркі.

Павадыр у світцы, лапцях, з барадой з ільну і носам з морквы вёў на вяроўцы і паганяў пугай Казу ў вывернутым кажусе з казінаю маскаю на галаве. Калі калядоўшчыкі падыходзілі да хаты, тройчы пыталі дазволу: «Ці дазволіш, пане-гаспадару, каляду паспяваці?». Атрымаўшы дазвол, пачыналі іграць музыкі, а павадыр выводзіў у круг Казу, яна скакала пад песню калядоўшчыкаў, калола прысутных рагамі, а ў канцы песні падала пасярэдзіне і «памірала». Павадыр спрабаваў падняць яе: «Што ж гэта стала, мая Каза ўпала, ссохла, прапала».

Усе Казу шкадавалі, спрабавалі падняць, а механоша прыгаворваў:

«Нашай Козаньцы нямнога трэба: два боханы хлеба, сем печ перапеч! А яшчэ аладкі, каб бокі былі гладкі. Яшчэ таго мала: дайце кусок сала, чацвёрты пірог, каб казу сцярог. А хто харошы, хай насыпе грошы!» Адначасова збіралі ахвяраванні: «Шчодрыка збіраю, песеньку спяваю. Я чалавек багаты: у мяне ў адной кішені вош на аркане, а ў другой – блыха на цапе. Шчодра дарыце, здаровы бывайце!»

Павадыр пачынаў «лячыць» Казу: «Не хоча Каза ўставаць – трэба лякарства ёй даць: нацерці бок кійком, падняць батагом. Каза мая вучоная – кіем хрышчоная, прайшла ўсе навукі, ведае розныя штукі. А ну, закладай рогі ды падбірай ногі, з хаты выхадзі, бяду-гора вынасі». Каза ўсхоплівалася, а павадыр прыгаворваў: «Ой, ты, Казішча, старая псішча, паньству пакланіся. Хай жывуць здаровы з дзеткамі-галубкамі, далёкімі сябрамі, з блізкімі суседзямі ў карысці, у радасці, у добрым здароўечку!»

– Рытуальная смерць Казы сімвалізавала сабой канчатак (смерць) старога года, у якім пажадана было пакінуць усю сямейную бязладзіцу, хваробы, страты, крыўды. Ажыўленне Казы было сімвалам пачатку новага года, новага жыцця, – тлумачыць сімвалізм Галіна Астапенка.

– Любоўна-шлюбная тэма, стварэнне сям’і, заснаванай на лепшых чалавечых пачуццях, заўсёды былі прадметам галоўнай увагі ў нашых дзядоў. У іх была выпрацавана сваеасаблівая служба знаёмстваў: на працягу доўгіх калядных вечароў выбраныя бацька і матка «жанілі Цярэшку» – зводзілі, падбіралі, навучалі, рыхтавалі да стварэння моцнай сям’і хлопцаў і дзяўчат, – расказвае пра цікавы калядны абрад Галіна Іванаўна. – Калі «жанілі Цярэшку», гледачоў не было – усе былі ўдзельнікамі. Гэта патрабавала вялікай падрыхтоўкі: развучвання карагодаў – разгорнутых уступаў да гульні і карагодаў-мосцікаў, калі ўсе пары стаялі ў шэраг, а «бабулька» з першай пары лавіла свайго «дзядульку»; абавязковага ўмення танцаваць «Лявоніху», якая выконвалася пасля «жаніцьбы» кожнай пары, і некаторыя іншыя танцы; вадзіць карагоды, а таксама спяваць песні, якія гучалі ў той час, калі ўсе пары «перажанілісія».

Але самай важнай часткай гульні-камедыі былі песенькі-цярэшкі – чатырохрадкоўкі камічнага зместу на тыповы матыў, якія надавалі парадыйны характар усім момантам «жаніцьбы», і таму веданне вялікай колькасці тэкстаў «цярэшак» было галоўным у падрыхтоўцы святочнай гульні. Кожная «бабулька» пасля «жаніцьбы» павінна была праспяваць свайму «дзядульку» адпаведныя «цярэшкі».

Адаптаваная сучаснасць

У вёсцы Глініца Асавецкага сельсавета Каляды спраўляюць наступным чынам. Загадчык сельскім домам культуры Анжэла Акунец расказвае, што калядаванне пачынаецца з таго, што гурт калядоўшчыкаў апранае звяздара – чалавека, які будзе ісці на чале шэсця і несці на доўгай тычцы зорку як сімвал віфліемскай зоркі, абвясціўшай вяшчунам аб нараджэнні Ісуса Хрыста.

У ролі Каляды выступае маладая дзяўчына, якая спявае кароценькія шчадроўкі. На яе галаве – вяночак з рознакаляровымі лентамі. Званар абвяшчае аб прабліжэнні калядоўшчыкаў званочкам, які загадзя падрыхтоўваюць для шэсця.

Абавязковы персанаж шчадравання ў Глініцы, па словах Анжэлы Георгіеўны, – механоша.

– Звычайна гэта дарослая жанчына, пажадана, каб яна была плотнага целаскладу, – смеючыся, тлумачыць загадчык клубам. – Мех абавязкова павінен быць вялікі: у яго сяляне складваюць свае дары калядоўшчыкам, таму што перадаваць іх з рук у рукі ў нашай вёсцы забаронена – гэта лічыцца дурной прыкметай. Абавязковы ўдзел ў калядаванні таксама прымаюць і дзеці.

Апрануўшыся ў касцюмы звяздара, механошы, казы, цыгана, мядзведзя, калядоўшчыкі адпраўляюцца шчадраваць. Спачатку яны граюць пад вокнами, спяваюць песні: «А ўчора звячора, а ўчора звячора // Наступіла зора, наступіла зора…», а калі гаспадар выходзіць з хаты насустрач, то пытаюцца: «Добры вечар таму, хто ў гэтым даму! Хочам вас паспытаць, ці дазволіце пакалядаваць?» Вядома ж, што глінічанцы не адмаўляюць, бо, як расказвае Анжэла Георгіеўна, адмовіць ці не пусціць на парог калядоўшчыкаў лічылася вялікай непавагай і прадвесцем розных бед для сям’і. Праўда, у старажытныя часы было адно выключэнне: не заходзілі ў хату да тых, у каго не мінула яшчэ года са смерці кагонебудзь з дамачадцаў.


Дазваленне атрымана – і вялікі і вясёлы гурт праходзіць ў хату, дзе тэатралізаванае дзеянне працягваецца. Адным з абавязковых рытуальных дзеянняў, якое суправаджае Калядкі, з’яўляецца абрад «Засеўкі». Анжэла Георгіеўна кажа, што без яго не абыходзiцца ні адно шчадраванне. Рассыпаць па хаце некалькі жменяў збожжа азначае пажадаць гаспадарам дабрабыту, добрага ўраджаю.

– Увогуле ў нашай вёсцы існуе павер’е: калі ў хату зайшлі каляды, то цэлы год у сям’і ўсё будзе добра, – адзначае Анжэла Георгіеўна.

Аўтар дзякуе Мазырскаму раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці і сельскім дамам культуры за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу і за фотаздымкі.


Вольга ЛАСУТА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: