Хопіць быць дармаедамі, пара стаць мужчынамі

121

Гісторыі пра вялікаўзроставых дзяцей, якія сядзяць на шыі бацькоў, у апошні час сустракаю часта. І адразу ж прыгадваю прымаўку: «Дрэнныя тыя бацькі, якія не давядуць сваіх дзяцей да пенсіі». Вельмі дзіўна чуць, калі маладыя хлопцы з рабочымі спецыяльнасцямі ніяк не могуць уладкавацца на працу – вакансій жа хапае. Думаю, справа ў іншым. Напрык­лад, ужо больш за паў­года застаецца ў пошуку Сяргей, сын знаёмай. Некаторы час ён працаваў элект­рыкам у адной з дзяржаўных будаўнічых кампаній, потым раптам кінуў усё і разам з сябрам паехаў у суседнюю дзяржаву за «годнай зарплатай». Недзе ў сакавіку вярнуўся ні з чым. Фіяска па­тлумачыў проста: будоўлю закрылі, працаўнікоў падманулі.

Блізкія паспачувалі, накармілі, абагрэлі. Але ж 30-гадовы «хлопчык» да гэтага часу сядзіць дома і хоць бы што. «Гарбаціцца за капейкі не буду», – заяўляе ён. А жыць за кошт бацькоў не супраць, ды яшчэ і па гаспадарцы не дапамагае: не для гэтага маці ружачку гадавала.

– Сын уладкаваўся на працу? – пытаюся ў знаёмай пры сустрэчы, калі гаворка зайшла пра дзяцей.

– Якое там! Сядзіць цэлымі днямі і начамі ў інтэрнэце, шукае, але ўсё дарма, кажа, няма работы.

– Можа, лепш пайшоў бы па прадпрыемствах ці на кірмаш вакансій наведаўся, іх зараз шмат праводзяць. Электрык – прафесія неабходная.

– Я ўжо і не ведаю, што з ім рабіць… Гадавалі з мужам, думалі, падтрымкай будзе ў старасці, а ў яго нават за камуналку заплаціць няма чым. Нам бы ўнукаў няньчыць, а сын не ўладкаваны. на вуліцу ж яго не выганіш і нічога не скажаш, бо пакрыўдзіцца, падумае, што хлеба шкадуем.

Сумна слухаць знаёмую. Маці з татам, вядома ж, пракормяць, бо мы для іх і ў 50 гадоў дзеці, але ж бацькі Сяргея ўжо не маладыя, ім самім патрэбны дапамога і клопат. А можа, яны вінаватыя, што сын – дармаед, бо часам гіперапека перарастае ў паразітычнае стаўленне да жыцця.

Неяк у адным з раёнаў Гомельшчыны прымала ўдзел у выязным пасяджэнні камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Кіраўнікі і спецыялісты райвыканкама, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў выехалі ў адну з вёсак, дзе жыве вельмі шмат беспрацоўных мужчын. Пераступіўшы парог сельскага Дома культуры, у якім павінна была прайсці сустрэча, члены камісіі здзівіліся: у памяшканні яблыку не было дзе ўпасці. Няўжо столькі зацікаўленных у працаўладкаванні?

На самой справе ўсё аказалася далёка не так. Разам з узроставымі сынамі з сівізной ў валасах прыйшлі іх матулі-пенсіянеркі, якія не маглі зразумець, чаму іх сыночкаў сюды выцягнулі. «Ён жа мяне даглядае!» – абуралася адна з іх, а пра тое, што закасцянелы гультай усю матчыну пенсію прапівае ды яшчэ і на цыгарэты грошы просіць, яна прамаўчала. «Ён не п’е, падумаеш, перакуліць адзін-другі стограмовік за вячэрай. Хіба гэта п’е? Гэта так, для апетыту», – прыкрывала яна сваю крывіначку. Ніяк не зга­джаліся жанчыны з членамі каміссіі, што іх «хлопчыкі» – дармаеды, а «героі дня» пры гэтым сядзелі сабе ціхенька і нават пасмейваліся: зараз вам мая маці пакажа, дзе ракі зімуюць! Яны жывуць адным днём, перабіваюцца часовымі калымамі, летам ходзяць па грыбы-ягады, заробленае прапіваюць і не думаюць пра будучыню, а між тым багна зацягвае, выбрацца з яе становіцца ўсё складаней. Марная справа дапамагаць тым, хто не жадае гэтага.

Жыццёвыя выпадкі хоць і прыватныя, але красамоўныя. Колькі такіх вялікіх матчыных сыночкаў, якія жывуць, дарэчы, у сацыяльна арыентаванай дзяржаве. Хто дасць гарантыю, што хто-небудзь з іх не захварэе ці не паб’ецца з такім жа, як сам, і не трапіць у бальніцу? Яму, канешне, акажуць неадкладную дапамогу, а якую карысць ён прыносіць дзяржаве? Я не заклікаю пакідаць гэтых адшчапенцаў паміраць пад плотам, а хачу, каб перш чым нешта прасіць у дзяржавы, яны падумалі, што зрабіць, каб краіна была моцнай і прыгожай? Хопіць хавацца за матчыны спіны, пара стаць сапраўднымі мужчынамі! А бацькоўскія любоў і клопат у цэлым нармальная праява, проста адным не трэба займацца гіперапекай, а другім мець сумленне.

© Правда Гомель


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: