Мiжнародны дзень роднай мовы – важны дзень у нашым календары

206

Для мяне 21 лютага – дарагі дзень не толькі на словах, але і ў сэрцы. Міжволі ў гэты дзень мне ўзгадваюцца словы паэта Пятра Бітэля:

«Любіць сваё – зусім не значыць // Чужое ганіць, адмаўляць. // Вось за чужым свайго не бачыць, // Не вывучаць, не шанаваць – // Злачынствам будзе без сумлення, // Бо ёсць такі закон жыцця: // Шануй чужое аж да пакланення, // Сваё любі да самазабыцця».

Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, але, на жаль, палова з іх ужо пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання знікаючых моў 21 лютага быў абвешчаны Днём роднай мовы. Лічу, што менавіта ў гэты дзень усім не грэх пагаварыць на роднай матчынай мове, узгадаць тое, што звязана з яе захаваннем і развіццём. Дарэчы, у Беларусі пражываюць прадстаўнікі амаль 140 нацыянальнасцей і народнасцей. Каля 80 % людзей з гэтага ліку называе сябе беларусамі, а прыкладна 50 % з іх беларускую мову лічаць роднай.

Мова – душа майго народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў. І сёння наш гонар і абавязак – шанаваць родную мову.
Нельга забываць, што беларуская мова калісьці была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся законы, вяліся суды, адбываліся соймы. Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, а ў 1517 годдзе ў Празе доктар лекарскіх навук Францішак Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску – першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.

Мяне не можа не радаваць, што мова сёння стала больш актыўна ўжывацца ў сферы рэкламы, культуры, бізнесу, а таксама ў інтэрнэт-прасторы. Яна становіцца элітарнай: на ёй размаўляюць высокаадукаваныя людзі, літаратары, мастакі, дзеячы навукі, культуры. Гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей карыстацца ёю. І гэта зусім не дзіўна: нам жа ў спадчыну засталася жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная мова. Давайце ж будзем разам з тымі, хто думае пра будучыню нашай мовы! Давайце размаўляць па-беларуску – і заўтра наша мова стане яшчэ больш неабходнай нам, нашым дзецям і ўнукам. Не саромейцеся мовы сваёй, удасканальвайце мілагучнае роднае слова. Са святам вас, дарагія землякі!

«І ў палацы, і на сцежцы вузкай, // Каб душа магла пачуць душу, // Размаўляй са мной па-беларуску, // Размаўляй па-роднаму, прашу!»

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
пазаштатны аўтар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: