Якія кнігі карыстаюцца сёння попытам у пакупнікоў? Ці любяць чытаць мазыране, ці не шкадуюць грошай на набыццё новых кніг? Якіх аўтараў шануюць? На гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць намесніка кіраўніка філіяла Ларысу Мілаш.
Аглядваючыся на гісторыю
Пачынаючы наш дыялог з Ларысай Канстанцінаўнай, міжволі прыпомніліся радкі Ніла Гілевіча, які ў адным са сваіх вершаў, прысвечаных першадрукару, пісаў: «Марыў калісьці славуты Скарына, //«Ціснучы» кнігі на мове бацькоў: //Простаму люду ў роднай краіне // зробіць даступнай ён мудрасць вякоў»…
Здзейснілася мара вялікага сына полацкай зямлі, які сканцэнтраваў у сабе з аднаго боку ўсе дасягненні ўсходнеславянскай культуры, а з другога – увасобіў тып тытана эпохі Адраджэння. Першыя кнігі, выдадзеныя Францыскам Скарынай, з’яўляюцца нацыянальным здабыткам, а сам першадрукар – адным з сімвалаў Беларусі.
А вось што тычыцца «Светача» ў Мазыры, то ў гэтым годзе магазін адзначыць 60-годдзе. Пад кіраўніцтвам Таццяны Крукоўскай тут працуюць шэсць чалавек, якія робяць усё належнае, каб магазін заставаўся прыемным астраўком для наведвальнікаў, куды хацелася б прыйсці не проста за пакупкай, а нібы на спатканне з кнігай. З пункту гледжання стагоддзяў гэта дробязь, а вось па водгуках мазыран, кнiжны магазiн – гэта самае люднае месца, куды хочацца прыйсці не раз, узяць у рукі новую кнігу, адчуць водар тыпаграфскай фарбы і дазволіць сабе цікавае вандраванне. Гэта магчыма, таму што тут ёсць кніжкі на любы густ і кошт. Многія ўспамінаюць, як прыходзілі сюды са сваімі матулямі, калі былі дзецьмі, а зараз заглядваюць у «Светач» ужо са сваімі малымі аматарамі кнігі, якіх цягне сюды нібы магнітам…
«Светач» сёння
«І не дзіва, што цягне, – гаворыць Ларыса Мілаш. – Тут жа «жывуць» казкі, расфарбоўкі, альбомы з цудоўнымі малюнкамі… ААТ «Белкніга» сёння супрацоўнічае са шматлікімі айчыннымі і замежнымі выдавецтвамі. Сярод іх «Беларусь», «Народная асвета», «Вышэйшая школа», «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі», «Мастацкая літаратура», Выдавецкi дом «Звязда» і іншыя.
Кнігі сёння – гэта не проста тавар, а з’ява культурнага жыцця краіны.
На базе магазіна праводзяцца тэматычныя акцыі, ладзяцца выставы пісьменнікаў і паэтаў-юбіляраў, прэзентацыі новых твораў, каб звярнуць увагу чытачоў. Дарэчы, у гэтым годзе будзем ладзіць выставы-продажы твораў Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Маўра, Максіма Гарэцкага, Яўгеніі Янішчыц. У мінулым асаблівую ўвагу надавалі творам юбіляраў – Янкі Купалы і Якуба Коласа, Янкі Брыля, Максіма Танка, Алеся Адамовіча. Нягледзячы на імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій і сацыяльных сетак, кніга – гэта фактар фарміравання інфармацыйна-культурнай прасторы і грамадскай думкі, ментальнасці людзей і адносін да сваёй спадчыны», – зазначае намеснік загадчыка.
Калі паспрабаваць разабрацца ў класіфікацыі тавару, прапануемага сёння пакупнікам, то ў магазіне «Светач» вельмі разнастайны асартымент. Тут шырока прадстаўлены мастацкая, дзіцячая і навукова-папулярная літаратура, папярова-белавая прадукцыя, канцтавары і школьныя прыналежнасці, вучэбна-метадычная і сацыяльна значная літаратура, бланкі і часопісы, гульні і цацкі, сувенірная прадукцыя. А ў колькасным эквіваленце – больш за 20 тысяч найменняў!
А што на паліцах?
«Калі вы сабраліся прыдбаць кнігу ў падарунак, то ў такім выпадку важна ведаць прыхільнасць чалавека: аднаму будзе па душы класіка ці мастацкая літаратура, а другому – зборнік паэзіі. У ліку выданняў, якія карыстаюцца вялікім попытам, – кнігі Булгакава, Гогаля, Шолахава, Айтматава, Дастаеўскага. Нароўні з неўміручымі Лермантавым і Пушкіным – зборнікі паэзіі Асадава, Цвятаевай, Пастэрнака, Ахмадулінай, Рубальскай. Не меншым попытам карыстаюцца таксама і кнігі беларускіх аўтараў: Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Васіля Быкава, Івана Шамякіна і іншых. Асабліва прыцягваюць пакупнікоў адзінкавыя экзэмпляры, якія набываюць у падарунак замежныя госці: «98 вядомых месцаў Беларусі», кнігі пра сталіцу Беларусі Мінск і наш цудоўны Мазыр, «Гістарычны атлас Беларусі», «Праз стагоддзі ў будучыню».
Нягледзячы на электронныя фарматы, ёсць свая прыхільнасць і ў моладзевай аўдыторыі: яна звяртаецца да друкаваных варыянтаў, каб папоўніць багаж ведаў і атрымаць эстэтычнае задавальненне ад чытання. Купляюць фантастыку, фэнтэзі. Значыць, кніга – гэта не столькі тавар, колькі ўнікальная крыніца інфармацыі, якая можа захоўваць запісаныя веды на працягу цэлых стагоддзяў і перадаваць іх з пакалення ў пакаленне», – падкрэслівае Ларыса Мілаш.
Роля кнігі ў жыцці
Пра гэта якраз мы паспрабавалі паразважаць з пакупнікамі, якіх, нягледзячы на ранні час, у магазіне было нямала.
Напрыклад, Яўген, адзін з пастаянных наведвальнікаў «Светача», зазначае, што тут працуе вельмі ўважлівы калектыў, які ўмее прапанаваць і выбраць патрэбнае выданне. Ад такой увагі і адносін хочацца прыйсці сюды яшчэ не раз. А сёння яго зацікавіла кніга «Іспанская кухня». Прызнаўся, што хоча навучыцца нешта гатаваць для сваіх блізкіх па прапанаваных рэцэптах, дзе ўвага надаецца морапрадуктам. Выданне ілюстраванае і мае даступны кошт.
А вось Валянціна Рыгораўна і яе маленькая дачка Злата наведваюцца сюды амаль кожны тыдзень, каб прыдбаць расфарбоўкі, кніжку-аплікацыю, кніжку-выразайку «Надзень ляльку» альбо новую казку.
Пенсіянерка Вольга Васіль- еўна зазірнула ў «Светач» для набыцця перакіднога календара, каб сачыць не толькі за датамі, а і за праваслаўнымі святамі.
Наша наступная субяседніца, якую завуць Ірына, расказала, што жыве ў Ельску. Але ж калі выдаецца магчымасць быць у Мазыры, то заўсёды наведвае гэты магазін, а яшчэ – абавязкова напярэдадні новага навучальнага года, таму што, акрамя кніг, тут можна купіць усё неабходнае сваім школьнікам.
Дарэчы, нямала цёплых водгукаў у адрас «Светача» мы знайшли і на сайце «Белкніга». Так, Святлана піша: «Гэты магазін карыстаецца папулярнасцю з часоў СССР. Калі патрабавалася нешта асаблівае, то знайсці яго можна было толькі тут…» А наведвальнік Віталь напісаў: «Цудоўнае месца, дзе пануе асаблівая аўра, дзе можна знайсці самыя ўнікальныя выданні…»
Водгукі ад пакупнікоў можна прыводзіць яшчэ і яшчэ, і ўсе яны толькі ярчэй падкрэсліваюць ролю і прызначэнне кнігі. Таму завершым сказанае такімі словамі: «Калі хочаш папоўніць інтэлектуальны запас альбо знайсці адказ на нейкае пытанне – ідзі ў «Светач»!»
Дарэчы, слова «светач», паводле тлумачальнага слоўніка, мае некалькі значэнняў: «святло», «факел», «асвета». Карыстайцеся тым, якое вам бліжэй. А наконт кніг увогуле можна сказаць наступнае: гэта тое, што прымушае чалавека думаць, развівае яго розум, таму іх важнасць у жыцці чалавека складана пераацаніць.
Машыны ж маюць уласцівасць ламацца, а вось кніга, нават калі яе старонкі пажоўкнуць, будзе вечнай. Там жа нібы заміраюць цэлыя стагоддзі, светы і сусветы, якія хочацца спазнаць. І такая магчымасць сёння ёсць у дастатку ў кожнага з нас, чаму Францыск Скарына быў бы вельмі рады асабіста.
Наталля КАНОПЛІЧ.
Фота аўтара.