Жыцце Палесся

Наталля Прус упэўнена, што рэалізаваць свае мары можна ў любым узросце

Гэтая народная прыказка добра пад­крэслівае адметныя ўласцівасці лю­дзей, якія пры важным выбары ў жыцці слухаюць сваё сэрца. Як і Наталля Прус.


Нарадзілася Наталля Васільеўна ў вёсцы Мерабель, што на Мазыршчыне. З дзяцінства марыла быць выхавацелем у дзіцячым садку. І нічога дзіўнага! Педагагічнай справе шмат гадоў у свой час прысвяцілі яе бабуля, маці, тры цёткі. Вось дзеля гэтага і накіравалася дзяўчына ў сталіцу, дзе спачатку на «выдатна» скончыла педагагічнае вучылішча, а потым з чырвоным дыпломам і факультэт дашкольнай адукацыі Мінскага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Безумоўна, у яе быў выбар: альбо застацца ў сталіцы, альбо паехаць ў вёску. Рашэнне было адназначным і беспаваротным – быць на Мазыршчыне. Першыя крокі ў педагогіку зрабіла ў вёсцы Белая, затым стала працаваць у дзіцячым садку ў вёсцы Прудок.

Тут стварылася яе сям’я, нарадзілася дачка, а потым – унучка і ўнук. Увогуле ж педагагічнай справе Наталля Ва­сільеўна прысвяціла амаль чвэрць веку, чым павялічыла ўклад сваёй дынастыі ў педагогіку, на ўліку якой было ўжо амаль 200 гадоў. Прычым не проста павялічыла, а яшчэ і прыдала свой каларыт: распрацавала асабістую методыку выхавання дашкольнікаў і заявіла аб ёй на рэспубліканскім конкурсе ў 1992 годзе, дзе была ўдастоена дыплома III ступені і статуса «Зорка, якая працуе на вёсцы». Адметнымі асаблівасцямі выхаваўчай працы Наталлі Прус ужо ў тыя гады стаў фальклор, народная творчасць, захаванне культурнай спадчыны роднага краю.

Ад выхавання да культуры – адзін крок

Жанчына адчувала, што для рэалізацыі шматлікіх ідэй ёй не хапала дарослых аднадумцаў. І лёс распарадзіўся так, каб такая магчымасць з’явілася. Калі на пенсію пайшла загадчык Прудкоўскага дома культуры, то ёй прапанавалі заняць гэтае месца, а на пасадзе выхавацеля ў дзіцячай установе яе змяніла дачка. Безумоўна, новы паварот адкрыў для Наталлі Васільеўны шырокае поле дзейнасці на ніве культуры. Не працавала, а нібы фантанавала ідэямі: прапанавала, ініцыявала, збірала па крупіцах ад носьбітаў навакольных вёсак песні, прымаўкі, замовы, галашэнні, абрадавую творчасць, складвала гэта народнае багацце ў культурную скарбонку, каб захаваць яго і перадаць нашчадкам. Вынікі атрымаліся добрыя: падчас яе кіраўніцтва (больш за 20 гадоў) былі створаны і функцыянавалі 15 клубных фарміраванняў, у тым ліку і 7 дзіцячых; званне «народны» мелі фальклорна-этнаграфічны калектыў «Валошкі» і аматарскае аб’яднанне «Рукадзельніца».

Самадзейныя артысты ахвотна выступалі не толькі на сцэнічных пляцоўках, а і на фермах, і на палявых станах, дзе падымалі добры настрой чалавеку працы, напаўнялі яго душу нябачным скарбам пад назвай любоў да роднага краю. Наталля Прус вялікую ўвагу надзяляла таксама дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. У Доме культуры была створана выставачная зала, якая папаўнялася творчымі працамі мясцовых майстроў, а ў пакоі сялянскай хаты былі сабраны прылады і прадметы побыту паляшукоў. Менавіта ў той час з’явілася і яе ўнікальная калекцыя рэканструяванага жаночага касцюма мазырска-тураўскага строю – рэгіянальныя касцюмы сялян вёсак Прудок і Мерабель, праз якія назіралася цесная сувязь з усімі праявамі творчай дзейнасці чалавека, рознымі абрадамі і звычаямі, непаўторнымі адметнасцямі, вызначальнымі рысамі, асаблівасцямі дэкора вышыўкі, якую адрознівала аднабаковая гладзь альбо раслінны ўзор. На заслужаны адпачынак жанчына пайшла амаль у 60 гадоў, i шмат яе праектаў засталіся нерэалізаванымі.

Наталля Васільеўна ўпэўнена, што на пенсіі жыццё не замірае, а працягваецца, прычым набывае новыя адценні.

І канцэнт­руецца яно не толькі на смачных пірагах для ўнукаў, нацыянальных стравах, а і на інтэлектуальным развіцці, дзе вялікае месца адводзіцца паэзіі. І здаецца, што свае паэтычныя радкі жанчына піша сэрцам, таму ў іх адчуваецца пяшчота і моцная любоў да роднага краю, як вось і ў гэтых:

«Я так адчуваю мір: // Бярозы шумлівая споведзь, // І Прыпяці стоены вір, // І поля жытнёвага роўнядзь. // У лілеях блакітых азёр, // Рамонак пялёсткам варожыць // І далеч шчымлівая зор, // Што сэрца маё так трывожыць. // І дуба паважнага гмах, // І ветру матыў глухаваты, // Сцяжынкі затоены шлях // Да роднай бацькоўскае хаты…».

Якая ж песня без баяна?..

«У перыяд, калі прыйшоў час выйсці на пенсію, я марыла навярстаць тое, на што не хапала часу: навучыцца іграць на баяне, далучыцца да паэзіі і прысвяціць паэтычныя радкі сваёй Радзіме, больш увагі накіраваць на папулярызацыю і заваханне традыцыйнай абрадавасці беларусаў з яе шматлікімі сямейна-бытавымі, а таксама каляндарна-абрадавымі святамі, – гаворыць наша шаноўная суразмоўніца. – Мазыр­шчына незвычайна багатая на святы рэгіянальныя і мясцовыя. Калі, напрыклад, у Прудку святкавалі Міколу вешняга (22 мая), то ў Барыскавічах, Мерабелі, Загорынах – Тройцу, пры гэтым праводзілі цэлы траецкі абрадавы комплекс, які складаўся з упрыгожвання дамоў, двароў, царквы і вуліц зелянінай, «завівання» бярозкі. Маладыя дзяўчыны хадзілі ў лес і закручвалі на бярозе галінкі ў выглядзе вянка, упрыгожваючы іх стужкамі.

Усе святы, абрады суправаджаліся песнямі, танцамі, музыкай, прыказкамі і прымаўкамі. А якая ж песня без баяна? Менавіта дзеля гэтага мне вельмі хацелася раскрыць свае музыкальныя здольнасці. Далучыцца ж да ўсяго я змагла толькі тады, калі стала актыўнай наведвальніцай аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Мазырскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэта падраз­дзяленне цэнтра з задавальненнем наведваюць пенсіянеры рознага ўзросту, па свойму таленавітыя і творчыя людзі, у якіх ёсць жаданне развівацца, наталяць сэрца дабрынёй і пазітывам, адчуваць неабходнасць людзям, грамадству, краіне.

Дарэчы, дзённае аддзяленне цэнтра «Элегантнасць» зараз наведваюць 35 чалавек, а ў склад ансамбля народнай песні «Вяртушачка», які пачынаўся з чатырох удзельнікаў, уваходзяць ужо 15 самадзейных артыстаў. Не трацім марна час, а наведваем адзінокіх лю­дзей на даму не толькі каб паспяваць, а каб дапамагчы ім ў хатніх справах. Займаемся валанцёрскай дзейнасцю, а да мерапрыемстваў, прымеркаваных да каляндарных святаў, рыхтуем праграмы і наведваем людзей пажылога ўзросту ў падраздзяленнях цэнтра ў Мялешкавічах і Слабадзе. Бескарысна дзелімся душэўнай радасцю і дабрынёй з тымі, каму гэтай цеплыні не хапае. Музыка і народныя песні падчас такіх сустрэч будзяць успаміны старых людзей, таму яны з удзячнасцю падпяваюць нам».

«Багацце – гэта не абавязкова грошы…»

«Мы знаходзімся ў соцыуме сярод такіх, як і мы людзей, дзе галоўнае не грошы, а зносіны, удзячныя словы, доб­ры настрой, што садзейнічае стабільнасці фізічнага здароўя чалавека, – зазначае Наталля Васільеўна. – Вялікі дзякуй Прэзідэнту нашай краіны і мясцовай уладзе па сацыяльнай падтрымцы насельніцтва за тое, што ёсць такія цэнтры, дзе надаецца вялікая ўвага людзям пажылога ўзросту, якія адчуваюць клопат і маюць магчымасці для рэалізацыі сваіх творчых здольнасцей, якія не застаюцца незаўважанымі».

Адзначым: некалькі гадоў назад наша суразмоўніца Наталля Васільеўна Прус увайшла ў склад Беларускай энцыклапедыі як носьбіт фальклору Мазырскага Палесся. А ў гэтыя днi па выніках міжнароднага анлайн-конкурсу тэатральных мініяцюр «Адкрыты занавес», які праводзіўся ў Кобрыне, ТЦСАН Мазырскага раёна стаў пераможцам адразу ў дзвюх намінацыях: 1 месца заняла Наталля Прус ў намінацыі «Мастацкае слова» за дэкламаванне свайго аўтарскага верша; 1 месца мазыране атрымалі таксама на міжнародным фестывалі ў намінацыі «Лепшая тэатральная пастаноўка», дзе быў прадстаўлены абрад «Прысвячэнне хлопчыка і дзяўчынкі да дарослай вопраткі»: у ролі артыстаў выступілі Галіна Барысевіч і яе ўнук Ягор, Уладзімір Сідарэнка, Юлія Куксо і яе дачка Ганна. Асобную падзяку журы адрасавала Наталлі Прус за ролю бабулі, а таксама як сцэнарысту і рэжысёру за вялікі талент і веданне фальклорнага матэрыялу. У мінулым годзе гэты ж калектыў паказаў на фестывалі абрад «Палескае вяселле» (заняў 2 месца). Акрамя гэтага, Наталля Васільеўна стала лаўрэатам абласнога конкурсу «Супербабуля». Недарэмна ж яе ўнук Ягор сур’ёзна спрабуе сваё творчае пяро. Бабулю вельмі радуе, што яе паэтычная жылка адлюстроўваецца і ў яго здольнасцях. У гэтым годзе ў секцыі «Мой творчы радок» ён стаў дыпламантам II ступені конкурсу «Купалаўскія чытанні».

І відавочна, што гэта не апошнія ўзнагароды цэнтра, пад крылом якога аб’яднала ў адзіны калектыў пенсіянераў таленавітая жанчына Наталля Прус, бо планаў тут, як і жадання працаваць, і нястрымнай энергіі зашмат. Як і самых простых рэчаў у бабулінай скрыні і народных абрадаў на Мазыршчыне, маючых глыбокі сэнс.

«Галоўны вынік нашых намаганняў – працаваць для людзей на сваёй зямлі, на якой бы ты ні быў пасадзе і якой бы ні займаўся справай. Як сказаў аднойчы наш Прэзідэнт: «Культура павінна не тлець, а гарэць!..». Такім дэвізам на працягу ўсяго свайго жыцця карыстаюся і я», – зазначае наша суразмоўніца.

А мы жадаем Наталлі Прус – карэннай паляшучцы, дачцэ франтавіка – моцнага здароўя і творчых поспехаў, якія і далей будуць яе надзейным падмуркам і арыенцірам па жыцці на бязмежнай ніве захавання культурнай спадчыны i традыцый беларусаў.

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фотаздымак аўтара.

Exit mobile version