Жыцце Палесся

З надыходзячым святам Вялікадня павіншавалі пажылых людзей, якія знаходзяцца ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ТЦСАН і бальніцы сястрынскага догляду Мазырскага раёна | Абноўлена

Напярэдадні Вялікадня па ініцыятыве кіраўніцтва Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мазырскага раёна (далей – ТЦСАН) пры падтрымцы дырэкцыі, прафкама і ветэранскай арганізацыі ААТ «Мазырсоль» не засталіся без увагі людзі, якія ў сілу жыццёвых абставін апынуліся ў аддзяленні дзённага абслугоўвання ТЦСАН у вёсцы Мялешкавічы і ў Слабадской бальніцы сястрынскага догляду.

Дапамагаць трэба тым, каму загадае сэрца. А добрая справа павінна быць менавіта доб­рай, ісці з глыбіні сэрца і быць важнай асабліва для вас. Калі ж добрая справа здзяй­сняецца механічна, таму што «проста трэба», і ў ёй не будзе ўдзельнічаць сэрца, то, без­умоўна, гэта нікому не прынясе ні асалоды, ні задавальнення, асабліва падчас Вялікадня. А ў нашым выпадку якраз ёсць так, што даб­рачыннасць ідзе ад сэрца.

Як адзначыла старшыня савета ветэранскай арганізацыі ААТ «Мазырсоль» Яўгенія Падлужная, ідэю павінша­ваць людзей пажылога ўзросту, якія знаходзяцца ў аддзяленні круг­ласутачнага абслугоўвання ТЦСАН і ў Слабадской бальніцы сястрынскага догляду, са Светлым Вяліка­днем падтрымаў прафсаюзны камітэт на чале са старшынёй Віктарам Красюком, а таксама генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Дворнік, у якога асабліва паважлівае стаўленне да ветэранаў. Дзякуючы ўсім быў выдзелены аўтобус для такой паездкі, сродкі на набыццё салодкіх падарункаў і выраб велікодных кулічоў, якія з любоўю спяклі работнікі завадской кандытарскай.

А група ініцыятыўных ветэранаў-завадчан, якія далучылiся да дабрачыннай акцыі і адправілiся ў паездку, каб падзяліцца часцінкай дабрыні і цяпла з тымі, хто ў гэтым мае патрэбу, таксама атрымала задавальненне.

Яўгенія Станіславаўна падкрэсліла, што людзі шаноўнага ўзросту заслужылі, каб пра іх памяталі, клапаціліся, ставіліся з павагай да іх заслуг, бо яны ў свой час аддалі на карысць грамадства свае сілы, прафесійныя здольнасці, уносячы ўклад у развіццё регіёну, краіны.

Ну а святочная праграма, падрыхтаваная да Вяліка­дня ўдзельнікамі аддзялення элегантнага ўзросту ТЦСАН і менавіта калектывам «Вяртушачка», падаравала ўсім узнёслы настрой, душы наталіла дабрынёй і пяшчотай. I не так ужо многа патрэбна чалавеку для радасці.

Захаванне нацыянальных традыцый

Напэўна, маладое пакаленне не ведае, што верацяно як прылада працы, прызначаная для ручнога прадзення і ткац­тва, у народнай культуры ўсходніх славян аб’ядноўвалі з такімі паняццямі, як кручэнне і вастрыё. Між тым яно сімвалізавала жаночы пачатак і жаночыя заняткі. Менавіта гэтае слова легла ў аснову і назвы калектыву народнай песні «Вяртушачка» аддзялення кругласутачнага абслугоўвання ТЦСАН, мэта якога – захаванне культурных традыцый беларусаў.

Калектыў народнай песнi «Вяртушачка», ідэйным натх­няльнікам і кіраўніком якога з’яўляецца Наталля Прус, – даволі часты госць у такіх установах, дзе ў сваёй большасці знаходзяцца людзі пажылога ўзросту, жыццё якіх ад калыскі разам з матулінай калыханкай суправаджалася народнай песняй. Вось і на гэты раз святочная праграма была падрыхтавана так, каб кожны слухач згадаў сваю матулю, напоўніў душу любоўю да роднага краю і падпітаў сэр­ца дабрынёй. Тым больш што гэты калектыў чэрпае свае натхненне на ўлонне палескай прыроды, сярод беластвольных бяроз, сінявокіх крыніц… Беларуская народная песня з’яўляецца блізкай і роднай самім самадзейным артыстам, таму што гэта ўжо людзі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. І, нягледзячы на прафесійную прыналежнасць у мінулым, яны, будучы ўдзельнікамі розных мастацкіх калектываў Мазыршчыны, моц­на сябравалі з песняй, якая падтрымлівала іх і дапамагала ісці па жыцці.


Так, у калектывах «Мазыранка» і «Паляшучка» Палаца культуры «Будаўнік» і іншых на працягу доўгага часу ўдзельнічалі Таццяна Іванаўна Шаставец, Святлана Раманаўна Казлоўская, Марыя Уладзіміраўна Лягун, Таццяна Мікалаеўна Рэвуцкая, Вольга Мікалаеўна Пачкоўская, Таццяна Аляк­сееўна Чубчык, а ў калектыве «Спадчына» ТЦСАН – Валянціна Аляксандраўна Ульянава, Галіна Аляксандраўна Барысевіч, Марыя Аляк­сееўна Тарун, Вольга Рыгораўна Флерка, Алена Фядосаўна Жыліна; стваральніцай і ўдзельніцай калектыва «Валошкі» Прудкоўскага СДК была Наталля Васільеўна Прус; Людміла Рыгораўна Ермоліна – кіраўнік клуба «Элегія», паэтэса, раней спявала ў хоры ветэранаў ГДК.

І таму ўдзячныя слухачы ў Мялешкавічах і Слабадзе сустракалі сваіх ужо знаёмых артыстаў шчырымі апладысментамі, пачынаючы ад прывітальнай песні, а потым слухаючы мелодыі пра хлеб, каліну, каханне, вёску і родную зямлю. У кожнага падчас выканання песень ажывалі свае ўспаміны, дарагія сэрцу да драбніц, таму на вачах выступалi няпрошаныя слёзы. Слухаючы песні пра каханне, здавалася, што маршчынкі на тварах мужчын і жанчын нібы разгладжваліся, а вусны кранала ўсмешка, бо ўспаміны вярталі іх у тую цудоўную пару, калі яны былі маладымі, кахалі, ла­дзілі свае сем’і, нараджалі і расцілі дзяцей, адчувалі сябе шчаслівымі, як сцвярджалі і радкі вось гэтай песні: «Край мой любы, на свеце адзi­ны, / Голас мой, як крынiчка, звiнiць. / Не знайсцi мне за морам Айчыны – / Толькi разам з табою мне жыць!»…

 

 

Фотарэпартаж Наталлі КАНОПЛІЧ.

Exit mobile version