Жыцце Палесся

«Харошкі» запрашаюць мазыран на спектакль пра трагічны лёс жанчыны падчас вайны

6 мая Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» запрашае вас гледачоў у Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа, каб паглядзець яркі, прыгожы, эмацыйна багаты, надзвычай кранальны харэаграфічны спектакль «Ад смутку да вяселля».


У спектаклі гучыць тэма складанага, трагічнага лёсу жанчыны падчас вайны. Праграма напоўнена шчымлівымі, пранікнёнымі лірыка-драматычнымі нумарамі… Але будзе на сцэне і сапраўднае свята, сімвал адраджэння і светлай надзеі, – выдатная харэаграфічная сюіта «Беларускае вяселле», якую складаюць гулліва-жартоўныя танцы-сцэнкі. Артысты выконваюць іх з запалам, радасным натхненнем, яркімі эмоцыямі і пачуццямі.

Канцэрт пройдзе пад жывую музыку ў суправаджэнні вакальна-аркестровай групы ансамбля «Харошкі».

Тэатралізаваная праграма «Ад смутку да вяселля» будзе прымеркавана да Дня Перамогі. Сардэчна запрашаем адзначыць свята разам з ансамблем «Харошкі», атрымаць асалоду ад выбітнай харэаграфіі, прасякнутай любоўю да нашай роднай зямлі і яе традыцый!

Да сустрэчы 6 мая ў драматычным тэатры імя Івана Мележа (г. Мазыр, вул. Ленінская, 23). Пачатак а 16-й гадзіне.

Exit mobile version