Мазыране, вас чакаюць «Аўцюкі»! Расказваем, што ў праграме фестывалю гумару

191

28–29 ліпеня ў аграгарадку Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага района адбудзецца юбілейны, ХІ Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі».


Фестываль ладзяць Міністэрства культуры, Гомельскі аблвыканкам, Калінкавіцкі райвыканкам.

Сёлетні фестываль зноў збярэ лепшых гумарыстаў з усёй Беларусі. 28 ліпеня прыязджаюць дэлегацыі з абласцей, якія пакажуць свае гумарыстычнае майстэрства ў населеных пунктах Калінкавіцкага раёна.
29 ліпеня ў 11.30 у аграсядзібе-музеі народнага гумара «Аўцюкі» адбудзецца прэс-канферэнцыя з удзелам творчых дэлегацый, гасцей фестывалю і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Фестываль пачнецца ў 12.00 на адкрытай пляцоўцы аграгарадка Малыя Аўцюкі з урачыстага адкрыцця памятнага знака «Аўцюкоўская кветка». Далей у 13.00 тут жа, у Малых Аўцюках, усіх запросяць на галоўную сцэну на афіцыяльнае адкрыцце фестывалю з шэсцем-парадам і прывітаннем дэлегацый. Вас чакаюць канцэртныя і конкурсныя праграмы творчых калектываў, не прапусціце вуліцу тэматычных падворкаў, выставы аўцюкоўскіх бульбулятараў і дрындулетаў, дзіцячую пляцоўку «Аўцючаняты» і многае іншае. Цвіком праграмы стануць «Малыя аўцюкоўскія гульні».

Увечары журы ўзнагародзіць пераможцаў фестывалю, адбудзецца канцэртная праграмма з ўдзелам Заслужанага калектыву Республікі Беларусь «Песняры», танцавальна-забаўляльная праграма «КаверХорШоу». Фестывальнае неба расквеціць святочны феерверк.

Будзе весела і акрылена. Пропуск на фестываль – праз аўцюкоўскую мытню. Там запатрабуюць арыгінальны жарт, не забудзьце прыхапіць яго на свята гумару.

Падрыхтавала Вольга АРДАШАВА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: