Наша шаноўная зямлячка Кацярына Закрэўская ўпэўнена: «Трэба жыць так, каб твайму роду не было пераводу!»

102

Прадстаўляем суразмоўніцу Кацярына Закрэўская нарадзілася ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Яна прадстаўніца роду аднаго з першых пасяленцаў вёскі Белая, што на Мазыршчыне.

Генеалагічнае дрэва

Няхай табе ўжо і пад 90, але ж памяць зноў і зноў будзе вяртаць цябе да тых значных момантаў, якія называюцца простымі словамі – лёс чалавека. Менавіта пра тое, што захавалася ў патаемных закутках душы, мы вядзем гутарку з Кацярынай Закрэўскай.

– Я вельмі беражліва стаўлюся да захавання гісторыі сваёй сям’і, якая перайшла мне ў спадчыну ад родных, – гаворыць Кацярына Аляксандраўна ў пачатку размовы. – Калі ж не захоўваць звесткі аб сваіх продках, то пра іх нічога не будуць ведаць унукі і праўнукі. Лічу, што кожнаму патрэбна ведаць гісторыю сваёй сям’і, якая падобна на асабістую схему сувязяў паміж блізкімі людзьмі, што зроблена ў выглядзе моц­нага «дрэва»: унізе каля каранёў размешчаны родапачынальнік, на ствале і галінках – сваякі асноўных ліній роду, а «лісце» – гэта іх нашчадкі. Дык вось, свае карані на Мазыршчыне калісьці пусціў мой дзядуля Лазар Крупейчанка, ураджэнец вёскі Крупейкі, што на Лоеўшчыне. Там людзі ад нараджэння цягнуліся да ракі, а ён захацеў змяніць месца жыхарства, каб займацца земляробствам. На скопленыя дзеля гэтай мэты грошы напрыканцы XVIII–пачатку XIX стагоддзя ў Скрыгалаўскага памешчыка прыдбаў ва ўласнасць два гектары зямлі. Маючы чацвёра дзяцей, марыў каб у сыноў Аляксандра і Івана былі свае хаты, а дочкі Арына і Аксіня, калі прыйшоў бы час замужжа, не засталіся без пасагу. Прыдбаную зямлю прыйшлося доўга распрацоўваць ад пнёў, каб яна стала ворыўнай і ўра­джайнай. Нарэшце, дзякуючы ўсім намаганням, Лазар Маркавіч змог выдзеліць добрыя палосы дзяцям, каб яны жылі і адчувалі сябе гаспадарамі. На кожным надзеле дружнай талакой пабудавалі дамы, разбілі сады больш як па 50 дрэў на кожным, дапамаглі абзавесціся гаспадаркай… Такім чынам вёска Белая стала найлепшым месцам жыхарства для роду Лазара Крупейчанкі і яго нашчадкаў.

Выпрабаванні вайной

Добры падмурак для будучыні быў закладзены сынамі Лазара Маркавіча з яго падтрымкай на Мазыршчыне. Кожны гэта цаніў і імкнуўся да развіцця.

– У майго бацькі Аляксандра Лазаравіча было шасцёра дзяцей: трое сыноў і тры дачкі, – расказвае наша суразмоўніца. – Перад вайной мне споўнілася 5 гадоў. Бацька быў камісаваны па здароўю, а вось браты Максім і Міхась былі мабілізаваны на фронт. Сваіх мужоў на барацьбу з ворагам адправілі і старэйшыя сёстры. Малодшага брата Васіля (было 13 гадоў) напаткаў лёс малога вязня на нямеччыне. Мне з матуляй Ганнай Сцяпанаўнай, якая знайшла прытулак у лесе разам з аднавяскоўцамі, пашанцавала выжыць, каб працягваць свой род…

На жаль, не ўсім выпаў шчаслівы білет у мірнае жыццё. На сына Максіма сям’я Крупейчанка атрымала пахаронку, як і больш за сорак аднавяскоўцаў. Смерць ад рук карнікаў спасцігла і больш за 20 сяльчан, на якіх указала здрадніцкая рука старасты-паліцая. Аб гэтым сёння нагадвае абеліск, устаноўлены ў цэнтры вёскі Белая.

Міхась Крупейчанка вярнуўся дамоў жывым з узнагародамі і са шматлікімі раненнямі. Дзякуючы сваёй адукацыі доўгі час працаваў дырэктарам школы ў Лельчыцах. Васіль пасля вызвалення з няволі вывучыўся на трактарыста і амаль паўвеку працаваў механізатарам у родным калгасе. Мусіць, за пакуты ў маленстве Гасподзь падараваў яму даўгалецце (зараз яму 97 гадоў). Гледзячы на брата Міхася, Кацярына марыла аб прафесіі настаўніка: у 1956 годзе скончыла Мазырскае педагагічнае вучылішча. Працоўную біяграфію распачынала ў вёсцы Свяцілавічы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Мая сям’я – маё багацце

Жыццё, як і час, не стаяла на месцы. Маладая настаўніца Кацярына Крупейчанка на адной з канферэнцый сустрэла свайго будучага мужа Вадзіма Мікалаевіча, выйшла замуж і пераехала ў Рэчыцу. Тут, у горадзе на Дняпры, прайшла значная частка жыцця сям’і Закрэўскіх. Тут нарадзіліся іх дзеці: сын Аляксандр, дочкі Таццяна і Ларыса.

– Муж быў настаўнікам фізкультуры, а я працавала настаўніцай пачатковых класаў і выхальнiкам у школе-інтэрнаце. Праз некаторы час атрымала яшчэ і спецыяльнасць дэфектолага, – расказвае Кацярына Аляксандраўна. – Вось толькі акрамя прафесійных ведаў, тут яшчэ патрабавалася сардэчнасць, узаемаразуменне. Выхаванцам гэтай установы адукацыі не хапала чуласці і цеплыні, якія яны маглі атрымаць ад бацькоў. Менавіта ўсё гэта я імкнулася перадаць чужым дзецям-сіротам на такім узроўні, як і сваім родным…

Педагагічнай дзейнасці ўвогуле Кацярына Закрэўская прысвяціла каля 40 гадоў. За добрасумленную працу мела шмат падзяк і ўзнагарод. Але ж самай найлепшай, па яе словах, былі словы ўдзячнасці ад былых вучняў, якія, ужо будучы дарослымі, часцяком заглядвалі ў інтэрнат, каб пабачыцца і абняць яе.

За гэты час Кацярына Закрэўская дапамагла атрымаць пуцёўку ў жыццё сотням выпускнікоў, якія сталі сапраўднымі майстрамі і прафесіяналамі сваёй справы ў розных сферах і галінах дзейнасці, што яе вельмі радавала і натхняла на працу, якая, як і зярняты, што пры добрым доглядзе, давалі плённы ўра­джай.

Між тым падрасталі і свае дзеці, марылі аб будучых прафесіях. І неўзабаве ўсе атрымалі вышэйшую адукацыю. Сын Аляксандр спачатку скончыў музычнае вучылішча імя Сакалоўскага, потым Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, працаваў выкладчыкам у Мазырскім музвучылішчы, стаў аснавальнікам і рэгентам царкоўнага хору ў Свята-Міхайлаўскім саборы. Свае прафесіі атрымалi і дочкі: Таццяна стала ветэрынарам, а Ларыса – вядомай мастачкай.

На жыццёвых перакрыжаваннях

Калі яшчэ была жывой маці, то Кацярына Аляксандраўна амаль усе выхадныя ездзіла ў вёску, каб дапамагчы ёй па гаспадарцы. А калі маці не стала, то Закрэўскія вырашылі пераехаць у Белую назаўсёды. На гэтым настаялі і дзеці, асабліва сын Аляксандр, які не раз паўтараў:

«Не прадавайце хату бацькоў! Калі яна выстаяла ў ваеннай буры-віхуры, то будзе і далей збіраць нас пад родным дахам, які будавалі калісьці наш дзед і прадзед».

– Родныя мясціны, дзе прайшло дзяцінства, заўсёды прыцягвалі хараством, а такой вады, як з бялёўскіх раднікоў, я не піла больш нідзе, – гаворыць Кацярына Аляксандраўна. – І зямля тут асаблівая, ураджайная. Штогод садавіны хапае на ўсіх, як i марыў калiсьцi дзед Лазар. Людзей тут адрознiваюць асабістыя якасці: дабрыня, сардэчнасць, шчырыя адносіны. Вельмі радуе, што вялікую ўвагу ў Бельскай базавай школе педагогі надаюць выхаванню падрастаючых пакаленняў на лепшых прыкладах захавання гісторыі, пачынаючы ад даваеннага і пасляваеннага перыядаў, на гераічных і працоўных дасягненнях землякоў, вучаць цаніць дабро і праслаўляюць працу хлебаробаў. Напрыклад, Скрыгалаўская школа носіць імя знакамітага земляка генерала-палкоўніка Мікалая Шлягі, дзе атрымалі адукацыю ўраджэнцы ўсіх навакольных вёсак. Вельмі прыемна, што пры мясцовай бібліятэцы створана літаб’яднанне «Вытокі», дзе надаецца ўвага краязнаўчай рабоце. Бываючы на пасяджэннях аб’яднання, якія ладзяць Наталля Пабокава і Юлія Капачова, заўсёды атрымліваю асалоду ад таго, што працаўнікі культуры накіроўваюць свае намаганні на тое, каб сабраць і захаваць нацыянальныя каштоўнасці для нашчадкаў.

Трэба, каб кожны з нас даражыў сваёй малой радзімай, ганарыўся ёю і ўносiў свой уклад на ўсеагульную карысць.

Трэба не забываць пра адметнасці краю, захоўваючы яго прыродную прыгажосць. Менавіта на гэта шмат увагі накіроўваюць старшыня Скрыгалаўскага сельсавета Людміла Мертын, а таксама дырэктар школы Вячаслаў Фалінскі разам з педкалектывам.

Кацярына Закрэўская лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што працягвае мацаваць родны падмурак на Мазыршчыне. Кожны год у вёску Белая да яе спяшаюцца ў госці дзеці, шасцёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў (абавязкова будзе яшчэ і працяг!). Ганарыцца, што ўнукі ўжо апраўдалі яе надзею. Сярод іх ёсць два трэнеры (па веласпорту і плаванню), педагог-псіхолаг і адвакат. А гэта значыць, што не будзе пераводу яе роду!

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва рэспандэнта.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: