У Мазыры ўстанавілі білборды з выявай славутых землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны

151

За годы Вялiкай Айчыннай вайны 2671 чалавек стаў поўным кавалерам ордэна Славы, сярод iх 73 беларусы i ўраджэнцы Беларусi, у тым лiку i два прадстаўнiкi Мазыршчыны: Фёдар Бiбiк i Карл Куркевiч.

Пракласці шлях да перамогі

Фёдар Цярэнцьевіч Бібік нарадзіўся ў 1910 годзе ў в. Лапці, цяпер в. Майская Мазырскага раёна. Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай. Фёдар працаваў столярам у калгасе, потым слесарам на нафтабазе.


Першы раз Фёдар Бібік быў прызваны ў Чырвоную армію Мазырскім РВК ужо на наступны дзень пасля пачатку вайны – 23 чэрвеня 1941 года. Аднак у верасні 1941 года апынуўся ў акружэнні, у раёне Чарнігава, з якога здолеў вярнуцца на радзіму, у в. Лапці, дзе яго чакала жонка Ганна Мацвееўна. У другі раз Ф. Бібік быў прызваны ў войска Мазырскім ГВК 17 студзеня 1944 года і 12 лютага 1944 года, быў накіраваны на Беларускі фронт у 215-ы стралковы полк.

Наш зямляк мужна змагаўся з ворагам. Пра гэта сведчаць факты яго баявой дзейнасці, што прыводзяцца ва ўзнагародным лісце на атрыманне ордэна Славы ІІІ ступені: «Выконваючы адказнае заданне па разведванні мінных палёў і абаронных усталяванняў праціўніка і суправаджаючы праз іх групу разведчыкаў, тав. Бібік праявіў гераізм і мужнасць. У ноч на 5.07.1944 тав. Бібік умела зрабіў праходы праз мінныя палі праціўніка, і штурмавая група, у складзе якой знаходзіўся тав. Бібік, нечакана атакавала праціўніка, фарсіраваўшы р. Турыю. Абарона немцаў была сарваная. У ноч на 8.07.1944 тав. Бібік, дзейнічаючы разам з аўтаматчыкамі і разведчыкамі, пад моцным агнём праціўніка зрабіў праходы ў драцяных загародах і разам з наступаючымі таварышамі ўварваўся ў траншэі ворага».

Ф. Ц. Бібік вызначыўся ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Польшчы і Германіі. «У баях за пашырэнне плацдарма на левым беразе р. Віслы тав. Бібік праявіў асабістую смеласць і баявое ўменне. 26 красавіка 1944 года ў раёне в. Гурна пад моцным агнём праціўніка зрабіў праход у драцяных загародах праціўніка, чым забяспечыў паспяховыя дзеянні нашых разведчыкаў. Тав. Бібік пад моцным агнём праціўніка прыняў удзел у мініраванні пярэдняга краю і неаднара­зова рабіў праходы ў мінных палях праціўніка». За гэты подзвіг гвардыі чырвонаармеец Ф. Ц. Бібік быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ ступені.

Праціўнік паміж Віслай і Одэрам меў сем абарончых рубяжоў. Найбольш грунтоўна быў умацаваны першы – Вісленскі абарончы рубеж, які складаўся з чатырох палос. Асабліва была ўмацавана першая (галоўная) паласа, якая была абсталявана траншэямі поўнага профілю, подступы да якіх прыкрываліся драцянымі загародамі ў некалькі радоў і суцэльнымі міннымі палямі глыбінёй 50–100 м. Падчас узяцця Вісленскага рубяжа вызначыўся і Фёдар Бібік. Ён 14 студзеня 1945 года, у час прарыву абароны праціўніка на левым беразе Віслы, пад варожым агнём зрабіў праход у драцяной загародзе і абясшкодзіў 140 мін, у тым ліку 90 проціпяхотных і 50 процітанкавых, тым самым спрыяў наступ­ленню стралковых падраз­дзяленняў. Падчас наступных баёў, 24 красавіка 1945 года, Ф. Бібік быў цяжка паранены і памёр ад ран у шпіталі 2 мая 1945 года.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 года за мужнасць, адвагу і гераізм, што былі праяўлены ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, сапёр сапёрнага ўзвода 215-га гвардзейскага стралковага палка яфрэйтар Фёдар Цярэнцьевіч Бібік быў узнагароджаны ордэнам Славы І ступені пасмяротна.

Спачатку (у 1945–1968 гадах) Ф. Бібік быў пахаваны на могілках Хайнэрсдорфа (Германія, Зямля Брандэнбург, акруга Франкфурт-на-Одэры). У сувязі з правя­дзеннем прамысловага будаўніцтва прах Ф. Бібіка быў перапахаваны ў брацкай магіле на нямецкіх могілках у горадзе Шведт (раён Шведт, Зямля Брандэнбург).

«Белпошта» ў 2010 годзе, у гонар 65-й гадавіны Перамогі, выпусціла канверт з партрэтам поўнага кавалера ордэна Славы Фёдара Цярэнцьевіча Бібіка, які быў прысвечаны яго стогадоваму юбілею.

Адважнага куля баіцца

Карл Станіслававіч Куркевіч нарадзіўся 17 кастрычніка 1926 года ў горадзе Мазыры ў сям’і служачага.


Яго бацька быў актыўным удзельнікам станаўлення Савецкай улады, камуністам. Свайго малодшага сына Станіслаў Іванавіч назваў у гонар Карла Маркса – вядомага нямецкага філосафа, эканаміста, сацыёлага і гісторыка, які лічыцца заснавальнікам ідэалогіі марксізму. У 1930-я гады сям’я пераехала ў мястэчка Любань, куды Станіслаў Іванавіч Куркевіч быў пераведзены па службе, дзе быў прызначаны дырэктарам Любанскай МТС. У ліпені 1937 года Станіслаў Куркевіч быў арыштаваны, праходзіў па так званай справе «Польскай вайсковай арганізацыі» і быў прыгавораны да вышэйшай ступені пакарання – расстрэлу (рэабілітаваны ў 1959 годзе).

Аднак, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сыны Станіслава, нягледзячы на цяжкі лёс сям’і, прынялі актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам.

Летам 1941 года Карл скончыў сем класаў, яго старэйшы брат Баляслаў – дзевяць. Калі Любаншчына была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі, браты ўвайшлі ў склад падпольнай камсамольска-маладзёжнай арганізацыі. Падпольшчыкі збіралі зброю і боепрыпасы, што засталіся на палях баёў. Ужо ў першыя дні пасля захопу Любані ворагам члены арганізацыі здзейснілі дыверсію – закідалі гранатамі машыну з нямецкімі салдатамі. Падпольшчыкі займаліся разведкай, распаўсюджвалі лістоўкі, падтрымлівалі сувязь з партызанамі, бралі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні 7 лістапада 1941 года партызанскай аперацыі па разгроме варожага гарнізона ў Любані. У 1942 годзе немцы выйшлі на след падпольнай арганізацыі, шэраг яе ўдзельнікаў быў арыштаваны. Сярод іх быў і дваццацігадовы Баляслаў Куркевіч, адзін з кіраўнікоў арганізацыі. Ён быў забіты фашыстамі 23 ліпеня 1942 года.

Карл разам з маці Кацярынай Іосіфаўнай пайшлі ў партызанскі атрад імя Героя Савецкага Саюза М. Громава. Шаснаццацігадовы Карл хадзіў у разведку, удзельнічаў у засадах, баях па разгроме варожых гарнізонаў, прымаў удзел у «рэйкавай вайне». А з 30 чэрвеня 1944 года, калі партызанскія злучэнні аб’ядналіся з войскамі Чырвонай арміі, удзельнічаў у вызваленні Слуцкага раёна.

24 лістапада 1944 года Карл Куркевіч Любанскім РВК быў прызваны ў Чырвоную армію. Быў стралком-аўтаматчыкам у скла­дзе 515-га стралковага палка 134-й стралковай дывізіі 61-га стралковага корпуса 69-й арміі 1-га Беларускага фронта. Карл Станіслававіч удзельнічаў у Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях.

4 лютага 1945 года на подступах да горада Франкфурта-на-Одэры ўдзельнічаў у адбіцці дзвюх контратак праціўніка. Нягледзячы на моцны агонь ворага, вёў агонь з аўтамата і знішчыў паўтара дзясятка гітлераўцаў. Загадам камандзіра 134-й стралковай дывізіі ад 20 лютага 1945 года стралок-аўтаматчык Карл Станіслававіч Куркевіч быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

«У ноч з 25 на 26 лютага 1945 года, дзейнічаючы ў складзе групы па захопе палонных на паўднёва-заходняй ускраіне горада Франкфурта-на-Одэры, тав. Куркевіч імклівым кідком пера­адолеў нейтральную зону, уварваўся ў падвал, дзе знішчыў 2-х немцаў і пры дапамозе сваіх таварышаў узяў у палон 2-х немцаў». Палонныя паведамілі каштоўныя звесткі камандаванню. Загадам Ваеннага Савета 69-й арміі ад 9 сакавіка 1945 года чырвонаармеец К. С. Куркевіч быў узнагаро­джаны ордэнам Славы ІІ ступені.

19 красавіка 1945 года Карл Станіслававіч, адбіваючы контр­атаку праціўніка ў раёне населенага пункта Дзеберын, агнём з аўтамата знішчыў 18 варожых салдат. 20 красавіка 1945 года ў раёне вышыні 62,0 Куркевіч падняўся ў атаку, павёў за сабой таварышаў, знішчыў 13 ворагаў і двух захапіў у палон. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 года яфрэйтар Карл Станіслававіч Куркевіч быў узнагароджаны ордэнам Славы І ступені.

У жніўні 1945 года К. Куркевіч удзельнічаў у баявых дзеяннях па разгроме Квантунскай японскай арміі.

Акрамя ордэна Славы трох ступеняў, за ўдзел у вайне Карл Станіслававіч быў узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй», «За перамогу над Японіяй».

Куркевіч быў дэмабілізаваны ў званні старшыны ў 1950 годзе. Жыў у горадзе Рыга, дзе ў 1954 годзе скончыў тэхнікум лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці «Тэхнік-тэхнолаг» і да выхаду на пенсію працаваў на Рыжскім тэкстыльным камбінаце «Рыгас мануфактура». Быў добрым працаўніком, за што ўзнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

У сярэдзіне 1970-х сярод 43 поўных кавалераў ордэна Славы, прадстаўнікоў 19 нацыянальнасцей СССР, Куркевіч стаў героем дакументальнага фільма «Ішоў салдат…» (1975) і аднайменнай кнігі К. Сіманава (1976).

Памёр Карл Станіслававіч Куркевіч 19 сакавіка 2002 года.

На алеі Герояў у Любані зме­шчаны партрет Карла Куркевіча, у экспазіцыі Любанскага краязнаўчага музея ёсць яго фотаздымкі і звесткі пра яго подзвігі. Імя Карла Куркевіча ўшанавана ў галоўным храме Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, на мемарыяле «Дарога памяці».

Таццяна НІКІЦІНА.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: