Ад валейболу да каратэ: што прапануе мазыранам «Жамчужына Палесся»

137

Спецыфiку арганiзацыi навучальнага працэсу спецыялiзаванай дзiцяча-юнацкай школы алiмпiйскага рэзерву абмеркавалi з намеснiкам дырэктара Наталляй СТРЭЛЬЧАНКА «Жамчужына Палесся» ўжо больш за сорак гадоў займаецца арганізацыяй дадатковай адукацыі падрастаючага пакалення. Сёння школа прапануе навучанне па чатырох алімпійскіх відах спорту: веславанню на байдарках і каноэ, грэка-рымскай барацьбе, жаночаму валейболу і каратэ.

– Наталля Мікалаеўна, з якога ўзросту можна прыводзіць дзяцей на навучанне?

– Самы «малады» від спорту ў нас – валейбол. У групу пачатковай падрыхтоўкі дзяўчат прымаем ужо з 7–8-мі гадоў. На веславанне, каратэ і барацьбу – з 9-ці гадоў, але, калі дзеці складзеныя і рослыя, можна і з 8-мі паспрабаваць.

– Якія дакументы неабходны для залічэння?

– Па-першае, даведка аб стане здароўя. Гэта павінна быць асноўная група, не СМГ. Акрамя гэтага, патрэбны копія пасведчання аб нараджэнні і заява на ўдзел у конкурсным адборы. Згодна гэтай заяве мы ў вераснi дапускаем дзяцей да вучэбна-трэніровачнага працэсу і пасля здачы патрэбных нарматываў залічваем на навучанне, але можна прыводзіць дзетак на прагляд і на працягу навучальнага года. Калі ёсць жаданне і імкненне вучыцца – прымаем.

– Які інвентар неабходны для заняткаў па кожным відам спорту?

– На заняткі валейболам у дзяцей павінна быць зручнае адзенне: майка, шорты і спартыўны абутак – тэмпература ў спартыўных залах камфортная і большага не патрабуе. Для веславання патрэбна звычайная спартыўная форма, але на рознае надвор’е. Абавязкова павінна быць зменнае адзенне, бо заняткі праходзяць на вадзе і рызыка яе прамачыць заўсёды прысутнічае. Адмысловы ветраахоўны касцюм весляра набываецца пазней, у старэйшых групах.

На заняткі па грэка-рымскай барацьбе і каратэ напачатку таксама будзе дастаткова звычайных шортаў, майкі і красовак. Адпаведныя барцоўкі і кімано набываюцца ў працэсе навучання. Наяўнасць бутэлькі з пітной вадой на занятках вітаецца.

– Дзе праходзяць заняткі па кожнаму віду спорту?

– Калі браць валейбол, то навучанне мы традыцыйна праводзім на базе сярэдніх школ №№ 8, 9, 11, 12, 14, а таксама ў ФАЦ «Палессе-Арэна», што на вуліцы Рыжкова, і на бульвары Дружбы, 18а. Заняткі па веславанню праходзяць на базе веславання каля старога маста. Заняткі па каратэ – у спартыўным комплексе «Дынама», што па вуліцы Нафтабудаўнікоў, а таксама на базе сярэдняй школы № 8. Грэка-рымская барацьба праходзіць у СТК «Старт» на бульвары Юнацтва, на вуліцы Нафтабудаўнікоў, 22, а таксама мы ажыццяўляем набор дзяцей у г. Калінкавічы.

– Колькі гадзін заняткаў на тыдзень?

– Групе пачатковай падрыхтоўкі адводзіцца 6 акадэмічных гадзін на тыдзень. Звычайна гэта 3 заняткі па 2 гадзіны на тыдзень, альбо 6 заняткаў па гадзіне – расклад ствараем індывідуальна, з улікам нашых магчымасцяў і пажаданнямі навучэнцаў.

– Колькі цягнецца ўвесь тэрмін навучання?

– Спачатку мы вядзем групы пачатковай падрыхтоўкі першага і другога году, пасля чаго дзеці пераходзяць на вучэбна-трэніровачны этап. Тут навучэнцы ўжо пачынаюць прымаць удзел у спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню, дзе выяўляюцца іх здольнасці і агульная зацікаўленасць абраным відам спорту.

Вучэбна-трэніровачны этап цягнецца ад 3-х да 7-мі гадоў, і яго сканчэнне супадае з заканчэннем агульнаадукацыйнай школы. Хтосьці пасля гэтага прыпыняе заняткі, але, калі ёсць упэўненасць і жаданне працягваць, можна перайсці ў вучэбна-трэніровачныя клубы спецыяльнай падрыхтоўкі і на этап так званага спартыўнага ўдасканалення. У нас, напрыклад, ёсць рабяты-дзесяцікласнікі, якія зараз ужо на гэтым этапе і гуляюць ў вышэйшай лізе. Далей ідзе этап вышэйшага спартыўнага майстэрства. Гэта рабяты ад 19-ці гадоў, якія прымаюць удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах і маюць намер рэалізавацца ў абраным відзе спорту як прафесіяналы. Для іх у нас таксама ёсць умовы.

– Якая плата за навучанне?

– Падрыхтоўчае навучанне мы ажыццяўляем на бясплатнай аснове. Потым дзеці праходзяць адбор. Рабяты, якія патрапяць у асноўны склад каманды, працягваюць навучанне бясплатна. Тыя, хто не патрапіў у асноўны склад, могуць вучыцца на платнай аснове.

– Куды звяртацца зацікаўленым бацькам?

– Можна патэлефанаваць нам па нумары 24-09-04, а потым у адпаведнасці з відам спорту мы зарыентуем, куды і да каго звярнуцца.

Алена ТУРАВЕЦ,
пазаштатны аўтар.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: