Пра жыццё, якім патрэбна даражыць, пагутарылi з Васiлем Андрэевiчам Грамовiчам незадоўга да яго 95-годдзя

191

Вялікую Айчынную вайну наш суразмоўца сустрэў 13-гадовым хлапчуком. Аднак, нягледзячы на юны ўзрост, яму выпала прайсці ўсе стадыі ваеннага ліхалецця і працягваць жыццё дзеля добрых спраў, дзеля сябе, сваіх нашчадкаў, грамадства, краіны.

З любоўю да Радзімы

Напярэдадні 95-га юбілейнага дня нараджэння Васіль Андрэевіч не раз гартаў старонкі старога альбома, каб зноў і зноў паглядзець на тыя старыя, пажоўклыя ад часу фотаздымкі, якія мiльгаюць перад вачыма, адлюстроўваючы жыццё. Адзін Гасподзь ведае, якім яно было. А магло ж і наогул не мець працягу…

Вось яму ўспамінаецца палеская вёсачка Бяседкі, што ў Петрыкаўскім раёне, дзе напрыканцы кастрычніка ў 1928 годзе ён з’явіўся на свет. Пра малую радзіму, дзе бегаў басанож, засталіся цёплыя і адначасова горкія ўспаміны. Менавіта ў той час ён пачуў зусім невядомае для дзіцяці слова «раскулачванне», якое кранула і працавітую сям’ю яго дзеда, у якой сіратамі пасля той падзеі засталося 9 дзяцей. І пасля галадоўкі выжылі толькі двое…

Дзякуючы матулі, якая скончыла ў свой час царкоўна-прыходскую школу, Васіль таксама з дзяцінства імкнуўся да адукацыі. Меў асаблівыя здольнасці да матэматыкі і літаратуры (шматлікія вершы цытуе і зараз). Як і ўсе дзеці, хлапчук марыў пра будучыню, якую раптам жорстка перакрэсліла вайна…

Выпрабаванне мужнасцю

Пачатак вайны Васілю запомніўся вясковым зборам. У цэнтры вёскі Белая (сям’я Грамовічаў перад вайной тут прыдбала хату) прадстаўнікі мясцовай улады паставілі перад сельсаветам трыбуну, з якой аб’явілі аб вераломным нападзенні фашысцкай Германіі.

Бацька быў мабілізаваны на фронт. Потым стала вядома, што іх фарміраванне аказалася пад Бабруйскам у палоне. Праз некаторы час нейкім цудам яго ўдалося вызваліць, але ж падарванае здароўе не дазволіла яму жыць далей. Доўгі час жыхары вёскі Белая немцаў не бачылі. У вёсцы гаспадарылі стараста і паліцаі. Жорсткую барацьбу з ворагам вялі ў акрузе партызаны. Безумоўна, гэтае супрацьстаянне каштавала шматлікіх жыццяў: у сакавіку 1943-га немцы спалілі Казіміраўку, а потым такі ж лёс спасціг і іншыя вёскі Мазыршчыны. Вораг помсціў партызанам. Людзі вымушаны былі шукаць прытулак у лесе, які стаў надзейнай хованкай ад ворага на цэлых 9 месяцаў.

У сваю вёску бялёўцы вярнуліся толькі тады, калі войскі Чырвонай арміі пагналі ворага прэч з беларускай зямлі.

Сапёр памыляецца аднойчы

Васілю было 16 гадоў, калі прыйшла павестка з ваенкамата: у лістападзе 1944-га будучых прызыўнікоў збіралі дзеля таго, каб сфарміраваць каманду з ліку дабравольцаў па размініраванню тэрыторый раёна, пакінутых ворагам, ад бомб і снарадаў.

Юнакам, сярод якіх быў і Васіль, патрэбна было з вялікай асцярожнасцю выконваць заданне па ачышчэнню зямель Мазыршчыны, дзе вяліся жорсткія баі, ад выбухованебяспечных прадметаў. Першае заданне хлопцам, расфарміраваным па 5 чалавек, было размініраванне цагельні ў Рудні. Знойдзеныя боепрыпасы ўзрывалі ў суседнім кар’еры. Цяжка пра тое ўспамінаць, але ж Васіль Андрэевіч і зараз памятае, як страціў тады адразу двух сваіх таварышаў. Пасля Рудні іх накіравалі на поле ў 700 га, якое было шчодра «начынена» супрацьтанкавымі мінамі. Падчас небяспечнай працы тады загінуў яшчэ адзін з яго таварышаў. Невялікае раненне ад фугаснай міны атрымаў і Васіль.

Успамінаецца яму яшчэ і момант, калі падчас абясшкоджвання чарговай міны (у групе такую аперацыю выконвалі па чарзе) здавалася, што яго сэрца білася нібы тыя куранты, адлічваючыя апошнія хвіліны да канца года. Сэрца тохкала і нібы збіралася выскачыць з грудзей. Наваколле запаўняла цішыня, над галавой было бяздоннае неба і адчувалася моцнае жаданне жыць. Тады ён сам-насам застаўся з супрацьтанкавай мінай, якая магла паставіць апошнюю кропку ў яго жыцці. Дзякуй Богу, што гэтага не здарылася. Відавочна, што Гасподзь адмераў яму тады больш доўгі век і жыццёвы шлях, які патрэбна прайсці…

Ад ратнай справы – да мірнай працы

Адразу пасля вайны, нягледзячы на малады ўзрост, Васілю Андрэевічу даверылі пасаду брыгадзіра ў калгасе. І не памыліліся, бо ён, прайшоўшы выпрабаванне вайной, умеў добра працаваць.

У кастрычніку 1948 года быў прызваны на тэрміновую службу. Служыць выпала ў артылерыйскім палку паветрана-дэсантных войскаў. Васіль добра спраўляўся з патрабаваннямі камандзіраў і рос па службе: прайшоў шлях ад радавога салдата да старшага сяржанта і быў прызначаны камандзірам гарматы. Ратнай справе аддаў тры гады, і яна яшчэ больш загартавала лепшыя рысы яго характару: падчас службы ў дэсантных войсках зрабіў 36 скачкоў з парашутам. Дэмабілізаваўшыся, адчуў моцную патрэбу ў мірнай працы на карысць сваёй сям’і, грамадства і краіны, якая будавалася і аднаўлялася пасля вайны…

Старшыня сельсавета адразу запрасіў Васіля на пасаду страхавога агента. Збіраў падаткі, потым працаваў інспектарам. Дзейнасць задавальняла, але ж былому салдату хацелася сапраўднай мужчынскай справы. А калі ажаніўся, то, як і падабае гаспадару сямейства, марыў пабудаваць дом, пасадзіць сад і вырасціць дзяцей. Таму новым месцам працы стаў для Васіля Грамовіча Мазырскі лясгас. Пачынаў лесніком у Лешнянскім лясніцтве. Пасля заканчэння ляснога тэхнікума стаў працаваць майстрам лесу. Сваёй справе прысвяціў больш за 40 гадоў. А колькі за гэты перыяд бяроз і сосен пасаджана яго рукамі, нават у’явіць цяжка! Лес для Васіля быў тым асяроддзем, без якога ён не ў’яўляў сабе іншага жыцця. Прыемна, што ў вопытным лясгасе не забываюць сёння пра ветэрана працы, які ўнёс свой значны ўклад у развіццё прадпрыемства. Ні адно свята не бывае без падарункаў і віншаванняў ад кіраўніцтва лясгаса. Але ж Васіль Андрэевіч, згодна вядомаму выказванню, лічыць: «Дарагі не падарунак, дарагая ўвага». Нездарма, калі наведваецца да яго ў госці новае пакаленне лесаводаў, ён абавязкова цікавіцца справамі, поспехамі, развіццём лясгаса.

Сям’я – найвялікшае багацце

З вышыні свайго ўзросту Васіль Андрэевіч проста ўпэўнены ў тым, што сям’я – гэта самы найдаражэйшы скарб. Вельмі важна на пачатку сямейнага жыцця сустрэць сваю палавінку.

Вось ён, напрыклад, са сваёй будучай жонкай пазнаёміўся выпадкова, але ж у шчаслівым шлюбе пражыў 59 гадоў. Яго Таццяна Дарафееўна – мудрая жанчына, добрая гаспадыня, любячая жонка і маці – падарыла яму чацвёра дзяцей: двух сыноў і дзве дачкі. На жаль, яе не стала ў 2012 годзе.

Заўчасна пайшоў з жыцця і старэйшы сын Андрэй. А вось Анатоль, Алена і Валянціна радуюць бацьку сваімі сем’ямі. На сёння ў Васіля Андрэевіча шасцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. У сем’ях надзяляецца вялікая ўвага выхаванню і адукацыі. Гэта ён адчувае і ў адносінах да сябе. Ледзь толькі прыязджае моладзь у госці, то хутчэй да дзядулі спяшаецца, каб абняць, падзяліцца навінамі, пацікавіцца справамі. Вельмі радуе, калі за сталом падчас святаў збіраецца шмат радні. Цудоўна, што і да гэтых дзён ён захаваў добрую памяць, якая яшчэ дазваляе не блытаць імёны ўнукаў і праўнукаў, калі ён хоча з кім пагаманіць. У Васіля Андрэевіча ёсць моцная падстава для гонару, таму што яго ўнукі Марына, Віталь, Яўген, Таццяна, Аляксандр і Анастасія маюць вышэйшую адукацыю, працуюць у розных сферах, а таксама займаюць высокія пасады на дзяржаўнай службе. Акрамя гэтага, падаравалі яму статус прадзеда. Ведае ён імёны ўсіх праўнукаў і радуецца таму, як сцвярджае народная прымаўка, што добраму роду не будзе пераводу. Канешне, пасля смерці жонкі асноўны клопат пра бацьку прыходзіцца на дачок Алену і Валянціну, з якімі ён адчувае сябе шчаслівым. І ў гэтых словах ён ні кроплі не сумняваецца.

Напрыканцы размовы ветэран разважае пра сучасную моладзь і адрасуе ёй такія словы: «Хацеў бы пажадаць маладым людзям не забываць ідэалы мінулага. Раўняцца на моладзь майго часу. Ніхто нікому не зайздросціў, дзяліліся апошнім. Сёння ж багаты не жадае зразумець беднага. Маладыя людзі часта не чуюць старых. Ад гэтага сумна».

Васіль Андрэевіч вельмі рады гасцям і заўсёды гатовы пагаманіць пра жыццё, якім патрэбна даражыць. Для чалавека, па яго словах, не менш важна яго ўласнае здароўе, а таксама добрае самаадчуванне блізкіх людзей. А сэнс жыцця – у самім жыцці. А ўсё астатняе – мінулае. Будзем жыць!

Наталля КАНОПЛІЧ.
Фота аўтара і з архіва суразмоўцы.


Читайте МОЗЫРЬ NEWS в: