Клуб пад такой назвай, які дзейнічае пры Козенскім доме культуры, зноў адчыніў свае дзверы для ўсіх жадаючых.
Клуб аб’ядноўвае аднадумцаў, якія накіроўваюць свае намаганні на захаванне беларускай культуры, традыцый, а сустрэчы ў такім антуражы напамінаюць мінулае і дзяцінства, гады юнацтва і маладосці нашых бацькоў. Адметна, што тут сабраны шматлікія рэчы хатняга ўжытку, якімі калісьці карысталіся нашы продкі: самавары, прасы, музычныя інструменты, кросны, посцілкі, дываны, вышыванкі, якія зроблены працавітымі рукамі майстрыц.
Для захавання вясковага каларыту шмат робіць менавіта дырэктар Дома культуры Мікалай Туравец. Калі ён зайграе на баяне, а калектыў «Радуніца» пад яго кіраўніцтвам падтрымае музыку добрай песняй альбо танцам, то сэрцы наведвальнікаў клуба міжволі напаўняюцца радасцю, пазітыўным настроем, а ногі самі ідуць у скокі.
Сустрэчы ў клубе праходзяць штотыднёва і прымеркоўваюцца да святаў. Наведвальнікі абменьваюцца навінамі, знаёмяць прысутных са сваімі новымі творчымі напрацоўкамі: вершамі, песнямі, як, напрыклад, Уладзімір Гурын разам са сваім калектывам «Трыо». Так, свой новы верш «Старэнькая маці» дыкламавалі на адкрыцці гэтага сезону. Відавочна, што ён спадабаўся слухачам, таму што для ўсіх нас матуля – самы родны і дарагі чалавек, які заслугоўвае пашаны.
На працягу ўсяго вечара пад акампанемент баяна гучалі розныя народныя песні, прыпеўкі. Адметна, што сярод наведвальнікаў былі не толькі жыхары з Мазыра, а таксама госці з Калінкавічаў. Калі вы яшчэ не былі ў «Вясковай хаце», то, калі ласка, заходзьце – не пашкадуеце.
Сустрэчы праводзяцца кожную суботу: пачатак у 18.00.
Вольга АНДРУСЕВІЧ.