20 сакавiка споўнiлася б 70 гадоў з дня нараджэння Мiколы Мятліцкага — нашага земляка, беларускага паэта, перакладчыка, публiцыста, журналiста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублiкi Беларусь, жыццё якога заўчасна абарвалася 27 лiстапада 2021 года.
Прыйшоў, каб тварыць…
Мікалай Мятліцкі нарадзіўся 20 сакавіка 1954 г. у вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.
У 1971 г. скончыў Бабчынскую сярэднюю школу. У 1976-м – філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ул. І. Леніна. Працаваў у рэдакцыі раённай газеты «Ленінскі сцяг», карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», старшым рэдактарам аддзела крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1983–2002 гг.). У 2002–2014 гг. быў галоўным рэдактарам найстарэйшага Беларускага літаратурнага часопіса «Полымя».
Аўтар зборнікаў вершаў «Абеліск у жыццё», «Мой дзень зямны», «Ружа вятроў», «Горкі вырай» і іншых. Мікалай Мятліцкі – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. Яго творы неаднаразова перакладалiся на рускую, балгарскую, сербскую, таджыкскую мовы. Цэнтральнай тэмай яго творчасці стала чарнобыльская трагедыя, якая непасрэдна закранула родныя мясціны паэта. Уся яго творчасць прасякнута грамадзянскай пазіцыяй, любоўю да Радзімы. Вядомы прыклад, калі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ён вярнуўся ў сваю родную вёску Бабчын, каб увекавечыць памяць пра яе ў сваёй творчасці. Ён знаходзіўся там некалькі дзён, каб адчуць стан і боль вёскі, хоць гэта было рызыкай і выпрабаваннем для здароўя. Жыў у дамах аднавяскоўцаў, углядваўся ў наваколле… Пасля вяртання з чарнобыльскай зоны яго душэўныя перажыванні знайшлі адлюстраванне на старонках кніг.
Адчуць смак слова
Лічу, што мне вельмі пашчасціла, бо выпала з’явіцца на свет у прыгожым кутку на Хойніцкай зямлі, адкуль пачыналіся і вытокі жыцця вядомага будучага паэта Міколы Мятліцкага.
Больш таго, хаця і ў розныя часы, але ж мы вучыліся ў адной школе і пуцёўку ў жыццё атрымалі з рук адных і тых жа настаўнікаў… Падчас вучобы ў Бабчынскай сярэдняй школе імя В. П. Палескага-Станкевіча неаднаразова чула ад свайго класнага кіраўніка Эміліі Мечыславаўны Купрэйчык пра яе выпускніка – Міколу Мятліцкага. І калі яна адчувала ў кімсьці з нас творчыя здольнасці, то не прамінала сказаць: «Бярыце прыклад з Міколы, бо мала мець талент скласці вершаваны радок, важна сумець свае думкі напоўніць сэнсам…».
Відавочна таму Мікола не раз падчас успамінаў пра сваё юнацтва казаў: «Калі б не настаўнікі Бабчынскай школы, то, магчыма, я і не стаў бы сапраўдным паэтам».
Дзякуючы намаганням настаўніцы Эміліі Купрэйчык, якая выкладала рускую мову і літаратуру, будучы паэт па-сапраўднаму навучыўся пісаць, працаваць са словам. І нават, будучы студэнтам філфака, актыўна друкаваўся ў вядомых беларускіх газетах і часопісах. Хаця мне пашчасціла вучыцца ў тых жа самых настаўнікаў амаль праз 6 гадоў пасля Міколы Міхайлавіча, я адчула тую ж самую методыку, дзякуючы якой таленавітыя дзеці не імкнуліся пісаць вершы (бо паэтам трэба нарадзіцца), а вучыліся адчуваць смак слова, любіць мову, шанаваць родную літаратуру. Можа, таму ў свой час я абрала паступленне на філфак Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. А можа яшчэ таму, што хацела быць падобнай на нашу Эмілію Мечыславаўну, а яшчэ таму, каб хоць крышачку навучыцца пісаць так, як Мікола. Мусіць нешта і атрымалася, бо настаўніцкай дзейнасці я аддала каля 17 гадоў. Пачынаць педагагічную справу прыйшлося на пасадзе дырэктара сваёй роднай Мокішскай школы, нават папрацаваць побач са сваімі настаўнікамі ў Бабчынскай. А вось далейшыя планы перакрэсліў Чарнобыль…
Сэрцу майму ты да скону – Радзіма!
Жыццёвыя шляхі развялі выпускнікоў нашай школы ў розныя бакі. Мікола Міхайлавіч праз некаторы час стаў вядомым паэтам і пісьменнікам, працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».
Мой жа лёс пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі пераплёўся з Мазыром, журналісцкай дзейнасцю ў раённай газеце «Жыццё Палесся». Сяброўскія ж стасункі падтрымліваліся галоўным чынам дзякуючы тэлефонным размовам. Але ж заўсёды, калі б я ні патэлефанавала, на другім канцы провада пры ўсёй яго занятасці падымалася трубка і гучаў да болю родны голас: «Слухаю! О, Натуля, парадавала! Як ты? Як справы? Як Мазыр? Якія навіны?».
А я напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС заўсёды рыхтавала да друку цэлую старонку альбо нізку яго вершаў, прасякнутых любоўю да палескай зямлі, горыччу і болем за яе сучаснае і будучае. У кожным вершаваным радку зноў і зноў адчуваўся той самы «смак слова», які ніхто не здолее паўтарыць. Чаму? Таму што ў кожным з іх – асабісты почырк паэта і яго аўтограф… А вось стоены боль і памяць агульныя… Нам, былым выпускнікам розных пакаленняў Бабчынскай школы, і зараз напамінам служаць знявечаныя вандаламі стары і новы будынкі школы. Таму кожны год выпускнікі бяруць пропуск у запаведніку для праезду ў «зону», і ладзяць сустрэчы, каб ізноў пакланіцца сваёй роднай зямлі, на шчодрай ніве якой калісьці ўзгадавалася добрае пакаленне беларусаў дзякуючы намаганням простых вясковых настаўнікаў. Гэта ж менавіта яны далі пуцёўку ў жыццё паэтам і журналістам, мастакам і артыстам, першакласным спецыялістам і майстарам справы ў розных сферах дзейнасці народна-гаспадарчага комплексу, дзяржаўным служачым…
Аднойчы па майму запрашэнню Мікола Міхайлавіч стаў удзельнікам адной такой сустрэчы з выпускнікамі (майго, 1977 года выпуску) з нагоды 30-годдзя. Захапіўшы з сабою дзясяткі два аўтарскіх кніг, ён прыехаў на сустрэчу ў суправаджэнні свайго пляменніка Дзяніса. Як потым прызнаўся, «ехаў на Хойнікшчыну, нібы ляцеў на крылах, якія выраслі за спіной, так хацелася пабачыцца са сваімі настаўнікамі і выпускнікамі, няхай сабе і маладзейшымі па ўзросту, але ж многія былі для мяне суседзямі, аднавяскоўцамі…».
На жаль, да гэтага дня (у жніўні 2007 г.) не дажылі многія настаўнікі, як і яго шаноўная класная – Эмілія Мечыславаўна, каб паглядзець на свой шчодры ўмалот на педагагічнай ніве. А тая сустрэча ўсім удзельнікам вельмі запомнілася, бо на былым школьным двары, дзе калісьці праводзіліся святочныя лінейкі, на гэты раз праходзіла лінейка-рэквіем, якую вёў сам Мікола Мятліцкі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, дзякуючы кнігам якога пра вёску Бабчын пачулі ва ўсім свеце. На працягу цэлага «школьнага ўрока» гучалі вершы паэта, слухаючы якія мы не саромеліся слёз, бо Мікола Міхайлавіч нібы ад усіх нас прызнаваўся ў любові роднай зямлі, стаўшай усім нам трывучым падмуркам для будучага жыцця. Мы хадзілі па разбураных класных пакоях, успаміналі ўрокі, наведалі музей запаведнай зоны, а таксама пабывалі на падворку Міколавай хаты, дазволіўшы паэту асабіста прывітацца са сваёю «калыскай». Незабыўнымі засталіся для нас фотаздымкі, зробленыя каля хаты паэта, якая будзе заставацца ўсім нам помнікам як і вось гэтыя радкі, якія кожны з нас прымераў да сябе:
«Край мой забыты,
безабаронна –
Зорыш пагаслых крыніц
вачыма.
Некаму ты – ачужэлая зона,
Сэрцу майму ты да скону –
Радзіма».
Гэтыя радкі і сёння міжволі прымушаюць нашыя сэрцы біцца мацней…
Сустрэчы, наканаваныя лёсам
Неаднаразова, будучы дэлегатам на чарговых з’ездах ад Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, мне даводзілася сустракацца з Міколам Міхайлавічам у Мінску.
Зноў, як заўсёды, ён цікавіўся маёй працай, творчымі здабыткамі, задумкамі, даваў парады і нібы благаслаўляў на рэалізацыю добрых праектаў і пачынанняў. Так, у свой час ён благаславіў выхад у тысячны тыраж маёй першай кнігі публіцыстыкі «Выпрабаванне мужнасцю», прысвечанай тэме афганскай вайны. А праз 5 гадоў выйшлі з друку другая і трэцяя кнігі. Акрыленая падтрымкай паэта-земляка, гэтая тэма не пакідае мяне і зараз. Акрамя пісьменніцкай дзейнасці, журналістыка – мой асноўны хлеб, вырошчванне якога патрабуе сіл і паўсядзённых клопатаў. Але ж я імкнуся іх цесна сумяшчаць.
Аднойчы напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС, рыхтуючы для сваёй «раёнкі» праект «Нашы імянітыя землякі», паехала на сустрэчу з Міколам Міхайлавічам у Мінск. На той час ён ўжо быў на заслужаным адпачынку і шчыраваў над асабістымі і грамадскімі справамі. Прыемна, што паэт сам асабіста вітаў мяне каля станцыі метро, а потым мы пайшлі да яго дамоў, дзе адбылася наша незабыўная сустрэча. У той дзень я пазнаёмілася з яго жонкай Ірэнай Браніславаўнай – вернай сяброўкай, дарадцай, цудоўнай гаспадыняй. Пакуль мы працавалі над інтэрв’ю, на абед быў згатаваны боршч «па-бабчынскі» і слаёны пірог «па-астравецкі»: у сям’і Мятліцкіх поруч на працягу шматлікіх год жыла любоў да двух малых радзім – Хойнікшчыны і Астравеччыны. На працягу шматлікіх гадоў сумеснага жыцця яго Ірэна – любячая жонка і мудрая маці – мацавала сямейны падмурак дабрынёй і пяшчотай, дзе цудоўнымі людзьмі выраслі сын Валера і дачка Ганна. З дзецьмі Міколы Міхайлавіча мне ў той дзень не давялося сустрэцца, затое пашчасіла трымаць на руках яго ўнучку Надзейку. Было відавочна, што немаўля натхняла дзядулю на новыя творчыя праекты і накірункі, без чаго нельга жыць чалавеку. У той дзень мы гутарылі з паэтам не толькі пра чарнобыльскую трагедыю, а і пра творчую дзейнасць, пра ролю літаратуры ва ўмацаванні сяброўскіх адносін на міжнароднай арэне, пра яго перакладчыцкую дзейнасць у кітайскай паэзіі, перспектывы развіцця беларускай літаратуры, пра творчыя здабыткі…
Пра што марыў паэт? А вось пра гэта: «Каб лёс дапамог аднойчы на некалькі дзён патрапіць зноў у родную вёску, як і калісьці ў 90-х, калі працаваў над кнігамі «Палескі смутак», «Бабчын» – кнігамі спавядальнай тугі і горычы. Каб прайсці па вуліцах роднай вёскі і прыпомніць тыя часы, калі там галёкала маё маленства, зазірнуць у вокны ацалелых пустых хат і пакласці на паперу свой боль, тугу, перажыванні і любоў…», – сказаў мне тады на развітанне Мікола Мятліцкі.
На жаль, гэтыя словы засталіся нездзейсненай марай паэта. Будзем памятаць!
Наталля КАНОПЛІЧ,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі.