Абрадавыя песні, карагоды, зазыванні, птушкі з цеста – усе гэтыя атрыбуты магічнага дзеяння для таго, каб сонейка стала больш яркім і ласкавым. Зваць вясну дарослым дапамагалі выхаванцы Мазырскага дзіцячага дома і мясцовыя жыхары.
«Любое абрадавае свята – гэта традыцыі нашых продкаў, якія мы ў любым выпадку павінны, калі не выконваць, то шанаваць абавязкова, – сказала дырэктар цэнтра Галіна Астапенка. – Хай і ў вузкім фармаце, але гэтае свята мы вырашылі правесці, каб людзям падняць настрой. Усе стаміліся ад зімы, а вясна ўсё не спяшаецца прыходзіць. Таму мы яе пагукалі весела і яскрава».
Вяскоўцы былі надзвычай натхнёныя гэтым святам, а дзеці знаходзіліся пад вялікім уражаннем, бо яны былі непасрэднымі ўдзельнікамі ўсіх абрадавых дзеянняў. А яшчэ для іх работнікі цэнтра культуры арганізавалі гульні, забаўкі і сімвалічныя сувеніры на памяць аб гэтым дні.
Не абышлося і без пачастункаў. Гасцей абрадавага свята частавалі стравамі беларускай кухні: бліны ў асартыменце, дамашняя выпечка, дранікі на калодзе, дамашняе сала і абавязкова уха. Гэтае вясёлае свята прынесла масу пазітыву, сагрэла агеньчыкам усмешак і гарачым духмяным чаем усіх, хто спяваў, танчыў і праганяў прэч халодную зіму.
Больш фота ў альбомах гуртоў МАЗЫР NEWS в ВКонтакте і Одноклассниках.
Вольга ЛАСУТА.
Фота аўтара.